Салідарнаць і міжнародная рэакцыя. Найважнейшае за 10 верасня

Беларускае грамадства штодзень даказвае: ёй не патрэбная дзяржава. Яны выдатна выжываюць без яе: без міліцыянтаў, без уладных органаў, без кіраўніка краіны і яго чыноўнікаў — яны ўсе паставілі сябе па-за грамадствам. А вось улада без людзей — на мяжы краху.


Учорашні дзень прайшоў пад знакам надзвычайнай салідарнасці. Камандзір аддзялення ПАВЧ №2 Фрунзенскага аддзела Максім Сташулёнак папярэдзіў людзей, што да іх едуць здымаць бел-чырвона-белыя сцягі. За гэта яго звольнілі, а са звальненнем ён пазбаўляецца службовай кватэры — і гэта для яго самае балючае, бо ў яго цяжарная жонка. Але нашыя людзі літаральна засыпалі яго прапановамі пераехаць жыць да іх бясплатна: хтосьці прапаноўваў падсяліцца, хтосьці даваў у распараджэнне кватэру, былі прапановы нават пераехаць у катэдж за горадам.

Кампанія BY_help вызначыла новы від паслуг: аплату штрафаў тым, каму яго далі за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў і нацыянальнай сімволікі. Спасылка, куды звяртацца па дапамогу — у нататцы.


Беларускі фонд спартовай салідарнасці заявіў пра ціск на спартоўцаў, якія падпісаліся пад адкрытым лістом да ўладаў з патрабаваннем спыніць гвалт і правесці ў краіне новыя вольныя выбары. Міністэрства спорту дало вусны загад для трэнераў, каб тыя прымушалі сваіх падначаленых адклікаць подпіс. Аднак пакуль з больш за 500 падпісантаў подпіс не адклікаў ніводны.

Лідары 10 беларускіх партыяў падпісалі рэзалюцыю з патрабаваннямі спыніць гвалт, расследаваць забойствы і катаванні, правесці новыя выбары прэзідэнта цягам 6 месяцаў. Прычым 4 з гэтых партый —Сацыяльна-спартовая, Рэспубліканская партыі, Партыя працы і справядлівасці і Партыя народнай згоды — маюць рэпутацыю «праўладных». Усяго ў Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый.

А тым часам ва ўлады — справы кепскія. Эканаміст Яраслаў Раманчук заявіў пра рэкордныя беларускія пазыкі. «Лукашэнка прыняў краіну практычна без даўгоў, а па выніках 2020-га скінуў яе ў пазыковую яму, дзе толькі дзярждоўг, верагодна, будзе ў 55–60% ВУП, а валавы доўг краіны — 75–80% ВУП. Беларусь ужо за чырвонай рысай. Мы ўжо ніжэй за парог, за якім пачынаецца дэградацыя сістэмы нацыянальнай бяспекі».


Міжнародны валютны фонд адмовіўся выдаць нашай краіне тэрміновую дапамогу для барацьбы з covid-19. У фондзе не ўпэўненыя, што грошы пойдуць медыкам, а не сілавікам.

Камітэт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па юрыдычных пытаннях і правах чалавека прыняў заяву аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і прапанаваў заснаваць міжнародны Следчы камітэт па правапарушэннях, учыненых у рэспубліцы.

Сейм Літвы адзінагалосна (усе 91 парламентара) прыняў рэзалюцыю, якая прызнае Святлану Ціханоўскую нацыянальна абраным лідарам, а Лукашэнку — нелегітымным кіраўніком. У дакуменце дэпутаты заклікалі міжнародную грамадскасць ацэньваць любыя яго дзеянні па заключэнні новых пагадненняў з Расіяй як злачынства супраць народа і фактычную анэксію краіны. Расію заклікалі не ўмешвацца ва ўнутраныя справы і замежную палітыку Беларусі, а ў тым выпадку, калі будуць мець месца спробы «абмежаваць суверэнітэт краіны супраць волі беларускага народа», прымяніць дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Расіі і прадстаўнікоў беларускага рэжыму.


Гэта даволі сур’ёзны крок, асабліва, калі да яго далучацца іншыя краіны. Прынамсі, Лукашэнка, які не пагаджаўся на перамовы з Каардынацыйнай радай, страціў свой шанец. Цяпер яму давядзецца размаўляць з Ціханоўскай. 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: