СБП і ЗБС «Бацькаўшчына» патрабуюць паважаць каштоўнасці беларускага народа

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» выступілі з супольнай заявай, у якой патрабуюць паважаць гісторыка-культурныя каштоўнасці Беларусі (бела-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і беларускую мову), а таксама спыніць спробы расколу беларускага грамадства.



«У апошні час усё часцей з боку ўладных структур Беларусі на самым высокім узроўні мы чуем запалохванні ў тым, што сёлетні мірны пратэст за справядлівыя выбары адною са сваіх мэтаў мае гвалтоўнае насаджэнне бел-чырвона-белага сцяга і беларусізацыі як уціску рускамоўнага насельніцтва. Такім чынам улады хочуць адцягнуць увагу ад наяўных праблем і патрабаванняў грамадзян правесці новыя справядлівыя і празрыстыя выбары прэзідэнта краіны і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у гвалце над сваім народам», — гаворыцца ў заяве.

«Больш за тое, чым часцей гучаць такія заявы, тым больш нарастае ўпэўненасць, што ўлады спрабуюць правесці прапагандысцкі раскол у беларускім грамадстве, – так, як гэта было ва Украіне зусім нядаўна. Навязваючы і распаўсюджваючы ілжывую інфармацыю, улады імкнуцца пасеяць варажнечу сярод удзельнікаў мірнага пратэсту, а таксама, што найбольш важна, паказаць вонкавым назіральнікам, у першую чаргу — расійскім, што ў Беларусі на дадзены момант існуе неабходнасць у актыўным умяшальніцтве ва ўнутраныя справы, у тым ліку вайсковым», — канстатуецца ў дакуменце.

Арганізацыі падкрэсліваюць, што што нацыянальныя сімвалы Беларусі, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», унесены самой уладай у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, «служаць грамадству толькі дзеля яго яднання і кансалідацыі, што паказваюць і мірныя акцыі пратэсту, дзе нашыя старажытныя сімвалы трывала замацаваліся і актыўна выкарыстоўваюцца ўсімі пакаленнямі дэманстрантаў».

Гэтаксама і беларуская мова служыць толькі мэтам яднання і з’яўляецца бясспрэчнай каштоўнасцю беларускай нацыі, дадаецца ў заяве.

«Мы, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне “Бацькаўшчына”, патрабуем спыніць усякія спробы ўнесці раскол у беларускае грамадства. Лічым, што такія маніпуляцыі з каштоўнасцямі беларускага народа шкодзяць міждзяржаўным стасункам і нясуць пагрозу суверэнітэту нашай краіны», — гаворыцца ў заяве.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: