«Са «справы Коржыча» Мінабароны зрабіла выснову, што трэба лепш хаваць факты»

"Міністэрства абароны перайшло ў глухую абарону і адзіная здольнасць, якую яны прадэманстравалі — адбрэхвацца", — сказаў Андрэй Паротнікаў у каметнары "Еўрарадыё" .

Мінуў год з моманту гібелі ў навучальным цэнтры ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Але ні вялікі грамадскі рэзананс, ні гучны судовы працэс па гэтай справе не прымусілі Мінабароны зрабіць неабходныя высновы і распачаць працы па знішчэнні прычын, якія прывялі да гэтай трагедыі. Такую заяву зрабіў кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

“Па-першае, яны не зразумелі, што адбылося. Яны лічаць, што нічога звышасаблівага не адбылося, на самой справе. Ну, загінуў чалавек ці забілі — дык кожны дзень людзі гінуць! У чым праблема? Маўляў, у нас па статыстыцы войска больш бяспечнае за звычайнае жыццё: у войску менш шансаў без забітым, павесіцца ці застрэліцца, чым у цывільным жыцці.

Па-другое, яны ўпэўненыя, што гэты грамадскі рэзананс — гэта ніякае не грамадства абураецца. Гэта — праполачныя правакатары. А гэта ўсё — мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі беларускага войска і асабіста міністра абароны і яго бліжэйшых падначаленых.

І былі ў Мінабароны зробленыя простыя высновы — трэба лепш хаваць усе такія факты. Я не бачу, каб былі зробленыя глыбінныя высновы, на жаль. Міністэрства абароны перайшло ў глухую абарону і адзіная здольнасць, якую яны прадэманстравалі — адбрэхвацца. Абвінавачваць усіх, хто незадаволены, хто патрабуе праўды ў тым, што яны палітычна нелаяльныя, што гэта кампанія па дыскрэдытацыі войска, што гэта ўсё праплачанае і гэтак далей. Гэта ўсё, на што яны здольныя”.


Па словах ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, беларускаму войску тэрмінова неабходныя вялікія рэформы. Калі іх не правесці, кажа эксперт, то праз некаторы час, калі жарсці вакол “справы Коржыча” суцішацца, мы зноў пачуем і пра дзедаўшчыну ў войску, і пра трагічныя выпадкі з вайскоўцамі. Але ніякіх рэформ бліжэйшым часам чакаць не даводзіцца.

“Будуць прынятыя нейкія дакументы, якія прадугледжваюць “жорсткую адказнасць”, будуць распрацаваныя новыя інструкцыі — каталог нарматыўных дакументаў папоўніцца вельмі моцна. Але неабходны механізм, які б дазволіў ажыццявіць гэтыя добрыя намеры. А іх у нас няма, гэтых механізмаў”.

Пра тое, што эксперты раяць зрабіць, якія рэформы правесці, каб трагічных здарэнняў у беларускім войску было як мага менш, у жывым эфіры разважалі кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і ваенны аналітык Аляксандр Алесін. 

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць