«Русский мир» збірае ў Віцебску подпісы за аднаўленне СССР

Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» прыхільнікі «русского мира» зладзілі ў самым цэнтры гораду пікет са зборам подпісаў пад зваротам да Уладзіміра Пуціна з просьбай аднавіць Савецкі Саюз.

Пікет праходзіў пад чатырма сцягамі – Беларусі, Расіі, СССР і сцягам з георгіеўскімі палосамі, паведамляе vitebskspring.org. Жанчына, якая збірала подпісы, назвалася грамадзянкай Расейскай Федэрацыі. На яе вопратцы быў прышпілены значок руху “НОД” (“Национально-освободительное движение").

“Мы, грамадзяне былых рэспублік СССР, выступаем з патрабаваннем адмены незаконнага рашэння аб ліквідацыі СССР. Неабходна паставіць пытанне аб вяртанні да межаў 1991 году, замацаваных міжнароднай супольнасцю па выніках Другой сусветнай вайны”, – гаворыцца ў звароце на імя прэзідэнта РФ Уладзімера Пуціна.

“Мы патрабуем правесці расследаванне, што ж гэта адбылося ў 1991 годзе? Чаму нашу Айчыну так лёгка разваліў Гарбачоў і яго памагатыя? Для таго, каб усё гэта адбылося законна, павінен быў прайсці ўсенародны і ўсесаюзны рэфэрэндум. Каб кожная рэспубліка заявіла, што яна хоча выйсці са складу СССР. А гэтага не было”, – патлумачыла сэнс ініцыятывы жанчына.

Пікетоўцы не толькі збіралі подпісы, але і раздавалі мінакам бясплатную газету “Нацыянальны курс”.

“Штабы НОД з 2012 году аб'ядноўваюць самыя актыўныя часткі народу Расіі, якія ўступілі ў барацьбу за свабоду і незалежнасць Айчыны, яны з'яўляюцца адным з элементаў агульнага працэсу барацьбы за суверэнітэт, якая разгарнулася ў нашай краіне. Лідар гэтай барацьбы – прэзідэнт РФ У.У. Пуцін. Каардынатарам штабоў з'яўляецца дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ Я.А. Фёдараў”, – паведамляе газета.

На сайце выдання ў загаловак вынесеная цытата Пуціна: “Расія не можа існаваць, калі не будзе суверэнная. Некаторыя краіны могуць, Расія – не”. Трэба разумець, Беларусь, на думку НОД, адносіцца якраз да “некаторых краін”.


Адзначым, што да пікетоўцаў падыходзіў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. Ці папярэджваў ён іх аб незаконнасці правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры гораду – невядома, але міліцыя людзей са сцягамі не затрымлівала.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!