Рухаемся з радасцю, нягледзячы на 80 гадоў!

Прынята лічыць, што калі чалавек дасягае ў сваім жыцці пенсійнага ўзросту, яго ўжо нічога не павінна цікавіць. Ён клапоціцца аб унуках, дзецях і не мае ніякага асабістага жыцця. 
Слуцкія жанчыны-пенсіянеркі, які кожны дзень наведваюць фізкультурна-аздараўленчы гурток «Рух у радасць» пры слуцкім сацыяльным цэнтры, прытрымліваюцца іншага погляду на радасці жыцця.

Кожны дзень, апрача выходных, яны з задавальненнем займаюцца рознымі фізічнымі практыкаваннямі ў спартыўнай залі цэнтра.

Праводзіць заняткі з аматарамі фізічных практыкаванняў былы інструктар лячэбнай фізкультуры слуцкай бальніцы Яновіч Людміла Уладзіміраўна.

Мне вельмі падабаюцца мае вучаніцы, — кажа інструктар. — Яны ўсе дасціпныя, шмат жартуюць. Самыя малодшыя ўжо размянялі шосты дзесятак, а некаторым нават споўнілася 80 гадоў. Заняткі праводзяцца бясплатна для чатырох груп у адпаведныя гадзіны з раніцы да абеду, доўжацца каля гадзіны.


Гімнастыка ў сталым узросце мае вялікае значэнне. І калі для маладых людзей устаць раніцай з ложка і адразу перайсці да паўсядзённых справаў не выклікае нейкіх цяжкасцяў, то ў сталым узросце зрабіць гэта бывае даволі складана. Падбіраю такія практыкаванні, якія б маглі падтрымліваць тонус сасудаў і суставаў. Рэзкіх рухаў мы не робім, але ёсць практыкаванні даволі сур’ёзныя.

Адаптаваць арганізм пажылых людзей да паўсядзённых нагрузак, адрэгуляваць працу сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, умацаваць апорна-рухаючы апарат і стварыць добры настрой людзям старэйшага ўзросту — галоўная задача, якую ставіць перад сабой трэнер.

Таксама Людміла Уладзіміраўна ўважліва сочыць за тым, каб нагрузка  выклікала бадзёрасць і добры настрой, а не стомленасць і такую непрыемную праяву, як сэрцабіццё. Таму падчас заняткаў яна сочыць за пульсам і ціскам, якія вымяраюцца двойчы.


Цікава было назіраць, як пажылыя жанчыны зладжана робяць нахілы і прагібы тулава ў розныя бакі, іншыя практыкаванні ў ляжачым альбо седзячым стане.

Пры гэтым відавочна, што старэйшыя жанчыны спраўляюцца з практыкаваннямі не горш, чым маладзейшыя.
Да прыкладу, случчанцы Марыі Адамаўне Раманоўскай нядаўна споўнілася 80 гадоў. На фізкультурныя заняткі ў сацыяльны цэнтр ходзіць другі год.

Спачатку  было цяжкавата рабіць практыкаванні, пачынала з невялікай нагрузкі, — гаворыць жанчына. — Пасля ўцягнулася, і зараз мне здаецца, што стала меней пакутаваць ад сваіх хвароб. Лічу, што тут сапраўды я аздараўляюся. У нашай групе 8 чалавек, усе культурныя і добразчылівыя, дзелімся рознымі навінамі. Пасля заняткаў  на працягу цэлага дня ў душы пануе добры настрой. Тут у нас шмат адзінокіх людзей, але яны вельмі актыўныя. Некаторыя наведваюць і іншыя гурткі. Я яшчэ хаджу на сустрэчы з псіхолагам і бацюшкам, — распавяла Марыя Адамаўна.


Апрача аздараўленчага гуртка «Рух у радасць» пры сацыяльным цэнтры для пажылых людзей існуе шмат іншых розных аб’яданняў: клубы па інтарэсах «Школа здароўя», «Храм душы», «У ногу з часам», клуб аматараў тэатра і кіно, кампутарны гурток, літаратурна-музычны «Залаты ўзрост», гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці, «Прыгажосць і здароўе».

Большасць наведвальнікаў — жанчыны, аднак, трапляюцца і мужчыны.


Пенсіянер Віктар Салавей, які зусім не выглядае на 70 гадоў, ахвотна распавёў пра свае спеўныя заняткі ў гуртку «Залаты ўзрост».

Я ўдзельнічаю ў народным хоры ветэранаў Дома культуры, але два разы на тыдзень наведваю літаратурна-музычны гурток. Падабаецца спяваць на сцэне, а таксама радаваць сваімі выступамі іншых людзей. Люблю спяваць старадаўнія мелодыі, у тым ліку і беларускія, якія спяваюцца без музычнага суправаджэння. Вось зараз рыхтуемся да навагодняга выступлення ў сацыяльным цэнтры, мне выпаў гонар адначасова быць Дзедам Марозам.


Прыемна, што ў наш крызісны складаны час у нашым грамадстве ёсць выспачкі дзейнасці, дзе ствараюцца ўмовы для камунікацыі і падтрымкі актыўнага ладу жыцця пажылых людзей, падвышэння іх жыццёвага патэнцыялу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць