Са cцэнай, але без турнікетаў. Што можна і нельга праносіць на святкаванне #БНР101 у Гродна

Бел-чырвона-белыя сцягі і дзіцячыя вазкі — можна, тэрмасы і «абразлівыя транспаранты» — нельга, піша «Радыё Свабода».

Адзін з арганізатараў #БНР101 Вадзім Саранчукоў распавёў “Свабодзе”, што на тэрыторыю святкавання можна праходзіць з

  • сімволікай Рэспублікі Беларусь, зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку;
  • сімволікай, датычнай тэматыкі свята (бел-чырвона-белыя-сцягі, герб «Пагоня», транспаранты на тэматыку БНР);
  • дзіцячымі вазкамі з дзецьмі;
  • напоямі ў празрыстых пластыкавых бутэльках.

 

Нельга праносіць

  • любую зброю і прадметы, якія яе нагадваюць;
  • транспаранты з абразлівымі, экстрэмісцкімі лозунгамі;
  • алкаголь, наркотыкі і іншыя рэчывы, якія адурманьваюць;
  • шкляны посуд;
  • непразрыстыя тэрмасы.

Тэрыторыю плануюць абмежаваць стужкай, а не металічнымі турнікетамі. Агульная плошча святкавання зойме каля 2,5-3 кіламетраў. Туды ўвойдуць пляцоўка са стэлай, цэнтральная алея даўжынёй каля 400 метраў, і зялёная зона паабапал алеі шырынёй каля 60 мэтраў (да трэцяга шэрагу дрэваў).

Уваходаў на тэрыторыю святкавання з металашукальнікамі запланавана прынамсі тры:

з паўночнага боку — ад вуліцы Лермантава;

з паўднёвага — ад Каложскай царквы, да якой ідзе лесвіца з набярэжнай Нёмана;

з усходняга — праз Каложскі парк, як ісці ад Вялікай Траецкай вуліцы ў старым горадзе цераз Гараднічанку.

Чакаецца, што на кожным пункце пропуску апрача міліцыянтаў будуць дзяжурыць валанцёры з боку арганізатараў.

Сцэну ўсталююць на пляцоўцы перад стэлай тварам да цэнтральнай алеі. Уздоўж цэнтральнай алеі размесцяцца каля 10 кропак харчавання і рамеснікі са сваімі вырабамі.

Калі стаяць спіной да стэлы, то па правым баку ад алеі будуць дзіцячыя пляцоўкі. Прыбіральні паставяць побач з уваходам з боку вуліцы Лермантава, каля Каложскай царквы і за сцэнай. На паркоўцы бліжэй Каложы будзе дзяжурыць хуткая дапамога.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!