Рыгор Кастусёў: «Улады не здатныя супрацьстаяць COVID-19»

«У той час, як «чума 21 стагоддзя» – каронавірус, ужо трэці месяц гуляе па ўсім свеце, ўлады аказаліся так і не здатнымі да супрацьдзеяння распаўсюду гэтай пагрозы», – мяркуе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Як паведаміў журналістам 10 красавіка 2020 года намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, у Беларусі, нарэшце, выдадзены дазвол прыватным і дзяржаўным кампаніям на вытворчасць 503 млн. пабытовых і медыцынскіх масак.

Ён шчыра прызнаўся журналістам, што не задаволены існуючым у краіне запасам сродкаў для абароны ад захворванняў.

Правальнасць сітуацыі па вытворчасці масак, індывідуальных сродкаў абароны для ўрачоў зразумелі, нарэшце, і на Магілёўшчыне.

Таму за вырашэнне гэтай праблемы вымушаны быў узяцца асабіста старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц.

10-га красавіка 2020 года ён разам са сваім намеснікам В.Малашка і інспектарам па Магілёўскай вобласці А.Субоціным з візітам наведалі Бабруйск, дзе на працоўнай нарадзе ў прысутнасці старшыні Бабруйскага гарвыканкама А.Студнева абмяркоўвалі пытанне работы ААТ «Славянка» па выпуску сродкаў абароны ад каронавіруса.

Як сведчыць інфармацыя з розных установаў аховы здароўя вобласці, менавіта, недахоп індывідуальных сродкаў абароны ад заражэння вірусам для медыцынскага персанала прывёў да значнага росту першасных кантактаў супрацоўнікаў бальніц з хворымі пацыентамі і, нярэдка, як вынік, – да іх захворванняў.

Да гэтай пары амаль ва ўсіх медыцынскіх установах вобласці многія супрацоўнікі, працуючыя ў інфекцыённых аддзяленнях, здзяйсняючыя прыём у паліклініках, вымушаны, нярэдка, з цяжкасцю набываць для сябе сродкі індывідуальнай абароны ад каронавіруса за свой кошт.

Сваю няздольнасць да супрацьдзеяння распаўсюду каронавіруса, да мераў па скарачэнні роста захворванняў ва ўсіх рэгіёнах, улады імкнуцца схаваць праз забарону падачы праўдзівай інфармацыі ў СМІ, праз закрыццё інфармацыі для насельніцтва аб колькасці захворванняў у раскладзе рэгіёнаў краіны, праз зняццё і забарону публікацый у СМІ каментароў спецыялістаў аб сапраўднай сітуацыі, як гэта было, напрыклад, 10 красавіка 2020 года ў Шклоўскім раёне. Тут у гэты дзень папаў пад забарону размешчаны на сайце мясцовай раённай газеты «Ударны фронт» каментар галоўнага санітарнага ўрача Шклоўскага раёна аб сапраўдным стане з захворваннем на каронавірус у Шклове.

Яшчэ сваю няздатнасць да арганізацыі працы і забяспячэння насельніцтва неабходнымі таварамі, беларускія ўлады імкнуцца закамуфляваць, рэанімуючы падыходы савецкіх часоў – праз абмежаванне рэалізацыі гэтых тавараў.

З 10-га красавіка да 1-га ліпеня 2020 года згодна пісьма Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 9-га красавіка за № 5-1-12/6361 ва ўсіх аптэках краіны ўводзяцца абмежавальныя нормы аднаразавай рэалізацыі некаторых лекавых сродкаў, а таксама на маскі медыцынскія (10 шт.), пальчаткі медыцынскія (хірургічныя) (10 шт.- 5 пар), сродкі для дэзінфекцыі.

Калі і надалей усё пойдзе падобнымі тэмпамі, то хутка, мабыць, дойдзем і да талоннай сістэмы, ды і не толькі на лекавыя сродкі.

У Беларусі надыходзяць шчаслівыя часы для тых, хто так марыць аб аднаўленні Савецкага Саюза, калі дэфіцыт, талоны, абмежаванні на продаж прадукцыі ў адны рукі былі галоўнымі атрыбутамі тых часоў.

6tv.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: