Сапраўдная ўлада — у вольнага слова, а не ў блазнаў у балаклавах

Служкі сістэмы думаюць, што затрыманнямі, штрафамі, арыштамі могуць кагосьці запалохаць. Яны ўпэўненыя, што, пазбавіўшы акрэдытацыі і кінуўшы ў ізалятар журналістаў, адаб’юць у іх ахвоту гаварыць, пісаць і паказваць праўду. Бо, верагодна, так зрабілі б яны самі.
Вызваленыя журналісты ля ізалятара на Акрэсціна. Фота Радыё Свабода

Вызваленыя журналісты ля ізалятара на Акрэсціна. Фота Радыё Свабода

Пачаўшы ціск на незалежную прэсу, улады зрабілі фатальную памылку. Бо праўду не схаваеш, і ўсе нязграбныя спробы гэта зрабіць становяцца яшчэ больш відавочнымі.

Учора, 4 верасня, на волю выйшлі шасцёра затрыманых 1 верасня незалежных журналістаў. Проста так іх выпусціць не маглі, таму абвінавацілі ва ўдзеле ў несакнцыянаваных мерапрыемствах і выпісалі па 3 сутак арышту. Ну і што гэта, як не гадзенькая, подленькая, мярзотная помста?

1 верасня шасцёра журналістаў — Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў (TUT.BY), Марыя Эляшэвіч, Сяргей Шчогалеў, Мікіта Дубалека («Камсамольская праўда ў Беларусі») і Андрэй Шаўлюга (БелаПАН) — былі затрыманыя падчас асвятлення студэнцкіх пратэстаў у Мінску. Усе яны былі пазначаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам: на іх былі надзетыя сінія камізэлькі з надпісам «ПРЭСА», таксама яны мелі бэйджы з фотаздымкамі і ўказаннем СМІ, для якога працуюць. Няма ніякіх сумневаў, што журналістаў затрымлівалі мэтанакіравана, каб перашкодзіць незалежным СМІ даваць праўдзівую інфармацыю аб падзеях.

Уладам не хапіла смеласці адкрыта сказаць журналістам: шаноўныя, мы мусім вас нейтралізаваць, бо вы занадта шмат гаворыце і спараджаеце хваляванні ў народзе. Яны, дзейнічалі цішком, па-бандыцку. Спачатку карэспандэнтаў затрымалі з нагоды праверкі дакументаў. Калі дакументы аказаліся ў парадку, на журналістаў склалі пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Больш за тое, сцвярджалася, што яны былі каардынатарамі пратэсту! Пасля першых разглядаў суд адправіў справы на дапрацоўку ў РУУС для ліквідацыі недахопаў. А журналістаў, якіх пасля затрымання амаль суткі трымалі ў будынку РУУС, вечарам пасля судоў перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

На наступны дзень у суд справы затрыманых карэспандэнтаў так і не прывезлі, хоць калегі чакалі цэлы дзень. Разгледзелі справы толькі 4 верасня, і гэта было абсалютна сюррэалістычнае відовішча з ліпавымі абвінавачваннямі і засакрэчанымі дадзенымі і абліччамі «сведак». Адзін з адвакатаў Андрэй Мачалаў назваў гэтыя судовыя працэсы «здзекам з правасуддзя».

Тым не менш гэта не перашкодзіла Кастрычніцкаму суду Мінска вынесці журналістам пастановы аб адміністрацыйным арышце на 3 сутак. Карэспандэнты ў той жа дзень былі выпушчаныя на волю ў сувязі з адбыццём тэрміну арышту.

Гэтыя дзеянні дзяржструктур нагадалі перадсмяротныя выбрыкі параненага драпежніка, які разумее, што яму не хопіць моцы перамагчы, але ўсё роўна працягвае агрызацца ў спадзеве нанесці хоць нейкую шкоду суперніку. Як той казаў, «не з’ем, дык панадкусваю».

Напэўна, усё гэта павінна было выглядаць застрашліва, а атрымалася недарэчна. Служкі сістэмы думаюць, што затрыманнямі, штрафамі, арыштамі могуць кагосьці запалохаць. Яны ўпэўненыя, што, пазбавіўшы акрэдытацыі і кінуўшы ў ізалятар журналістаў, адаб’юць у іх ахвоту гаварыць, пісаць і паказваць праўду. Бо, верагодна, так адбылося б з імі самімі.

Сапраўды, людзей сістэмы лёгка запалохаць, прыціснуць, прымусіць маўчаць. Але тых, для каго найвышэйшай чалавечай каштоўнасцю з’яўляецца не наседжанае месца і рахунак у банку, а свабода, гэткім не запужаеш. Таму што сапраўдная ўлада — у вольнага слова. А ціхары, АМАПаўцы ў балаклавах, «суддзі» і нават дзіўны вусаты дзед з аўтаматам, які чамусьці думае, што ён — прэзідэнт, — проста вартыя жалю блазны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: