Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Размеркаванне на журфаку: замест «Новага Часу» ― у Паставы

«Мінскай вобласці ўжо няма, Гродзенская засталася, а таксама Брагін», ― гэта не перадзел земляў, так выпускнікі Інстытута журналістыкі гадалі, куды іх могуць адправіць па размеркаванні.
Фота: Еўрарадыё

Фота: Еўрарадыё

20 красавіка ў Інстытуце журналістыкі вырашалася, дзе выпускнікі будуць працаваць два гады. Камісію ўзначальвае міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Заявак з раёна хапае. Тут табе і газета “Авангард” з Буда-Кашалёва (з акладам у 150 рублёў), і “Прыпяцкая праўда” з Нароўлі (145 рублёў). Гэта нават меньш за афіцыйны мінімальны заробак (265 рублеў). Затое даюць інтэрнат.

“Я тры гады супрацоўнічала з газетай “Новы час”, але мяне накіравалі ў Паставы. Нават не ведаю, як там газета называецца. За мяне спрабавалі заступацца выкладчыкі. Нават не патлумачылі, чаму нельга ў газету, дзе я працавала. Сказалі, што трэба на раён”, ― абураецца Вікторыя.

Большасць выпускнікоў прыходзяць з заяўкай са свайго месца працы. У дзяржаўныя выданні адпускаюць лёгка.

“У мяне адразу спыталі, ці добра я валодаю беларускай мовай. Я даказаў, што так. Пасля прапанавалі працу ў часопісе “Бярозка”, ― кажа пра сваё размеркаванне Мікалай.

Адпускаюць і ў прыватныя арганізацыі. Алену размяркоўваюць працаваць у… ФК “Крумкачы”.

“Я буду там рабіць відэа для youtube-канала. Калі б я не прынесла заяўку, то, хутчэй за ўсё, не засталася б у Мінску, бо я з Гомельскай вобласці”, ― расказвае дзяўчына.

З прыватнымі арганізацыямі шанцуе не ўсім. Заяўкі застаюцца, а выпускнікоў ужо мала. Ксенія ўжо мае працу ў прыватным агенцтве па маркетынгу, а размеркаванне атрымлівае ў Гродна, у газету “Перспектыва”.

“Я не магу туды паехаць, бо ў мяне ўжо ёсць праца ў Мінску. Не разумею, чаму мяне туды не адпусцілі. Пяць гадоў мне казалі, каб я шукала працу. Я знайшла, а яна аказалася няправільнай. 30 сакавіка не было яшчэ гэтых заявак з раёнак, а цяпер 19”, ― разважае Ксенія.

Цяпер яна шукае магчымасць пераразмеркавацца. Як варыянт, выйсці замуж.

Брагінскае выданне “Маяк Палесся”, якое ўжо тры гады не можа займець сабе маладога спецыяліста, сёлета таксама падае заяўку. Але выпускніца, якую накіравалі туды, збіралася працаваць у “Камсамольскай праўдзе”. Не адпусцілі. А вось іншай выпускніцы ўсё ж дазволілі ісці працаваць у "Камсамолку".

Перад размеркаваннем выпускнікоў папярэдзілі, каб не прыносілі заяўкі і з партала tut.by.

Арцём Мартыновіч, euroradio.by

Каментаваць