Рух «За Свабоду» пачаў збор сродкаў на правядзенне прэміі імя Васіля Быкава

Збор сродкаў для правядзення цырымоніі ўручэння прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» стартаваў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака».
Уручэнне прэміі ў 2017 годзе. Фота Элы Дзвінскай

Уручэнне прэміі ў 2017 годзе. Фота Элы Дзвінскай

У гэтым годзе ўжо 11 уручэнне прэміі запланавана на 23 чэрвеня. Ёй ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды, новага лаўрэата абірае журы з пераможцаў мінулых гадоў.

«Прэмія „За Свабоду думкі“ — гэта народнае ўганараванне выбітных беларусаў, якія на сёння не могуць атрымаць падобную падтрымку з боку дзяржавы», — адзначылі арганізатары.

Усе сабраныя талакой грошы пойдуць на арганізацыю цырымоніі ўручэння прэміі (у тым ліку на выраб статуэткі для лаўрэата), а таксама арэнду аўтобуса для ўдзельнікаў цырымоніі з Мінска.

«Уручэнне прэміі стала добрай традыцыяй, мерапрыемства збірае сотні ўдзельнікаў з розных куткой Беларусі. Гэтым разам мы прапануем кожнаму беларусу стаць яе суарганізатарам, і для гэтага збіраем грошы праз краўдфандынг», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Агулам запланавана сабраць да 5 тысячаў рублёў. Арганізатары прапануюць ахвярадаўцам рознага кшталту падарункі, удзел у імпрэзе (будзе арганізаваны праезд і харчаванне). Тыя, чый унёсак складзе больш за 1000 рублёў, могуць стаць партнёрам мерапрыемства.


Нагадаем, лаўрэатамі прэміі імя Васіля Быкава станавіліся Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Павал Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі, Алесь Белакоз, Зьміцер Вайцюшкевіч і Алесь Марачкін, Валер Мазынскі. У мінулым годзе лаўрэатам юбілейнай прэміі стаў грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч.

Падтрымаць правядзенне ўручэнні прэміі імя Васіля Быкава "За Свабоду" думкі можна тут.

pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: