Рыгор Кастусёў: Знішчэнне беларускай дзяржавы — іх сапраўдная мэта

Старшыня ГА БНФ «Адраджэнне» выказаўся ў падтрымку «Новага Часу»: «Атакі ворагаў беларускай справы сведчаць, што нашая і вашая дзейнасць ёсць слушная і вартая».

 

Фота narodny.org


Рыгор Кастусёў, старшыня Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” і наш сталы чытач, падтрымаў “Новы Час” з нагоды “інфармацыйных атакаў і маніпулятыўных абвінавачванняў”, якія днямі прадстаўнікі “рускага міру” агучылі на адрас выдання “праз сумнеўныя сайты ў інтэрнэце”.

«Ад імя Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” я заяўляю пра рашучую нязгоду і абурэнне гэтымі хлуслівымі абвінавачваннямі ў “экстрэмізме” і “тэрарызме”, — напісаў Рыгор Кастусёў у лісце. — Безумоўна, мы адмятаем гэтыя абвінавачванні як несправядлівыя і неабгрунтаваныя. Яны насамрэч ёсць злоўжываннем паняццямі “экстрэмізм” і “тэрарызм”, а матывацыя іх аўтараў далёкая ад захавання спакою і правапарадку ў нашай краіне».

Рыгор Кастусёў адзначыў, што супадзенне па часе інфармацыйных атак супраць “Новага Часу” (а праз яго — і супраць ТБМ) ды патрабаванні ліквідаваць Партыю БНФ “прымушае канстатаваць невыпадковасць гэткай паслядоўнасці падзей”.

«Гледзячы па ўсім, мы маем справу са спланаванай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш вядомых нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.

Замоўца гэтых правакацыяў, атакуючы вашую і нашую арганізацыі, насамрэч мае на мэце пацэліць не ў “Новы Час” ці Беларускі Народны Фронт” — іх дзейнасць скіраваная супраць Беларусі як такой, самое існаванне беларускай дзяржавы для іх непрымальна: знішчэнне беларускай дзяржавы і беларускай дзяржаўнасці ёсць іх сапраўднай канчатковай мэтай. Але як старшыня БНФ я яшчэ раз заяўляю: мы не дапусцім, каб на беларускай зямлі ў іх быў шанец рэалізаваць свае цёмныя планы ды развязаць свой крывавы спектакль!»


Чытайце таксама:

Што на самай справе стаіць за прэтэнзіямі да газеты?




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!