Салдат ускрыў сабе вены, яго падазраюць у наўмысным калецтве

Шараговец выведнага батальёну 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая базуецца ў Гродна, ускрыў сабе вены, паведаміла Радыё Свабоды.
Кроў заўважылі калегі, хлопца ўдалося выратаваць. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Nexta.

Надзвычайнае здарэнне адбылося 23 ліпеня. Салдат быў прызваны ў войска ў траўні 2019 году.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўладзімір Макараў сказаў Свабодзе, што 23 ліпеня ў адной з вайсковых частак гродзенскага гарнізону зафіксаваны «дэманстрацыйна-ўстановачныя дзеянні, якія маюць прыкметы замаху на злачынства „членашкодніцтва“».

Ён сказаў, што праводзіцца праверка па ўсіх кірунках. Салдата накіруюць таксама ў медыцынскую ўстанову.

«Калі гэтыя прыкметы пацвердзяцца, то будзе пачатая крымінальная справа. Гэта не з'яўляецца замахам на самазабойства, бо чалавек, які ўчыняў гэтыя дзеянні, ведаў пра бяспеку дзеянняў, якія ён рабіў», — сказаў Ўладзімір Макараў.

Што падштурхнула вайскоўца да гэтага ўчынку, паводле Макарава, таксама будуць высвятляць.

«Дагэтуль ён неаднаразова казаў пра суіцыдальныя намеры. Хоць у гэты выпадак не з'яўляецца спробай суіцыду. Бо спроба прадугледжвае дзеянні, якія не прывялі да смяротнага зыходу з прычыны, якая не залежыць ад самога чалавека. Гэта менавіта дэманстрацыйна-ўстановачныя дзеянні».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!