Лепей бы прамаўчаў

Пра словы і маўчанне існуе безліч прымавак і крылатых выразаў. Але амаль усе яны сыходзяцца ў адным — маўчанне больш карыснае.

Фота www.lifedeeper.ru

На тыдні мы атрымалі цэлы стос розных разважанняў ад беларускага кіраўніка. Маўляў, і аўтамабіль «Тэсла» яму падараваў Ілан Маск, калі пабачыў Лукашэнку на матацыкле (Цікава, дзе Маск мог гэта пабачыць, і ці ведае ён увогуле пра свой падарунак?). І пра сына Колю, які патлумачыў, што такое «даркнэт». І яшчэ шмат чаго. Аднак выказванні Аляксандра Рыгоравіча нельга назваць бяскрыўднымі, бо ён усё ж кіраўнік дзяржавы.

Вось заявіў ён на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам у Мінску: «Мы вымушаныя былі са сваімі братамі, блізкімі людзьмі (з Украінай) цалкам закрыць мяжу наглуха, яшчэ больш, чым з Паўночнаатлантычным блокам, які для нас заўсёды, з даўніх часоў, нібыта здаваўся ворагам нумар адзін». «Ну а там, дзе зброя ў руках у звычайных людзей і асабліва... нацыяналістычна настроеных, — чакай тэрарызму», — дадаў ён.

Гэта, зразумела, выклікала рэакцыю з боку братоў-­украінцаў. Прадстаўнік Дзяржпагранслужбы Украіны Андрэй Дземчанка проста зняпраўдзіў словы кіраўніка Беларусі, заявіўшы, што, па-першае, паводле іх статыстыкі, узровень незаконнага трафіку зброі праз мяжу значна зменшыўся. За восем месяцаў 2019 года на мяжы з Беларуссю ўкраінскія памежнікі выявілі 38 адзінак зброі, і гэтая лічба, па словах Дземчанкі, «у разы меншая за аналагічны перыяд мінулага года».

Па-другое, яшчэ не вядома, што азначае слова «зброя». Тое, што спрабавалі вывезці з Украіны ў Беларусь, — гэта паляўнічая, газавая, халодная або пнеўматычная зброя. Толькі адзін (!) выпадак спробы правезці ў нашу краіну зброю тычыўся баявой прылады.

І, па-трэцяе, з тых 38 адзінак зброі, што затрымалі ўкраінскія памежнікі, 20 ехалі з Беларусі ва Украіну, і 18 — наадварот. Так што гэта ўкраінцы могуць закінуць Аляксандру Рыгоравічу «дэстабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне».

Што ж тычыцца «закрыцця мяжы» і іншага — напэўна, кіраўнік Беларусі шчыра верыць у тыя страшылкі, якія яму перад сном расказваюць рознага кшталту сілавікі. Інакш бы ён згадаў, напрыклад, справу «нацыяналістаў» з «Белага легіёна», якім так і не прад’явілі абвінавачвання ў тым жа захоўванні зброі. Дарэчы, аднаму з асноўных фігурантаў, Міраславу Лазоўскаму, у сувязі з гэтым не аддалі нібыта яго маёмасць — два аўтаматы, «знойдзеныя» следчымі ў яго машыне.

Не дайшла да свайго лагічнага завяршэння і справа па запоўненым зброяй джыпе, які, маўляў, прарваўся праз украінскую мяжу на тэрыторыю Беларусі напачатку 2017 года. Украінцы той факт адмаўлялі, а дзяржаўныя СМІ паказалі пра гэта шматлікія сюжэты. Але той джып неяк выпарыўся — з усімі затрыманымі разам з аўто і з крымінальнай справай па факце злачынства.

Праблема ў тым, што Лукашэнка шчыра верыць у тое, што ён кажа. А залежныя ад яго чыноўнікі (і сілавікі ў тым ліку) павінны «маляваць карцінкі», каб спраўдзіць яго веру. І ад гэтага кіраўнік краіны пачынае верыць у «страшылкі» яшчэ больш.

Нічога б не здарылася, каб беларускі правадыр на канферэнцыі па супрацьдзеянні тэрарызму абмінуў увагай Украіну. Ці ўвогуле на ёй не прысутнічаў і не прамаўляў. І адносіны з суседзямі былі б лепшыя, і ў лужыну б мы не селі.

І ўвогуле, не на той канферэнцыі Аляксандр Рыгоравіч павінен быў прысутнічаць. Адначасна з антытэрарыстычным мерапрыемствам у краіне адбываўся Кастрычніцкі эканамічны форум. У яго межах прайшоў прэс-сняданак даследчага цэнтру ІПМ «Рэформы на 100 мільярдаў». На ім пра перспектывы Беларусі разважаў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер.

Паводле яго меркавання, Беларусь знаходзіцца ў адным кроку ад фінансавага крызісу. Алекс Крэмер параўнаў Беларусь з сям’ёй, якая выдаткоўвае больш, чым зарабляе. «Калі сям’я траціць больш, чым зарабляе, яна праходзіць праз тры этапы. Першы — этап стагнацыі. Перспектывы росту даходаў будуць нізкімі, калі не рэструктураваць эканоміку, пра што Сусветны банк казаў яшчэ два гады таму. Наступны этап — уразлівасць да запазычанасці, якая ўтварылася. Беларусь знаходзіцца якраз на гэтым этапе. Трэцяя фаза — фінансавы крызіс», — сказаў Крэмер.

Беларусь стала ўразлівай з прычыны запазычанняў у замежнай валюце. У першую чаргу праз дзяржпрадпрыемствы, якія набралі даўгоў у валюце, каб пакрыць страты мінулых перыядаў. Акрамя таго, Беларусь брала дзяржаўныя знешнія крэдыты ў валюце.

«Траціць менш, зарабляць больш», — такую параду Сусветны банк даў беларусам. «Што тычыцца “менш траціць”, у нашых рэкамендацыях мы гаворым пра субсідаванне цеплазабеспячэння і пра падатковыя льготы, — прыводзіць прыклад Алекс Крэмер. — Кажучы пра неабходнасць “больш зара­бляць”, мы маем на ўвазе структурныя рэформы, якія вызваляць патэнцыял росту краіны».

На думку Сусветнага банка, Беларусі перш за ўсё патрэбная рэструктурызацыя сектара дзяржаўных прадпрыемстваў. Канешне, рэструктурызацыя дзяржпрадпрыемстваў прывядзе да скарачэння працоўных месцаў. Але людзі павінны мець рэальную працу і атрымліваць за яе заробак, а не дапамагаць дзяржаве ствараць бачнасць адсутнасці беспрацоўя і атрымліваць сімвалічныя грошы.

Праўда, пра «рэструктурызацыю» беларускім уладам кажуць даўно, але бачнасць «стабільнай і квітнеючай краіны для жыцця» палітычна важнейшая, чым спробы рэальна дамагчыся эканамічнага росквіту. Але да чаго гэта нас прывядзе?

Галоўнае — гэта страта часу. А час — такі рэсурс, які не вернеш. Менавіта з-за захавання «савецкай стабільнасці» былы «зборачны цэх СССР» з найлепшымі і адукаванымі кадрамі ператварыўся ў краіну з тэхналагічна адсталымі і стратнымі прадпрыемствамі. І чым даўжэй мы будзем марнаваць час, тым больш балючым для нас будзе той самы фінансавы крызіс, на парозе якога мы знаходзімся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!