Рэйдарскі захоп сельскай гаспадаркі

Дзеянні ўладаў па барацьбе з АЧС прама супярэчаць Закону аб ветэрынарнай службе.



Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з сустаршынёй аргкамітэта Георгіем Дзмітруком 21 жніўня наведалі вёску Кабакі Бярозаўскага раёна, дзе сяляне знаходзяцца на мяжы бунту ў сувязі са знішчэннем свіней уладамі. Па словах жыхароў вёскі, так, як паводзяць сябе ўлады, не паступалі нават фашысты.
 
 
Як адзначыў Георгій Дзмітрук, дзеянні ўладаў прама супярэчаць Закону аб ветэрынарнай службе, згодна з якім у краіне павінен быць уведзены каранцін, а знішчацца павінны толькі хворыя жывёлы. «Зараз жа ідзе знішчэнне свіней на прыватных падворках ў нейкіх «прафілактычных мэтах», пра што ў законе не гаворыцца. Пры гэтым знішчэнне свіней у Бярозаўскім раёне не закранае дзве фермы, якія належаць камбікормаваму заводу. Па словах вяскоўцаў, дырэктар завода — сваяк старшыні райвыканкама», — сказаў ён.
 
 
«Больш за тое, сялян шантажом і запалохваннем прымушаюць падпісваць бланкі, што яны не супраць таго, што іх свіней заб'юць. Інакш ім пагражаюць міліцыяй, штрафамі ў 2 мільёны рублёў. Пасля, як кажуць вяскоўцы, прыязджаюць людзі з кувалдамі і забіваюць імі свінняў», — паведаміў Георгій Дзмітрук.
 
 
«Усё гэта нагадвае рэйдарскі захоп сялянскіх гаспадарак буйнымі сельгаспрадпрыемствамі, якія распраўляюцца з канкурэнтамі. Калі такая сітуацыя будзе працягвацца, то ў людзей не застанецца іншага выбару, як толькі купляць мяса ў крамах і гіпермаркетах. Сёння вынішчаюцца свінні ў радыусе 5 км ад свінакомплексаў, заўтра скажуць — 10 км, паслязаўтра — 30», — падкрэсліў сустаршыня БХД і дадаў, што людзі не ведаюць, што рабіць з бульбай, якую пасадзілі для кармлення свіней.
 
 
Георгій Дзмітрук таксама заклікаў людзей не пагаджацца са знішчэннем свіней і тэлефанаваць у выпадку незаконных дзеянняў уладаў на тэлефон гарачай лініі Грамадскага штаба па барацьбе з АЧС + 37533 6536504.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: