«Саюз вялікі і свабодны». Анатоль Ярмоленка прадставіў гімн Саюзнай дзяржавы

Гімн Саюзнай дзяржавы выбралі на конкурсе «Грамадзянскія сімвалы Саюзнай дзяржавы». Выканаў твор Анатоль Ярмоленка, паведамляецца на сайце Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы.

Конкурс «Грамадзянскія сімвалы Саюзнай дзяржавы» праводзіўся з 20 мая 2018 года сярод грамадзян Расіі і Беларусі. У рамках конкурсу прапаноўвалася распрацаваць эмблему, гімн, сцяг, скульптурную кампазіцыю і талісман Саюзнай дзяржавы. Работы на конкурс прымаліся да 15 верасня.

22 снежня быў «абраны першы грамадзянскі сімвал», паведамляецца на сайце. Аўтар ідэі і выканаўца гімну — Народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка. Кампазітар — Народны артыст Расіі Павел Аўсяннікаў. Аўтары тэксту — член Саюза пісьменнікаў Беларусі генерал-маёр Іван Юркін і Заслужаны артыст Расіі Сымон Осіашвілі.

«Яго тэкст змяшчае чаргаваныя куплеты на абедзвюх дзяржаўных мовах — як на рускай, так і на беларускай, а ў фінальным куплеце такім жа чынам чаргуюцца і радкі. Немалаважна, што гімн створаны творчым калектывам, якія ўключае як расіян, так і беларусаў», — патлумачылі свой выбар арганізатары конкурса.

Гімн прагучаў на сумесным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы і Міжнароднага грамадскага аргкамітэта мерапрыемстваў да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Астатнія сімвалы Саюзнай дзяржавы абяцаюць прадставіць у лютым 2019 года на ўрачыстым канцэрце, прысвечаным цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Грамадзянскія сімвалы Саюзнай дзяржавы».

Варта адзначыць, што гімн Саюза Беларусі і Расіі спрабавалі выбраць і раней. У 2015 годзе на Славянскім базары ў Віцебску прагучала, як тады пісала БЕЛТА, «песня-гімн Саюзнай дзяржавы "Анёл над горадам Шагала"». Выканалі яе ўсё той жа Анатоль Ярмоленка, а таксама пераможца тэлепраекта «Спяваючыя гарады» Наста Лейкіна, Анжаліка Варум і Леанід Агуцін, пераможца праекта «Голас» Аляксандр Вараб'ёў і хор Срэценскага манастыра.

У 2010 годзе сваю працу «Расія-Беларусь» прадставілі «Беларускія песняры».

У 2005 годзе праводзіўся падобны конкурс. Як распавядаў «Радыё Свабода» кампазітар Ігар Лучанок, на яго было прадстаўлена 430 песень, у тым ліку і праца самога кампазітара ў суаўтарстве з Мікалаем Дабранрававым.

Працэс з'яўлення афіцыйных сімвалаў Саюзнай дзяржавы тармозяць «затрымкі з прыняццем саюзнага канстытуцыйнага акту, прадугледжанага Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы — без якога не могуць ні працаваць адзіны саюзны парламент і ўрад, ні зацвердзіцца набор дзяржаўных сымбаляў», заявілі арганізатары конкурсу.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: