Сайты райвыканкамаў Гродзенскай вобласці запрацуюць па-беларуску

На працягу першага паўгоддзя 2017 года сайты райвыканкамаў Гродзенскай вобласці займеюць беларускамоўную версію. Таксама будзе версія для людзей, якія слаба бачаць. Магчыма, будуць версіі па-польску, па-англійску і па-літоўску.

Вось так выглядае беларускамоўная версія сайта гродзенскага аблвыканкама па стане на 30.12.2016



Адсутнасць моўных версій — парушэнне закону


Аляксандра Васілевіч, старшыня гродзенскай абласной арганізацыі АГП, звярнулася да райвыканкамаў з пытаннем, чаму іх сайты не маюць беларускамоўнай версіі і пэўных важных пазіцый.

– Гэта парушэнне закону, – кажа Аляксандра, юрыст па адукацыі. – Існуе указ прэзідэнта і пастанова Савета Міністраў, дзе выразна прапісана ўсё, што павінна быць на сайтах дзяржаўных органаў. Уключаючы вядзенне сайтаў на дзяржаўных мовах. Не на адной з моў, а менавіта на дзвюх дзяржаўных мовах.

Аляксандра Васілевіч. Фота: Алена Кавальчук

Аляксандра Васілевіч. Фота: Алена Кавальчук


Паводле Аляксандры, версія для людзей, якія дрэнна бачаць, таксама важная. І ім праз сайты адшукаць інфармацыю прасцей, чым праз асабісты прыём. Англамоўная версія будзе карыснай пры цяперашнім курсе на інвестыцыі і прыцягненне замежных турыстаў. Таксама варта мець версіі на мовах краін-суседак і на базавых еўрапейскіх мовах: англійскай, французскай, нямецкай. Усе версіі павінны быць актуальнымі. Прынамсі інфармацыя для турыстаў павінна дублявацца.

Сайт гар- і аблвыканкама — першыя ў рэйтынгу, раённыя сайты — у самым канцы

Пры складанні зваротаў Аляксандра карысталася вынікамі маніторынгу, які правёў Цэнтра прававой трансфармацыи “Law Trend”  у канцы 2015 года.

– Па рэйтынгу “Law Trend” у нас лепшы аблвыканкам і другі па краіне гарвыканкам. Але райвыканкамы Гродзенскай вобласці – першыя “з канца”, – кажа Аляксандра. – Часам адкрываеш, а там вісіць толькі партрэт кіраўніка і прывітальнае слова.

У райвыканкамах, акрамя беларускамоўнай версіі, адсутнічае яшчэ каля важных 15 пазіцый. Напрыклад, няма электроннай пошты райвыканкама, гадзін прыёма, узораў дакументаў, апісання іх дзейнасці і дакументаў, якімі яна рэгламентуецца. Аляксандра пачала з адсутнасці беларускамоўнай версіі, пазней яна накіруе звароты і пра іншыя хібы.

Алена Кавальчук, hrodna.life

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: