Рыэлтарам у Беларусі забароняць браць перадаплату за паслугі па найму жылля

Прычынай магчымага новаўвядзення стала прадастаўленне недакладных звестак некаторымі рыэлтарамі сваім кліентам, завышэнне цэн на арэнднае жыллё па факце здачы.

Пра гэта паведаміла кансультант упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Беларусі Таццяна Булах падчас прамой тэлефоннай лініі газеты «7 дней», якая прайшла ў прэс-цэнтры БЕЛТА, піша ej.by.

Паводле яе слоў, адпаведныя змены плануецца ўнесці ў правілы ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасці. Гэта звязана з распаўсюджанасцю парушэнняў пры аказанні рыэлтарскімі арганізацыямі паслуг па найму жылля. «Пасля заключэння дагавора на аказанне паслугі па прадастаўленні пісьмовай інфармацыі аб попыце і прапанове на аб'екты нерухомасці і яе аплаты спажывец наўзамен атрымлівае недакладную інфармацыю. Прадастаўляюцца звесткі пра аб'екты нерухомасці, якія ўжо здадзены альбо не здаваліся ў арэнду, часам іх кошт аказваецца значна вышэй за той, што быў агучаны рыэлтарскай арганізацыяй», — патлумачыла спецыяліст.

Таццяна Булах адзначыла, што ў цяперашні час міжведамасная рабочая група рыхтуе прапановы па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе дзейнасць па аказанні рыэлтарскіх паслуг. У прыватнасці, плануецца ўнесці змены ў існуючы цяпер парадак аплаты такіх паслуг і ўрэгуляваць пытанні, звязаныя з аплатай паслугі па найму жылля. Прадугледжваецца, што такая паслуга будзе аказвацца толькі ў сукупнасці з падборам варыянтаў здзелкі з аб'ектам нерухомасці.

«Гэта значыць, са спажыўцом заключаецца дагавор, затым падбіраецца жыллё, падпісваецца акт аказаных паслуг — і толькі пасля гэтага робіцца аплата. Пры гэтым папярэдняй аплаты няма», — распавяла Таццяна Булах. У сваю чаргу, эксперт Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Святлана Кудзелка падкрэсліла, што сур'ёзныя агенцтва нерухомасці ў цяперашні час працуюць толькі па прынцыпе «аплата па факце».

Акрамя таго, у дамове могуць быць прапісаны дадатковыя гарантыі для кліента. «Напрыклад, калі пасля заключэння дагавора найму і засялення грамадзяніна ў кватэру ўласнік па сваіх асабістых прычынах вырашыў выселіць кватаранта на працягу першых двух месяцаў, рыэлтарская арганізацыя абавязуецца аказаць яму бязвыплатную дапамогу ў пошуку новага жылля», — дадала спецыяліст.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!