SAP UP: будуем будучыню самі!

24 лістапада ў гатэлі «Беларусь» прайшоў фінал конкурсу недзяржаўных дабрачынных праектаў SAP UP.
Арганізатар спаборніцтва – міжнародная карпарацыя SAP (з аддзяленнямі ў краінах СНД, дзе працуе звыш 800 чалавек), фірма з капіталізацыяй у прыкладна 50 млрд. еўра, вытворца праграмнага забеспячэння, заснаваная пяццю немцамі, былымі супрацоўнікамі ІВМ, праводзіць падобныя конкурсы ў Расіі і Казахстане з 2015 (падтрымана 16 сацыяльных ініцыятыў). У 2017 да праекту далучылі Беларусь – як “краіну, дзе выдатна развіваецца ІТ-сектар”. Але галоўная ідэя – не падтрымка ІТ-праектаў, а менавіта спрыянне дабрачыннасці.

Сферы – новыя тэхналогіі, развіццё тэрыторый, забеспячэнне роўных магчымасцяў, экалогія, культура, адукацыя, медыцына/ахова здароўя, здаровы лад жыцця, спорт. Праекты недзяржаўныя, якія павінны мець высокі патэнцыял для далейшага развіцця. Да рэалізацыі ідэі далучылася багата іншых спонсараў.  Асноўны партнёр – платформа “Талака”. Супрацоўнічаюць і дзяржаўныя інстытуцыі.

Да рэалізацыі ідэі далучылася багата спонсараў

Ідучы на фінал, дзе прадстаўнічае журы з экспертаў з міжнародных кампаній, дзяржаўных структур, некамерцыйных і кансалтынгавых арганізацый мусіла вызначыць трох пераможцаў з дзясятка адабраных фіналістаў, нявольна задаваўся пытаннем: а ці не будзе як заўсёды? У тым сэнсе, што на падобных праграмах перамагаюць часта можа і добрыя праекты ды ідэі, але потым высвятляецца, што іх аўтары – сябры і знаёмыя чальцоў журы. Зараз было не так: хоць бы таму, што ўсе прапановы вызначаліся высокай якасцю ідэй і грамадскіх матывацый, а распрацоўваліся не “пад замову”, нарадзіліся і здзяйсняліся ўжо не ад учора.

Дамінавалі праекты экалагічныя, па дапамозе маладзёнам-спецыялістам у пошуку працы і перспектыўных месцаў, па дапамозе нямоглым, па незалежным развіцці адукацыі. Што датычыцца апошняга – гэта быў “народны” падручнік фізікі для 7 класа, які калектыўна распрацоўваюць настаўнікі-энтузіясты з усёй краіны. Хто не ведае пра вэрхал, што робіцца з падручнікамі ў Беларусі? У сувязі з рэформамі часу навучання (10 ці 11 год) і іншымі недарэчнасцямі, што ў выніку адбіваецца на якасці навучальных матэрыялаў – той не зразумее карысці народнай ініцыятывы.


Далей – ідэі па ўтылізацыі пластыку (вядома, што ў сусветным акіяне ўжо утвараюцца цэлыя выспы з падобных адыходаў), перапрацоўцы другаснай сыравіны, аптымізацыі працы камунальных службаў. І, што вельмі істотна для нашай краіны – па дапамозе нямоглым – сляпым, інвалідам, і іх сацыялізацыі.
Якія ж вынікі? Журы вызначыла трох пераможцаў (заахвочванне – паездка на стажыроўку ў цэнтр падтрымкі сацыяльна значных праектаў Social Impact Lab у Берлін), з якіх першы атрымаў прыз у 10000 беларускіх рублёў.

Трэцяе месца выйграў праект “Штурман” – мабільны дадатак для тэлефонаў і смартфонаў, які дазваляе арыентавацца невідушчым, а таксама замовіць дапамогу валанцёраў. Другое дасталося DAO Smart City – ініцыятыве па ўтылізацыі адыходаў (цалкам “самадастатковай”, бо, як заўважыў яе аўтар, рынак утылізацыі ў свеце штогод прыносіць 400 млрд. долараў).

Нарэшце, галоўны прыз уручыў Павал Янкелевіч, кіраўнік аддзела па рабоце з партнёрамі прадстаўніцтва SAP у Беларусі. Пераможцы прадстаўляюць Гарадзенскі дзіцячы хоспіс з праектам “Стварэнне адаптыўнага адзення”. Зрабіць так, каб маладзёны-інваліды апраналіся не горш за здаровых моднікаў (розныя хітрыкі ў кроі вопраткі), каб не адчувалі сябе белымі варонамі ў натоўпе іншых, і каб... выраблялі гэтую адзежу самастойна, на сваім даччынным прадпрыемстве.

“Рабі, як не робіць ніхто, рабі, як не бывае, і тады пераможаш!” – працытавала Уладзіміра Караткевіча аўтарка ідэі і дырэктарка хоспісу Вольга Віктараўна Вялічка. І цяжка не пагадзіцца з выбарам журы, тым больш што ён быў фактычна аднагалосным.

Такім чынам, мэта конкурсу – “стварэнне асяроддзя для экспертнай і фінансавай падтрымкі сацыяльных стартапаў бізнес-супольнасцю” пачала паспяхова ўвасабляцца ў Беларусі. Тым, хто хоча дапамагчы развівацца ініцыятыве Гарадзенскага дзіцячага хоспісу, падаем яго кантактныя тэлефоны:
8-0152-96-35-70 і 8-025-601-86-64.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: