Рэпрэсіі супраць медыкаў тармозяць барацьбу з каронавірусам

На гэтым тыдні беларускі Прэс-клуб арганізаваў адмысловую канферэнцыю, прысвечаную рэпрэсіям супраць беларускіх медыкаў.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Спікерам на канферэнцыі быў, між іншым, Андрэй Ткачоў, каардынатар фонда медыцынскай салідарнасці.

Я з’яўляюся каардынатарам фонда медыцынскай салідарнасці, які займаецца падтрымкай рэпрэсаваных медыкаў, якія, на жаль, становяцца ахвярамі сістэмы. Мы прапануем фінансавую падтрымку, але таксама юрыдычную дапамогу, для тых, хто апынуўся пад арыштам. На цяперашні момант, па нашай інфармацыі, магчыма іх больш, але мы ведаем пра 20 чалавек, якія знаходзяцца на сутках і больш за 15 было звольненых з працы за сваю грамадзянскую пазіцыю. Напэўна, такіх людзей больш, але да нас звярнулася пакуль такая колькасць людзей па дапамогу.

На сустрэчы была таксама Юлія Матусевіч, былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і медсястра.

Я працавала ў БДМУ вонкавым сумяшчальнікам, працавала ў лабараторыі практычнага навучання і разам з некаторымі калегамі мы запісалі відэазварот працаўнікоў універсітэта ў падтрымку нашых студэнтаў, якія аказаліся са жніўня пад адміністрацыйным арыштам. А потым так склалася, што ў рамках маёй працы я ўдзельнічала ў адным з лектаратаў, падчас якога былі адлічаны некаторыя з нашых студэнтаў за сваю пазіцыю. Я выказала сваё меркаванне па адносінах рэктарату да студэнтаў і мяне папрасілі звольніцца.

Побач з агульным фондам салідарнасці існуе фонд медыцынскай дапамогі, пра яго мэты расказаў каардынатар Андрэй Ткачоў:

Рэпрэсаваныя ўрачы могуць разлічваць перадусім на фінансавую падтрымку. Мы супрацоўнічаем з фондам BySol, які арганізуе выплату 1500 еўра медыкам, якіх звольнілі за іх грамадзянскую пазіцыю і таксама мы спрабуем дапамагаць у працаўладкаванні гэтых медыкаў, таму што медыкі — гэта даволі спецыфічная прафесія і знайсці для іх працу не заўсёды лёгка. На жаль, ёсць прыклады, калі пры спробе ўладкавацца нават у прыватнай медыцынскай установе адміністрацыя адмаўляе ім ва ўладкаванні і яны вымушаны выязджаць за мяжу. Дадаткова фонд аказвае юрыдычную падтрымку тым, хто да нас звяртаецца. Мы дапамагаем сем’ям тых медработнікаў, якія аказаліся ў складанай сітуацыі з прычыны таго, што іх арыштоўваюць. Мы кампенсуем тыя суткі, калі чалец сям’і не працуе па сваёй спецыяльнасці, мы плацім грошы, як быццам ён працаваў у гэты час.

Медыкі цяпер не толькі лечаць і ратуюць тых, хто пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў. Побач з гэтым вядзецца яшчэ іншае змаганне — з пандэміяй каронавіруса. Статыстыка ў Беларусі заклікае задумацца, ці сапраўды ўрад і Мінздароўя даносіць нам поўную і сапраўдную інфармацыю па тэме кавіда. Сваё меркаванне прывяла на канферэнцыі Юлія Матусевіч:

Справа ў тым, што афіцыйная статыстыка заніжаная і лічбы, якія мы бачым, яны заніжаныя ў 5-10 разоў. Хацелася б толькі ўдакладніць, што, нягледзячы на тое, што медыцынскія ўстановы даюць справаздачы, што ў іх дастаткова сродкаў індывідуальнай аховы, практыка паказвае зусім іншую сітуацыю. Не хапае гэтых сродкаў для медработнікаў. І, на жаль, гэтая хваля віруса цяжэйшая ў тым плане, што большая колькасць захварэлых патрабуе кіслароднай падтрымкі і апаратаў ШВЛ.

Нейкі час таму медыкі заявілі аб уласным ультыматуме да ўлады і кіраўніцтваў адміністрацыі медыцынскіх установаў. Больш за 5 тысяч медыкаў заявіла, што яны звольняцца, калі рэпрэсіі і гвалт у краіне не спыняцца. Чаго можна чакаць у рэальнасці, ці вынік ультыматуму будзе суцяшальны, і для каго? Аб гэтым выказалася Юлія Матусевіч:

Справа ў тым, што, паводле заканадаўству Рэспублікі Беларусь, медработнікі не маюць права на забастоўку. На такую забастоўку, як працаўнікі буйных прадпрыемстваў або заводаў, не могуць выйсці, бо яны павінны аказваць дапамогу ў любой надзвычайнай сітуацыі. Гэты ўльтыматум, які быў апублікаваны, заключаецца ў тым, што працаўнікі будуць звальняцца. Дадаткова яны будуць працаваць дакладна, згодна з пратаколам, з прысутнасцю сродкаў індывідуальнай абароны, з поўным выкананнем усіх працэдур. Зразумела, што не ўсе медыкі — паводле некаторых апытанак, каля 30% гатовыя звальняцца — не ўсе гатовыя адысці поўнасцю, бо яны баяцца, напрыклад, што не знойдуць іншай працы, у некаторых няма іншай прафесіі. Медычная прафесія спецыфічная, яна вузка накіраваная, немагчыма, напрыклад, стаць цырульнікам. Аднак па тых настроях, якія я бачу зараз, каля 30% гатовыя сысці, напісаць заяву аб звальненні, частка гатовая выконваць так званую італьянскую забастоўку, частка, канешне, будзе працаваць, як і зараз працуе. Да таго, ёсць яшчэ тыя, хто не можа пакінуць працу, паколькі яны высокакваліфікаваныя спецыялісты і калі яны спыняць аказваць дапамогу людзям, то пацыенты, якім яны не дапамогуць, могуць ад гэтага пацярпець.

Паўстае пытанне, ці разам з рознымі альтэрнатыўнымі структурамі, якія паўстаюць у сувязі з пратэстам, сярод розных слаёў насельніцтва, магчыма стварыць альтэрнатыўную медычную сістэму? Гэта куды больш цяжка, калі ўзяць пад увагу тое, што медычны рынак вельмі абмежаваны і недзяржаўныя структуры маюць меншы доступ да інструментаў, лекаў ці ўвогуле арганізацыі працы. Не кажучы ўжо аб магчымых рэпрэсіях, якія могуць узнікнуць у сувязі з паўстаннем такой структуры. Пра гэта расказаў Андрэй Ткачоў:

Альтэрнатыўныя структуры — гэта, напэўна, зусім гучна сказана, але частку функцый Мінздароўя ўжо выконвае Фонд медыцынскай салідарнасці, і я думаю, што хутка яго паўнамоцтвы будуць пашыраныя. Мы збіраемся купляць сродкі індывідуальнай абароны, медыцынскія інструменты і іх транспартаваць у Беларусь з-за мяжы. Да таго, мы становімся платформай абароны правоў медработнікаў, своеасаблівым прафсаюзам. Пры любых рэпрэсіях, або ціску з боку адміністрацыі, медыкі могуць звяртацца ў фонд салідарнасці і ён ім дапаможа.

Паводле polskieradio.pl

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: