Саюз палякаў заклікае Лукашэнку спыніць дыскрымінацыю

СПБ звяртае ўвагу на дыскрымінацыю дзяцей польскай нацыянальнасці і ціск на настаўнікаў польскай мовы.

Галоўная рада Саюза палякаў Беларусі прыняла зварот, скіраваны да Аляксандра Лукашэнкі. У ім яго заклікаюць спыніць у адукацыі дыскрымінацыю дзяцей польскай нацыянальнасці і ціск на настаўнікаў польскай мовы.

Старшыня Галоўнай рады СПБ Анжаліка Арэхва гаворыць, што праблема з польскай адукацыяй у Беларусі існуе доўгія гады, але апошнія тры гады штучна абмяжоўваецца набор дзяцей у першыя класы ў польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску.

Мы лічым, што гэта штучнае абмежаванне, паколькі ў іншых школах такіх абмежаванняў няма. Там прымаюць усіх жадаючых, лічба класаў не абмяжоўваецца. Апошнія тры гады ў польскай школе ў Горадні набіраліся два першыя класы. У Ваўкавыску абмежаваліся да аднаго класа. У гэтым годзе праблема стала яшчэ больш актуальнай, таму што восенню на падрыхтоўчыя курсы ў Горадні запісалася ажно 75 дзяцей. Адразу было вядома, што два класы – гэта мала. Пачаліся перамовы, збор подпісаў, зварот да мясцовых уладаў, каб не абмяжоўваць колькасць месцаў і прыняць усіх жадаючых.

Па словах Анжалікі Арэхвы, у апошні момант, перад пачаткам набору ў Гарадзенскім аддзеле асветы бацькам паабяцалі, што будуць прынятыя дакументы ад усіх жадаючых. На сённяшні дзень дакументы прынятыя ад 79 дзяцей.

Усё ж пакуль няма гарантый таго, што будуць створаны тры класы. У аддзеле адукацыі адзначылі, што на падставе колькасці пададзеных дакументаў будзе прымацца рашэнне. Мы лічым, што настойлівасць бацькоў, якія вельмі хацелі, каб іх дзеці былі прынятыя, намаганні Саюза палякаў і іншых арганізацый, размовы на розных узроўнях усё ж даюць вынікі.Поспеху, магчыма, удалося дасягнуць у Горадні. Зусім інакш сітуацыя выглядае ў Ваўкавыску. Дырэктар польскай школы Галіна Булай паведаміла, што аддзел адукацыі дазволіў стварыць адзін клас і прыняць у яго 18 вучняў. У сваю чаргу жадаючых было 25 чалавек.

Чальцы Рады СПБ таксама звяртаюць увагу на рост ціску на настаўнікаў польскай мовы ў Гарадзенскай вобласці. У дакуменце сцвярджаецца, што дырэкцыя школ, дзе выкладаецца польская мова, ствараюць штучныя перашкоды для ўдзелу настаўнікаў у навуковых мерапрыемствах, якія гарантуюць педагогам павышэнне кваліфікацыі. Пад асаблівым ціскам знаходзяцца настаўнікі, якія на курсы павышэння кваліфікацый ездзяць у Польшчу. За гэта дырэктарам школ пагражаюць ім звальненнем.

Гэтая праблема не паявілася сёння. Яшчэ ў мінулым годзе на асветніцкім форуме ў Горадні мы звярталі на яе ўвагу. Яшчэ тады настаўнікам ускладнялі працу. Аднак сітуацыя пагоршылася пасля таго, як настаўнікі ў снежні з'ездзілі на вігілійную сустрэчу з жонкай прэзідэнта Польшчы Агатай Корнхаўзэр-Дудай. Пасля гэтай паездкі з настаўнікамі праводзілі гутаркі. Некаторым пагражалі звальненнем з працы. Такая сітуацыя адбылася ў в. Беняконі ў Воранаўскім раёне, у Дуцішках. Размовы з настаўнікамі праводзіліся ў польскай школе ў Горадні. Цяпер да справы вярнуліся. Пагражалі настаўнікам з школы №35 у Горадні. Для нас гэта вельмі трывожны знак. Мала таго, што польскую мову выцясняюць са школаў, то яшчэ настаўнікам ускладняюць працу і аказваюць на іх ціск. Нас гэта вельмі непакоіць і мы хочам гэта прадухіліць.

У сваёй заяве СПБ просіць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку стварыць умовы для рэалізацыі арт. 50 Канстытуцыі РБ, які гарантуе бацькам свабоду выбару мовы адукацыі сваіх дзяцей. Рада СПБ таксама заклікала прэзідэнта паспрыяць спыненню дыскрымінацыі настаўнікаў польскай мовы ў школах Гарадзеншчыны.

Польскае Радыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: