«Сціхніце. Калі яшчэ якая б...дзь пастукае, кінем гранату!»

Гісторыі міліцэйскага гвалту не сканчаюцца. 47-гадовую мінчанку Ніну амапаўцы схапілі 10 жніўня: жанчына стаяла ў вялікім натоўпе каля станцыі метро «Пушкінская». Яе расповед пра тое, што было потым, публікуе Свабода. 
10 жніўня на станцыі метро «Пушкінская»

10 жніўня на станцыі метро «Пушкінская»



"Заштурхалі ў мікрааўтобус, у якім я раптам убачыла свайго ўчастковага. Ён быў у шаломе, але без маскі, так што я яго адразу пазнала. І ўзрадавалася. Мы з ім даўно знаёмыя, ён мяне добра ведае. Вось, думаю, ён мяне зараз адпусціць. Я ж нічога такога не рабіла. Але не адпусціў. Наогул, мне здалося, што гэта ўжо нейкі іншы чалавек. Кажа, паедзеце з усімі, адказвайце за свае справы.

Мяне прывезлі ў Фрунзенскае РУУС. Пункт збору затрыманых зрабілі ў спартовай залі. Мне, як і ўсім, начапілі за спінай кайданкі, паставілі каля сценкі на калені і тыцнулі тварам у падлогу. Я ўжо потым, калі вызвалілася, паспрабавала прыняць дома такую позу – не выйшла. Больш за іншых мне запомнілася супрацоўніца органаў Крысціна.

Побач са мной стаяў на каленях хлопец. Падымаць галаву было нельга, але я старалася паглядзець. У мяне сын там, на «Пушкінскай», быў, дваццаць шэсць гадоў, і я баялася ўбачыць яго тут. Дык вось гэтая Крысціна біла хлопца палкай. Па галаве, па нагах, па руках. Ён крычаў. Потым ён перастаў крычаць. Напэўна, болевы шок або страціў прытомнасць. Я чую, за спінай хтосьці кажа: “Ён усё, адкінуўся”. А другі: “Давай дабівай, і выцягваем”. Яна зноў пачынае біць гэтае нежывое цела, потым яго выцягваюць.

Калі мне сказалі: «Давай на допыт», я ўстаць не змагла. Спачатку мяне штурхалі нагамі, потым усё ж такі паднялі і падвялі да стала. Першае пытанне было: “Колькі вам заплацілі?” Кажу: “Мне ніхто нічога не плаціў”. Я цяпер разумею: калі ім усе так адказвалі, яны яшчэ больш лютавалі, шалелі. «Ну ты, б..ь, сука, скаціна, – яны з намі не размаўлялі нармальна, там быў роў на ўсю гэтую спартзалу. – Ты што, не зразумела, што ў цябе пытаюцца?! Колькі табе заплацілі?»

І тут я зразумела, што трэба заткнуцца, проста замаўчаць. Яны ўзялі мой тэлефон. «На якія каналы падпісаная?» Вядома, на ўсё. Праштудзіравалі ўвесь мой тэлефон. На мітынгах была, усё здымала. Кампрамату цэлая куча. Потым ім спатрэбіліся нечага мае SIM-карткі. Але, каб адкрыць мой тэлефон, патрэбен такі ключык. У мяне яго не было. І тут гэтая Крысціна пачала біць тэлефон дубінкай, пакуль ён не разваліўся. Дасталі дзве сімкі і флэшку.

Потым яна мне кажа: «Так, здымай станік». Поўна АМАПу, спартзала... Я стаю ў кайданках, рукі ззаду. «Гадаўка, здымай станік!» Я спрабую ззаду пад кашулю залезці і разумею, што рукі сшэрхлі, я не магу іх падняць. «Здыміце ёй кайданкі!» І зноў: «С..а, здымай!» Разумееце, у мяне шокавы стан! Я не разумею, што мне рабіць. І яна сама залазіць мне пад кашулю, праз рукаў выцягвае станік, шпурляе на стол.

Ва ўсіх жанчын, з кім я ў камеры потым сядзела, станікаў не было. Ці то яны баяліся, каб мы на іх не павесіліся, ці то проста прыніжэнне такое... Дзяўчаты, якія прыязджалі потым на Акрэсціна з іншых РУУС – з імі такога не было.

Потым нас кінулі ў камеру. Сярод нас былі дзве жанчыны з Бараўлянаў, з дзіцячага анкалагічнага цэнтру. Абедзве ў водпуску, ехалі дапамагаць, надзелі белыя майкі з чырвонымі крыжамі спераду і ззаду, узялі медыкаменты. Іх выцягнулі з машыны – «Вы едзеце дапамагаць бандытам!».

Яшчэ адна жанчына ехала з працы на сваёй машыне, наогул ні ў чым не ўдзельнічала. Заехала ў супермаркет купіць прадукты, спынілася на святлафоры. Пайшоў АМАП, потым мітынгоўцы. Я, кажа, спынілася, каб іх прапусціць. І раптам, кажа, бачу – да мяне ляцяць чорныя. Я ад страху заблакавала дзверы. Яны разбілі ўсю яе машыну, выцягнулі саму. Яна паказвала нам у камеры – уся сіняя, на галаве гематомы, яе білі аб асфальт галавой. Яе потым звадзілі на суд на Акрэсціна, далі 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванням.

І ў РУУС, і потым на Акрэсціна былі людзі з розных падраздзяленняў. Калі мне цяпер кажуць: гэта быў АМАП або гэта быў “Алмаз", «нашы мясцовыя так не рабілі», я адказваю: “Хлопцы, калі б я там не была…” Я бачыла там звычайную нашу міліцыю, я магу адрозніць, не дурная.

Назаўтра нас сабралі зноў у той самай спартовай залі. Я сярод затрыманых была шостая ў чарзе, і ўжо да 12-й гадзіны мяне адвялі ў камеру. А што рабілася потым ноччу – гэта быў проста жах. Усе сцены і падлога былі раніцой залітыя крывёю. Нам: «Хутка-хутка, рукі на плечы!» і сказалі, што павязуць у Жодзіна. Але адвезлі на Акрэсціна. З аднаго пекла ў другое. Таму што тым, хто трапіў у Жодзіна, пашанцавала, да іх ставіліся паблажліва.
Турма на Акрэсціна

Турма на Акрэсціна



На Акрэсціна нас, жанчын, было 60 чалавек. Хлопцаў было нашмат больш. Іх білі так, што проста перадаць не магу. Іх прымушалі спяваць гімн. Іх прымушалі крычаць «Я люблю АМАП!». Твары ў хлопцаў былі апухлыя, у крыві. Іх кудысьці групамі адводзілі, як мы здагадаліся – на суд. Таму што проста туды, на Акрэсціна, прыязджалі суддзі. Мы думалі, будуць даваць штрафы. Але не, давалі суткі, ад 8 і больш.

Гадзін да адзінаццаці вечара мы стаялі ў двары. Хлопцаў кудысьці адводзілі, а мы стаялі, замярзалі. Я была ў адной кашулі, і ўсе так. А ў адзінаццаць нам зноў сказалі: «Хутка, рукі на плечы, бягом-бягом», дубінкамі падганялі, завялі ў дворык. Цяпер я разумею, што гэта дворык для выгулу зняволеных, такая вялікая круглая камера, уверсе сетка замест даху, люк унізе для туалету, і ўсё. Мала таго, што мы дзень мерзлі ў двары, тут нас яшчэ на бетон кінулі. Мы проста клаліся адна на адну, каб сагрэцца. Некаторыя дзяўчаты пачалі стукаць, прасіць вады. Прыйшоў адзін, сказаў: «Сціхніце. Калі яшчэ якая б...дзь пастукае, кінем гранату». Мы, дарослыя жанчыны, пачалі прасіць дзяўчатак: “Давайце трываць, будзе толькі горш”.

Але пачалося іншае пекла. Усю ноч праз верх (неба ж адкрытае) мы чулі, як білі хлопцаў. Іх проста забівалі. Мы чулі лясканне дубінак і лямант, крыкі. Мяне пытаюцца, ці моцна хлопцаў нашых білі. Я адказваю: іх не білі – іх проста забівалі. Там было шмат маладых жанчын і дзяўчат – па васямнаццаць-трыццаць гадоў. Мне ўжо пад пяцьдзясят, псіхіка ўстаялася. Але і ў мяне проста ехаў дах. Я рыдала, заціскала вушы: гэта было немагчыма трываць.

Потым пад раніцу, ужо пачынала днець, прыйшоў нейкі мужчына, адчыніў дзверы і зноў “бегма-бегма”, падганяючы, нас развялі па камерах. Потым я даведалася, што замест нас туды на бетон завялі 160 мужчын, якіх прывезлі з розных РУУС гораду.

Я спачатку не баялася. Гаварыла пад дыктафон і пад камеру, называла сябе адкрыта. Але цяпер страх вярнуўся. Вось тая жанчына, якую з машыны выцягнулі, яна стала скаргі падаваць. Трое сутак з пятнаццаці яна адседзела, потым ёй да пяці скінулі. Мы, з кім сядзелі, цяпер стварылі групу, маем зносіны. Я таксама адразу напісала тры заявы са скаргамі: у Фрунзенскае РУУС, у Следчы камітэт і ў Генпракуратуру. Але не падала іх, інтуіцыя падказала. Дачка мне кажа: “Мама, ты чаму не адносіш скаргі?” Ды таму, што бачым: усе заявы пацярпелых вяртаюцца ў Следчы камітэт! Тыя выдзіраюць потым кожнага пацярпелага, хто падаў заявы, пачынаюць шукаць на яго ўсялякі кампрамат і заводзяць крымінальныя справы паводле 93-га артыкулу, ад 5 да 15 гадоў. Я не хачу сесці на восем гадоў!“

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: