РПЦ разарвала адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам

Кіраўніцтва РПЦ не прыняло рашэнняў Канстанцінопаля і вырашыла разарваць усе стасункі з Сусветным патрыярхатам Канстанцінопаля.


Сінод Рускай праваслаўнай царквы вырашыў цалкам разарваць адносіны з Сусветным патрыярхатам Канстанцінопаля, паведаміў на брыфінгу пасля заканчэння сінода ў Мінску кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Іларыён.

Гэты крок РПЦ стаў адказам на рашэнне сінода Канстанцінопальскага патрыярхату пачаць працэс прадастаўлення аўтакефаліі (незалежнасці) праваслаўнай царкве, якую ў хуткім часе плануюць стварыць на Украіне.

Нагадаем, 11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат зняў анафему (адлучэнне ад царквы) з кіраўніка Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэта і адмяніў дакумент 17 стагоддзя, па якім, як лічыць РПЦ, у яе юрысдыкцыю былі перададзеныя тэрыторыі цяперашняй Украіны.

Прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага Кірыла Аляксандр Волкаў заявіў, што, прыняўшы такія рашэнні, Канстанцінопаль "перайшоў чырвоную рысу", сённяшні сінод павінен быў даць "адэкватны і жорсткі адказ" на крокі Канстанцінопаля.

"Усе гэтыя рашэнні з пункту гледжання РПЦ з'яўляецца незаконнымі. РПЦ не пагаджаецца з гэтымі рашэннямі і не будзе іх прытрымлівацца. Раскол застаецца расколам", — заявіў у панядзелак Іларыён.

"Уступленне ў зносіны з тымі, хто схіліўся да расколу, а тым больш адлучанымі ад царквы, раўнавартаснае ўхіленню ў раскол і сурова асуджаецца канонамі святой царквы", — сказана ў заяве.

Чытайце таксама:

Канстанцінопаль адмяніў анафему кіраўніка Кіеўскага патрыярхату Філарэта

На думку РПЦ, Канстанцінопальскі патрыярхат не меў кананічных правоў для адмены прынятых раней судовых рашэнняў — у прыватнасці, наконт адлучэння Філарэта. "Просім архіпастыраў, духавенства, законнікаў і міран усёй Рускай праваслаўнай царквы ўзмацніць малітвы аб адзінаверных братах і сёстрах ва Украіне", — гаворыцца ў заяве.

Разрыў стасункаў з Канстанцінопалем азначае, што вернікі Рускай праваслаўнай царквы не змогуць прычашчацца ў храмах Канстанцінопаля, а святары і іерархі не змогуць здзяйсняць сумесныя набажэнствы.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-15 21:10:30
Гэтую навіну гадзіну таму прачытаў на фб з інфы беларускага АТН: Новости Беларуси и мира. Пакуль асабістых думак-уражанняў не маю. Але ў любым выпадку раскол у праваслаўі дрэнна. А яшчэ мяркую, што гэта рашэнне Масковіі было спрагназавана тымі, хто хацеў расколу. То бок РПЦ пакуль што ідзе ў фарватары палітыкі ворагаў рускай царквы.

Прачытайце мой артыкул АЎТАКЕФАЛІЯ.BY тут https://cont.ws/@starkou/1076963
  • фцф
  • 2018-10-16 21:55:15
Раскольнікі заўсёды жылі ў Маскве. Але бывалі і ў Піцеры.

Каментаваць