Рэспубліканскі дзелавы Форум пройдзе ў Мінску 20 сакавіка

Імпрэза стане ключавой падзеяй IV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва, які ладзіцца па ўсёй краіне 18 – 24 сакавіка.

Рэспубліканскі дзелавы Форум «Развіццё прадпрымальніцтва Беларусі: стратэгія і тактыка» пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў сераду 20 сакавіка. Прадпрымальнікі, кіраўнікі, топ-менеджары, уласнікі, дырэктары, маркетолагі, інвестары, прадстаўнікі дзяржорганаў, дыпламатычнага корпуса, навуковых колаў, СМІ абмяркуюць дзелавы клімат Беларусі ў фармаце пленарнага пасяджэння і трох тэматычных круглых сталоў.

Плануецца, што на Форуме будуць прадстаўлены вынікі апытання Індэкса дзелавога аптымізму (ІДА) — аналітычнага даследавання, якое паказвае, як уладальнікі бізнесу ацэньваюць створаныя ў краіне ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, і праект Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі — дакумент, што змяшчае прапановы па паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне, які выпрацоўвае ўся бізнес-супольнасць Беларусі. Падрабязна з праграмай Форума можна пазнаёміцца на сайце Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.


Сакрэтны прыз для журналістаў

Апроч таго арганізатары IV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва абвясцілі конкурс для журналістаў на лепшае асвятленне падзей Тыдня ў сацсетках Facebook, Вконтакте, Теlеgram, Instagram, LinkedIn, YouTube, Twitter. Журналісцкія матэрыялы просяць распаўсюджваць праз хэштэг (#) або дасылаць заяўкі па e-mail: office@rce.by да 29 сакавіка. Журы будзе ацэньваць фотарэпартажы (ад 5 здымкаў), відэарэпартажы (ад 30 сек.), а таксама тэксты (ад 1000 знакаў з прабеламі) са спасылкамі на сайт РКП і (або) лендынгавы сайт Канфедэрацыі www.rceby.tilda, ці спасылкай на старонку РКП у Фэйсбуку. Ацэньвацца будзе найперш крэатыўнасць падачы інфармацыі. Пераможцаў конкурсу запросяць на сустрэчу ў Рэспубліканскую канфедэрацыю прадпрымальніцтва для атрымання сакрэтнага прыза ад У.М. Карагіна. Таксама лепшых аўтараў бясплатна запросяць 27 красавіка ў Чыжоўка-Арэну паўдзельнічаць у акцыі «Абуджэнне 3.0», якая збярэ 5000 чалавек. А яшчэ пераможцы будуць запрошаныя ў траўні на заняткі ў летняй школе выхаднога дня (адвокасі-кэмп) з удзелам эканамістаў – лідараў бізнесу: Яраславам Раманчуком, Леанідам Заікам, Уладзімірам Карагіным і інш. І ў якасці бонуса — падзяка Аргкамітэту Тыдня і кніга па сучаснай эканоміцы і бізнесу.

IV Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва ладзяць Саюз юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» сумесна з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь, Дэпартаментам па прадпрымальніцтву, Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва і рэгіянальнымі бізнес-асацыяцыямі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!