Рэжым Лукашэнкі страшнейшы за COVID-19?

У Беларусі ўжо месяц не сціхаюць пратэсты з патрабаваннем новых выбараў прэзідэнта. Пры гэтым у краіне захоўваецца няпростая сітуацыя з COVID-19. Ці паўплывалі масавыя вулічныя акцыі на рост захворвання?

Не ўсе ўдзельнікі акцый пратэсту ў Мінску носяць ахоўныя маскі

Пра тое, як акцыі пратэсту паўплывалі на захворванне каронавірусам, высвятляе DW. Прапануем вам асобныя развагі з артыкула нямецкага выдання. 

У Беларусі з 9 жніўня не спыняюцца пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Між тым, у краіне застаецца няпростая сітуацыя з каронавірусам. Падчас шматтысячных дэманстрацый толькі некаторыя з іх удзельнікаў носяць ахоўныя маскі, а выкананне патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыявання ўяўляецца наогул цяжка дасягальным.

Аляксандр Лукашэнка ўжо абвінаваціў пратэстоўцаў у тым, што іх дзеянні ўскладняюць барацьбу з COVID-19. Пры гэтым пра масавыя затрыманні і арышт дэманстрантаў (з пачатку пратэстаў былі затрыманыя каля 10 тысяч чалавек!), большасць якіх па некалькі дзён знаходзіліся ў антысанітарных умовах, улады замоўчваюць.

Масавыя затрыманні як магчымую прычыну росту захворвання ўлады не згадваюць. Між тым, вядома, што затрыманыя па некалькі дзён знаходзіліся ў антысанітарных умовах: колькасць людзей у камерах СІЗА перавышала норму ў дзясяткі разоў, былі сярод іх і людзі з пацверджаным дыягназам COVID-19.

"Улады выкарыстоўваюць тэму каронавіруса ў сваіх інтарэсах. Людзі бачаць, што сёння каронавіруса ў краіне няма, а заўтра ён раптам з'явіўся — для таго, каб не пусціць назіральнікаў на выбарчы ўчастак. Усё гэта склалася ў новы ўзровень недаверу да ўлады", — выказвае меркаванне Філіп Біканаў.

 

"У Беларусі стаіць пытанне выжывання пры цяперашнім рэжыме"

"Калі паглядзець статыстыку пратэстаў (колькі людзей было затрымана, збіта, колькім давялося звярнуцца ў медыцынскія ўстановы, колькі загінулых), сама сабой напрошваецца выснова — не такі страшны каронавірус, як цяперашні рэжым у Беларусі, — падкрэслівае лекар-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук, грамадскі актывіст Андрэй Вітушка. — Любы з нас, людзей з выяўленай грамадзянскай пазіцыяй, заўтра проста можа не вярнуцца дадому".

Андрэй Вітушка адзначае, што пратэстоўцы ў масках на дэманстрацыях ёсць, але іх няшмат. Тут, па яго словах, спрацоўвае і псіхалагічны фактар: "У масках усе прадстаўнікі сілавых структур. Але гэта не толькі з-за таго, што яны баяцца каронавіруса, а таму, што хочуць захаваць ананімнасць, таму што разумеюць: далёка не ўсе іх дзеянні знаходзяцца ў прававой плоскасці. Думаю, многія ўдзельнікі пратэстаў не адзяваюць маскі ў тым ліку і таму, што не хочуць быць падобнымі да тых, хто ім супрацьстаіць".

Андрэй Вітушка наконт уплыву акцый пратэсту на захворванне каронавірусам заўважае, што, паколькі дэманстрацыі праходзяць на адкрытым паветры, і людзі ўвесь час перамяшчаюцца, верагоднасць заразіцца тут даволі нізкая.

"Акрамя таго, вядома, што COVID-19 найбольш небяспечны для ўзроставай групы 70+. Відавочна, што на пратэсты людзі з гэтай групы масава не выходзяць. Калі паглядзець на смяротнасць (ад COVID-19) у групе да 45 гадоў, то гэта абсалютна параўнальна з сезонным грыпам", — дадаў лекар.

Андрэй Вітушка робіць выснову, што стаўленне да каронавіруса ў Беларусі абумоўлена палітычнай сітуацыяй: "Да прыкладу, у Германіі людзі задумваюцца пра эпідэмію і грамадскую бяспеку. У той жа час у Беларусі сёння проста стаіць пытанне выжывання пры цяперашнім рэжыме".

Паводле www.dw.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: