Сам сабе Святы Мікалай

На Каляды мы ўсе чакаем цудаў. Добра дзецям — яны яшчэ вераць у чараўнікоў кшталту Святога Мікалая альбо Дзеда Мароза, якія прыйдуць — і адразу ўсё дадуць. Дарослыя ж разумеюць: нічога «проста так» не бывае. Аднак усё роўна ў гэтыя часы чакаюць нечага светлага і добрага.

Мы кожны Новы год думаем пра тое, што «наступны будзе лепшым, чым мінулы». У гэтым, дарэчы, адзін з парадоксаў беларускай «стабільнасці». Нам гэту «стабільнасць» і «абы не было вайны» спрабуюць уцюхваць кожны раз, калі гэта трэба ўладзе. Але, насамрэч, калі надыходзяць Каляды, мы жадаем лепшага і светлага. То бок — жадаем пераменаў.

Але перамены не могуць прыйсці проста так, ад няма чаго рабіць. На гэта патрэбныя час і высілкі. І толькі калі мы іх будзем прыкладаць самі, калі не спасуем перад цяжкасцямі, не апусцім рукі, калі нешта не атрымліваецца, — тады і будуць тыя перамены, якія нам патрэбныя.

У інтэрнэтах зараз усе наракаюць, што 2017-ты быў даволі цяжкім. Для ўсіх. Усе жадаюць з ім найхутчэй развітацца. Але ў гэтым цяжкім годзе мы пабачылі, што, калі прыкладаць высілкі, калі дамагацца таго, што патрэбна табе (і не толькі табе, але і багата каму яшчэ) — усё цалкам мажліва ажыццявіць.

Насамрэч, у гэтым годзе ў нас было шмат перамог. Толькі такая ўжо асаблівасць чалавечай памяці: нешта добрае было — і прайшло. А тое кепскае, што ёсць, — пастаянна з табою. Свідруе мозг, не адпускае ані на крок.

Возьмем сёлетнюю абарону Курапатаў. Хто думаў, што мажліва спыніць будаўніцтва камерцыйнага аб’екта на спрэчнай тэрыторыі? Асабліва пасля таго, як гэта не ўдалося зрабіць з «Бульбаш-холам»?

Але ж спынілі. Праўда, зараз амаль ніхто, асабліва з назіральнікаў, не задумваецца, якіх высілкаў гэта каштавала абаронцам Некропалю. Як яны мерзлі па начах, як яны ўладкоўвалі сваё намётавае мястэчка. Як яны спрачаліся з будаўнікамі і не пускалі іх на тэрыторыю «аб’екта». Ці лёгка было вырашыцца Пальчэўскаму прыкуць сябе кайданкамі да самазвалу? Пры гэтым усе яны ведалі, што ў нашай краіне за такія дзеянні можна атрымаць больш чым непрыемнасці — канкрэтныя адміністратыўныя, а мо нават і крымінальныя справы.

Што давала ім моцы? Вера ў тое, што яны могуць гэта зрабіць? Асэнсаванне таго, што «моц — у праўдзе»? Што не зробіць гэтага ніхто, акрамя іх?

Гэты самаахвярны ўчынак людзей, што спынілі будаўніцтва, насамрэч меў значна большыя наступствы, чым проста спыненне будоўлі на ахоўнай тэрыторыі. Адзін мужны ўчынак выклікаў лавіну маленькіх, але таксама перамогаў. Пра ўшанаванне памяці ахвяраў рэпрэсій і будаўніцтва мемарыялу ў Курапатах загаварыла ўлада — чаго не было з ёй, падаецца, з 1992 года. Прынамсі, мінулая абарона ўрочышча ў 1999-м такой дыскусіі не выклікала. Павел Якубовіч перадаў Маі Кляшторнай дакументы па яе рэпрэсаваных родных. Ствараецца народны праект мемарыялу. Грамадская дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні» ездзіць па краіне і дэманструецца ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа цягам пяці дзён.

Ці мог яшчэ ў мінулым годзе хтосьці ўявіць, што выстава, прысвечаная бальшавіцкім рэпрэсіям, будзе паказвацца па ўсёй краіне? «Ды ніколі пры гэтай уладзе!» — сказалі б мы яшчэ год таму.

Зараз можна шмат чаго казаць. У тым ліку і пра тое, што «кропля камень точыць». Бо тую ж Курапацкую выставу грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» збірала не адзін дзень, і нават не адзін год. У выніку яна пабачыла свет.

Але дзеля такіх магчымасцяў, безумоўна, трэба нечым ахвяраваць. Як абаронцы Курапатаў ахвяравалі сваім часам, сваім лёсам, сваім здароўем дзеля той справы, якую яны лічылі важнай і святой. Трэба мець веру і цвёрдую ўпэўненасць, што «моц — у праўдзе, у каго праўда, той і мацнейшы». І, — што вельмі цяжка, — адкінуць сумневы ў сваёй праваце.

І ў той жа час не менш важна задушыць у сабе скептыка. Як мага менш прыслухоўвацца да «канапавых экспертаў», якія толькі і ўмеюць, што патлумачыць, «чаму з гэтага нічога не атрымаецца». Адкінуць думку, што прыйдзе нейкі «барын», і зробіць усё за цябе. Гэта якраз чаканне чараўніка — а яго, як мы ўжо ведаем, не існуе.

Трэба не думаць пра тое, што нешта не атрымаецца, а біцца галавой у сцяну да таго часу, пакуль гэтая сцяна не разваліцца. Так, гэта непрыемна, гэта балюча, гэта часам падаецца марным. Але ў тым жа і дасягненне — прабіць сцяну так, каб і галава засталася цэлай?

У выніку мы прыйдзем да высновы, што, насамрэч, дасягненне чагосьці лепшага, дасягненне пераменаў — гэта праца найперш над сабою. Над упэўненасцю ва ўласнай праваце, уласнай моцы, уласнай магчымасці нешта змяніць. А праца над сабой — гэта самая цяжкая праца ў свеце.

Варта гэта зрабіць — і ўсё ў нас атрымаецца. Гарантавана.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!