Рэпрэсіі, салідарнасць і новыя формы пратэсту. Найважнейшае за 26 жніўня

Краіна, падаецца, уступіла ў кароткую фазу «пазіцыйнага супрацьстаяння». Улада займаецца тым, чым яна прывыкла займацца — рэпрэсіямі. Пратэстоўнікі шукаюць новыя формы дзейнасці. А увесь свет не проста сочыць за падзеямі, а пачынае дапамагаць беларусам: як маральна так і матэрыяльна.


Яшчэ напярэдадні выбараў мы ў сябе ў рэдакцыі атрымалі параду-інструкцыю «пачысціць» кампутары, уважліва ставіцца да бяспекі ў інтэрнэце і гэтак далей. Бо ў кожныя выбары да прадстаўнікоў незалежных СМІ прыходзяць сілавікі. Пытанне толькі ў тым, якая рэдакцыя трапіць у кола іх увагі.

Гэтым разам увага належыць «Камсамольскай праўдзе» ў Беларусі. Да іх з’явіліся супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю з пазапланавай праверкай, якая будзе доўжыцца да 6 кастрычніка. Пакуль рэдакцыя працуе ў звычайным рэжыме, але…

Да чытачоў не трапіў свежы нумар «Народнай Волі», аддрукаваны за мяжой. «Белпошта» тлумачыць гэта тым, што рэдакцыя запозна здала нумар у экспедыцыю.

Некаторым падпісчыкам таксама не дайшоў мінулы нумар «Новага Часу». Гэтая з’ява пакуль не масавая, таму мы высвятляем, што здарылася: нядбайнасць паштальёнаў, альбо нешта іншае.

Ператрус таксама прайшоў у доме экс-прэтэндэнта на прэзідэнта Валерыя Цапкалы. Сам ён з жонкай за мяжой. Прычым, цікава, што ў Следчым камітэце пра ператрус проста не ведалі! «Разбіраемся», — сказалі там журналістам.

А пасля традыцыйнага збору людзей на плошчы Незалежнасці ў Мінску ўвечары адбыліся затрыманні. Аўтазакі ехалі па ходніках, а рух транспарту перакрылі.

Чым адказвае грамадства?


Найперш, на вуліцы выйшлі работнікі БелАЗу. Яны прайшлі ад прадпрыемства да цэнтра горада. Ніякіх здарэнняў і затрыманняў падчас акцыі не было.

На 20 выбарчых акругах Мінска частка выбаршчыкаў ініцыявала адкліканне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. ініцыятыва «Сумленныя людзі» запусціла праект #ВыНасДажеНеПредставляете, які дапамагае ініцыяваць сход выбаршчыкаў па пытанні адклікання дэпутата. За суткі форму для атрымання ўзору адпаведнай заявы спампавала больш за 1500 чалавек, паведамляецца ў афіцыйным телеграм-канале ініцыятывы.

А выбаршчыкі Сеніцкай выбарчай акругі № 76 пайшлі далей. Яны ўжо сабралі патрэбную колькасць подпісаў і падалі заяву ў сельсавет на правядзенне сходу, на якім выкажуцца за ці супраць адклікання дэпутата Людмілы Падлужнай.

Каардынацыйная рада па трансферы ўлады заявіла, што ўрад, прызначаны Лукашэнкам пасля выбараў, не вельмі легітымны. Прынамсі, новы прэзідэнт не мае права прызначаць урад да інаўгурацыі, якая яшчэ не адбылася. Больш за тое, прэм’ер-міністр прызначаецца са згоды парламента. Парламент такой згоды не даваў.

У той жа час кампанія салідарнасці з Беларуссю набірае хаду. Польскі прафсаюз «Салідарнасць» сабраў мільён злотых у фонд дапамогі беларускім страйкоўцам. На ўрадавым узроўні Польшча сканцэнтруецца на дапамозе рэпрэсаваным ды іх сем’ям, спрашчэнні візавага рэжыму, асабліва для студэнтаў.


Расійскі мастак Арцём Ласкутоў 26 жніўня, як і абяцаў раней, перавёў ахвярам палітычных рэпрэсіі палову грошай ад продажу карціны «Беларусь», прысвечанай апошнім падзеям у Беларусі. Карціна «Беларусь» уяўляе сабой стылізаваны бел-чырвона-белы сцяг, выканана ў вынайдзенай самім Ласкутовым у 2019 годзе тэхніцы «дубінапісі» — з выкарыстаннем міліцэйскай дубінкі. Стварыць новы стыль яго натхніла жорсткае падаўленне пратэстаў у Маскве падчас выбараў у Маскоўскую гарадскую думу.

Канфедэрацыя працы Расіі выступіла ў падтрымку беларускіх страйкоўцаў, і заклікала працоўных Расіі, Украіны, Малдовы, Кыргызстана, Казахстана і іншых краін постсавецкай прасторы «супрацьдзейнічаць намерам уладаў Рэспублікі Беларусь замяніць страйкоўцаў работнікаў штрэйкбрэхерамі з нашых краін».

А ТАА «Газпрам трансгаз Беларусь» перастала плаціць падаткі ў беларускі бюджэт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: