Роўна год таму памёр беларускі дысідэнт-рамантык Сяргей Ханжанкоў

Сёння ля помніка на Чыжоўскіх могілках пад разгорнутым Нінай Багінскай бел-чырвона-белым сцягам пра нябожчыка ўзгадвалі яго ўдава, а таксама сябры і паплечнікі.


У далёкім 1963 годзе  група смелых маладых людзей вырашыла кінуць выклік усёй савецкай таталітарнай сістэме: Сяргей Ханжанкоў з сябрукамі рыхтаваў падрыў вышкі, з дапамогай якой ажыццяўлялася “глушэнне” радыёперадач свабоднага свету. Меркавалася, што разам з выбухам па наваколлі разляцяцца ўлёткі, у якіх выкрываўся савецкі лад.

Былая радыёглушыльная вежа, якую планаваў падарваць Сяргей Ханжанкоў. Месціцца каля касцёла Святога Роха.

Наўрад ці гэтая дзёрзкая акцыя здолела б разбурыць СССР. Яна была хутчэй сімвалічнай. Але яскравы сполах такой пасіянарнасці напэўна ж мог пасеяць у сэрцах людзей надзею. Як бы тое не было, але геройскім планам не было наканавана збыцца. Змову раскрыў КДБ. Сяргею Ханжанкову далі 10 гадоў лагероў, якія ён адбыў з годнасцю і, па яго словах, уважаў за сапраўдную школу жыцця. Пасля вызвалення Сяргей вярнуўся ў Мінск, стаў, нягледзячы на незакончаную вышэйшую адукацыю, інжынерам і потым, ужо ў незалежнай Беларусі да канца жыцця займаўся грамадскай дзейнасцю. Рэабілітаваным уладамі так і не быў, пра што, дарэчы, ніколі не прасіў.

Алена Скам'янава і Валерыя Чарнаморцава

Як узгадвала яго жонка, падчас адбыцця пакарання ў лагеры Ханжанкоў меў характарыстыку “схільны да ўцёкаў”. Таму да яго было асаблівае, больш жорсткае стаўленне з боку адміністрацыі.
Чытайце таксама: Інтэрв'ю з "савецкім тэрарыстам" 

Сябры ўзгадвалі, што калі ў пэўныя моманты барацьбы за лепшую Беларусь жыццё здавалася невыносным, калі эмоцыі перапаўнялі і штурхалі на неабдуманыя ўчынкі, Сяргей заўсёды знаходзіў словы падтрымкі і з майстэрствам псіхолага дапамагаў вярнуць душэўны спакой і раўнавагу. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, Ханжанкоў ніколі не здаваўся, заўсёды быў прынцыповым і непрымірымым у барацьбе з хлуснёй і несправядлівасцю.

Прысутныя ўзгадвалі, што Сяргей Ханжанкоў быў надзвычай інтэлігентным, ніколі не ўжываў брыдкаслоўя і ніколі не даводзіў канфліктныя сітуацыі да бойкі, хаця і быў добра фізічна падрыхтаваны. Мэтанакіраванасць, і разам з тым тактоўнасць, людскасць, простасць — якасці, якімі, паводле прысутных, вылучаўся Сяргей.

Чытайце таксама: Сяргей Ханжанкоў прасіў, каб усе, хто яго любяць, прыйшлі з ім развітацца… 

“Мужнасць гэтага чалавека была велічэзнай. У 60-х здавалася, што камуністы будуць правіць вечна. Ён напісаў праграму для свайго антыкамуністычнага гуртка, у якім ужо тады была ідэя: “сам камунізм — гэта злачынная з’ява, якая знішчае не толькі ворагаў, але і саміх камуністаў, робячы іх нелюдзямі”. Калі Беларусь атрымала незалежнасць, ён стаў сапраўдным аўтарытэтам беларускай дэмакратыі. Меў трывалую сістэму поглядаў. Разумеў каштоўнасць плюралізму і вітаў розныя ідэі, якія спрыялі ўмацаванню вольнай Беларусі”, — адзначыў у сваё прамове Вячаслаў Сіўчык.

Зміцер Каспяровіч, Дыяна Серадзюк і Яўген Батура


Штогод, на дзень народзінаў беларускага дысідэнта Сяргея Ханжанкова Рух салідарнасці “Разам” намераны адзначаць учынак году адмысловым памятным знакам. Сёлета за ўчынак года ўшанаваны Сяргей Пальчэўскі, які падчас нядаўніх пратэстаў супраць забудову Курапатаў прыкаваў сябе кайданкамі да самазвала.


Фота Арцёма Лявы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!