«Саступаць я не збіраюся». Палітвязень Ігар Лосік галадае ўжо 31 дзень

Шэраг вядомых асобаў заклікалі Ігара спыніць галадоўку. За кратамі палітвязень ужо 201 дзень. Лісты да яго перасталі прыходзіць, паведамляе «Свабода».


Суд другі раз запар адмовіўся вызваліць Ігара Лосіка з-пад варты на просьбу яго адваката Дзмітрыя Лепрэтара.

Ігар Лосік перадаў паведамленне з-за кратаў.

«Усім прывітанне. Я галадаю ўжо месяц, пакуль самаадчуванне нармальнае. Ведаю, што мне пішуць сотні чалавек, некаторыя адгаворваюць працягваць галадоўку. Але я практычна не атрымліваю лістоў з 5 студзеня. Так што, хутчэй за ўсё, тым, хто чакае ад мяне адказаў, прыйдзецца пачакаць яшчэ.

На жаль, у судах закрылі вочы на сфабрыкаваныя крымінальныя справы і пакінулі меру стрымання без змены. Але я думаю, ніхто гэтаму не здзіўлены. Гэтая сітуацыя ніяк не паўплывала на маё рашэнне. Значыць, буду галадаць да таго часу, пакуль у кагосьці не зявіцца жаданне адкрыць кодэксы і Канстытуцыю і пачаць выконваць закон. Або пакуль у мяне не адмовяць органы.

Саступаць я не збіраюся».

Дзмітры Лепрэтар наведаў Ігара ў СІЗА Жодзіна.

«Ігар не спыняе галадоўку. Рашэнні суду Партызанскага раёна Мінску і Мінскага гарадскога суду пакінуць яго пад вартай ніяк не паўплывалі на намер Ігара працягваць адмаўляцца ад ежы, — кажа адвакат. — На здароўе не скардзіцца. Турэмныя медыкі цікавяцца яго станам. Прынамсі, пытаюцца ў Ігара пра гэта, спрабуюць памераць ціск.

Ён размаўляе з псіхолагам, які там ёсць. Выглядае бледным. І бачна па твары, што ён схуднеў.

Пра размовы з адміністрацыяй нічога не гаварыў. Я думаю, калі б адміністрацыя нейкім чынам хацела на яго паўплываць, то Ігар бы мне расказаў. Дарʼя (жонка Ігара Лосіка. — РС) сёння перадала неабходныя лекі для яго. Усё прынялі.

На жаль, да Ігара цяпер даходзіць вельмі мала лістоў. Ён атрымлівае толькі заказныя і тэлеграмы, не даходзяць нават лісты першага класа. Гэта яго вельмі сурʼёзна дэстабілізуе. Ігар ведае, што яму пішуць сотні людзей, і яму цяжкавата перажываць адсутнасць лістоў. Адзін са спосабаў скараціць час за кратамі — адказваць на лісты. Мы спадзяёмся, што адміністрацыя СІЗА зможа вырашыць гэтае пытанне».

Пра ход расследавання справы Ігара, а таксама калі магчымы пачатак працэсу, нічога не вядома. Адвакат Дзмітры Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошванні.

Раней спыніць галадоўку Ігара папрасілі шэраг вядомых асобаў, сярод якіх Святлана Ціханоўская, Анжаліка Агурбаш і Зміцер Дашкевіч.

«З аднаго боку, я Ігара разумею, бо ён ведае, што не вінаваты, і такім чынам дэманструе пратэст супраць таго, што адбываецца, — сказала Ціханоўская. — Але я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, не трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку — дыктатуры, рэжыму — усё роўна. Мы бачым, што яны не хочуць адступаць ад гэтай жорсткасці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам».

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: