Сцяг перавярнуўся ноччу на запячатаным выбарчым участку ў Гродна

Назіральнікі кампаніі «Права выбару» заўважылі незвычайную змену на выбарчым участку №11 Гродзенскай-Цэнтральнай акругі №51. Дзяржаўны сцяг «перавярнуўся» за ноч у запячатаным памяшканні, паведамляе «Свабода».

Злева — як было 12 лістапада, справа — як стала 13-га

 

Як сцвярджае назіральнік Сяргей Верамеенка, каардынатар гродзенскай кампаніі «Права выбару», да 13 лістапада чырвона-зялёны сцяг на ўчастку вісеў дагары нагамі. Ён і назіральнік «Вясны» Ігар Дзьячкоў прысутнічалі пры апячатванні памяшкання вечарам 12-га, а пры распячатванні раніцай 13-га прысутнічаў Дзьячкоў. І на раніцу 13 лістапада сцяг вісеў ужо «як трэба».

На ўчастку Свабодзе адмовіліся каментаваць здарэнне, а ў акруговай выбарчай камісіі заявілі, што пра такое яшчэ не чулі.

Верамеенка расказаў Свабодзе, што старшыня і чальцы камісіі «блыталіся ў паказаннях» і не змаглі ўцямна растлумачыць, на якой падставе нехта меў доступ у запячатанае памяшканне, дзе знаходзілася скрыня для галасавання, і чаму назіральнікаў не запрасілі на пасяджэнні камісіі, якое там нібыта праводзілася да пачатку працы ўчастку.

На сцяг назіральнікі звярнулі ўвагу яшчэ 12-га — Верамеенка кажа, чуў, што і самі чальцы камісіі гэта заўважылі, вырашылі перавесіць, але пасля таго, як участак закрыюць. Цяпер ён піша заяву ў акруговую камісію наконт доступу невядомых на запячатаны ўчастак.

Тым часам калі назіральнікі налічылі 107 выбарнікаў на ўчастку падчас датэрміновага галасавання, у пратаколе было пазначана, што прагаласаваў ужо 171 чалавек.

І гэта не ўсё, што бачылі на ўчастку назіральнікі. Выбарнікі адкрыта і неаднаразова абураліся тым, што іх гоняць на датэрміновае галасаванне, але старшыня ўчастковай камісіі адхіліў скаргу.

Суседні 12-ы ўчастак той жа акругі Верамеенка таксама называе «праблемным». На ўчастку пасля абеду ў цемры знаходзілася старшыня камісіі. На пытанне пра тое, чаму яна там сядзіць у цемры, яна адказала, што «рыхтуецца да працы».

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!