СААЗ: Усё больш падлеткаў маюць праблемы з псіхічным здароўем

Псіхічны стан школьнікаў у многіх краінах Еўропы пагоршыўся ў перыяд з 2014 па 2018 годы. Гэта вынікае з дакладу «Здаровыя паводзіны дзяцей школьнага ўзросту» (HBSC), апублікаванага Еўрапейскім рэгіянальным бюро СААЗ 19 траўня.


У дакладзе сабраны шырокія даныя аб фізічным здароўе, сацыяльных адносінах і псіхічным дабрабыце 227 441 школьніка ва ўзросце 11, 13 і 15 гадоў з 45 краін. Гэта вынік абследавання HBSC у краінах еўрапейскага рэгіёну і Канадзе, якое праводзіцца кожныя чатыры гады.

«Той факт, што ўсё большая колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак у Еўрапейскім рэгіёне паведамляюць аб дрэнным псіхічным здароўе – кепскім самаадчуванні, нервовасці або раздражняльнасці, — выклікае заклапочанасць ва ўсіх нас», — кажа д-р Ханс Анры П. Клюге, дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ. «Тое, як мы рэагуем на гэтую праблему, якая павялічваецца, будзе адгукацца на працягу многіх пакаленняў. Інвеставанне ў маладых людзей шляхам, напрыклад, забеспячэння ім лёгкага доступу да паслуг у галіне псіхічнага здароўя, адпаведным іх патрэбам, прынясе патройныя дывідэнды: здароўе, сацыяльныя і эканамічныя выгады сённяшнім падлеткам, заўтрашнім дарослым і будучым пакаленням», — дадаў ён.

«Увага да здароўя і дабрабыту падлеткаў» паказвае, што псіхічны дабрабыт зніжаецца па меры сталення дзяцей, прычым дзяўчынкі ў гэтым сэнсе больш уразлівыя ў параўнанні з хлопчыкамі. Кожны чацвёрты падлетак скардзіцца на нервовасць, раздражняльнасць або цяжкасці з засынаннем хоць бы раз у тыдзень.

У дакладзе паказаны істотныя адрозненні ва ўзроўні псіхічнага дабрабыту ў розных краінах. Гэта сведчыць аб тым, што культурныя, палітычныя і эканамічныя фактары маюць у гэтым пэўнае значэнне.

Прыкладна ў траціны краін адзначаецца рост колькасці падлеткаў, якія маюць ціск з боку школы, і зніжэнне колькасці маладых людзей, якія паведамляюць пра тое, што ім падабаецца школа, у параўнанні з 2014 годам. У большасці краін школьны вопыт пагаршаецца з узростам, а задаволенасць школай і ўспрыманне падлеткамі падтрымкі з боку настаўнікаў і аднакласнікаў зніжаецца па меры павелічэння нагрузкі на школьную працу.

У даследаванні разглядаецца рост выкарыстання лічбавых тэхналогій нароўні са змяненнем стану псіхічнага дабрабыту моладзі рэгіёну. Відавочна, што тэхналогія можа мець станоўчыя перавагі, але яна таксама можа ўзмацняць уразлівасць і ствараць новыя пагрозы, такія як кіберзапужванне, якое непрапарцыйна моцна закранае дзяўчынак. Больш 1 з 10 падлеткаў паведамляюць, што сутыкнуліся з кіберзапужваннем як мінімум адзін раз за апошнія два месяцы.

Таксама ў даследаванні адзначаецца заклапочанасць рызыкоўнымі сексуальнымі паводзінамі: 1 з 4 падлеткаў, якія займаюцца сексам, не абараняюцца. Ва ўзросце 15 гадоў 1 з 4 хлопчыкаў (24%) і 1 з 7 дзяўчынак (14%) паведамляюць, што мелі палавыя зносіны.

Колькасць падлеткаў, якія ўжываюць алкаголь і тытунь, працягвае скарачацца, аднак колькасць цяперашніх спажыўцоў алкаголю і тытуню застаецца высокай сярод 15-гадовых падлеткаў. Кожны пяты 15-гадовы падлетак (20%) быў п'яны двойчы ці больш у сваім жыцці, і амаль кожны сёмы (15%) быў п'яны на працягу апошніх 30 дзён.

Менш за 1 з 5 падлеткаў адпавядаюць рэкамендацыям СААЗ па фізічнай актыўнасці —узровень фізічнай актыўнасці знізіўся прыкладна ў адной траціны краін з 2014 года, асабліва сярод хлопчыкаў. Асабліва нізкім застаецца ўзровень удзелу дзяўчынак і старэйшых падлеткаў.

Большасць падлеткаў не выконваюць рэкамендацыі па харчаванню, што перашкаджае ім нармальна развівацца. Прыкладна 2 з 3 падлеткаў не ядуць досыць багатых пажыўнымі рэчывамі прадуктаў, прычым 1 з 4 есць прысмакі і 1 з 6 спажывае салодкія напоі кожны дзень.

Узровень залішняй вагі і атлусцення ўзрос з 2014 года і ў цяперашні час закранае 1 з 5 маладых людзей, прычым больш высокія ўзроўні назіраюцца сярод хлопчыкаў і малодшых падлеткаў; 1 з 4 падлеткаў успрымаюць сябе занадта тоўстымі, асабліва дзяўчынкі.
Азнаёміцца з справаздачай можна анлайн тут і тут.

У наступным даследаванні HBSC, вынікі якога будуць прадстаўлены ў 2021/2022 гадах, будзе адлюстравана ўздзеянне пандэміі Covid-19 на жыццё маладых людзей.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: