Сексуальны гвалт, адсутнасць мед. дапамогі, бесчалавечнае абыходжанне. Як катуюць жанчын

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падрыхтаваў трэцюю прамежкавую справаздачу, піша «Прававая ініцыятыва». Яна тычыцца прымянення катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання ў дачыненні да жанчын.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Асноўная эскалацыя катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажалючага чалавечую годнасць абыходжання з боку сілавых органаў адбывалася 9-13 жніўня 2020 года па ўсёй Беларусі. Гвалт супраць мірных дэманстрантаў працягнуўся ўладамі да канца 2020 года і ў студзені 2021-га.

Ужываючы да жанчын — як да адной з уразлівых груп — удзельніц мірных акцый прамы гвалт і дапушчаючы розныя формы бесчалавечнага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання, ігнаруючы асаблівыя патрэбы жанчын, якія знаходзяцца ў няволі, прадстаўнікі дзяржавы ажыццявілі прамое парушэнне як нацыянальных прававых норм, так і абавязацельстваў дзяржавы, якія вынікаюць з міжнародных дамоў.

У справаздачы адзначаецца, што фізічныя катаванні ў дачыненні да жанчын 9-13 жніўня мелі меншы ахоп, чым у дачыненні да мужчын, аднак і працэнт жанчын, затрыманых на акцыях у гэтыя дні, значна меншы.

Медыцынская дапамога жанчынам не прадастаўлялася або прадастаўлялася ў адзінкавых выпадках.

Сексуальны гвалт у дачыненні да жанчын адбываўся практычна паўсюдна і на розных стадыях узаемадзеяння з прадстаўнікамі сілавых структур: у моманты затрымання, перавозкі ў месцы ўтрымання, у месцах утрымання, у месцах адбыцця пакарання.

Дастаўка ў пенітэнцыярныя ўстановы і ўмовы ўтрымання ў іх не адпавядаюць міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству і з'яўляюцца катаваннямі, жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасць абыходжаннем.

На скаргі, пададзеныя ў органы пракуратуры на ўмовы ўтрымання, дзяржава не рэагуе і працягвае мэтанакіраваную практыку стварэння жорсткіх, бесчалавечных і прыніжаючых чалавечую годнасць умоў утрымання жанчын у месцах несвабоды.

Аніводнай крымінальнай справы па заявах аб катаваннях так і не было ўзбуджана.

Шматлікія акты гвалту, ужытыя да жанчын падчас затрымання, а таксама пры дастаўленні і ўтрыманні іх у месцах несвабоды, у сілу іх масавасці цалкам падпадаюць пад юрысдыкцыю арт. 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва»), а таксама парушаюць Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання і Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

Ва ўсіх месцах несвабоды парушаюцца палажэнні Мінімальных стандартных правілаў у дачыненні да абыходжання са зняволенымі («правілы Нэльсана Мандэлы»), а менавіта жаночыя аддзяленні турмы павінны знаходзіцца ў падпарадкаванні адказнага супрацоўніка жаночага полу, ні адзін супрацоўнік мужчынскага полу не павінен дапускацца ў жаночае аддзяленне без суправаджэння супрацоўніка жаночага полу, нагляд над жанчынамі таксама павінны ажыццяўляць супрацоўнікі жаночага полу. Насуперак названым нормам асабістыя ператрусы затрыманых жанчын нярэдка праводзілі мужчыны.

У большасці выпадкаў дзяржавай не выконваюцца правілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія тычацца абыходжання з жанчынамі-зняволенымі, і мер пакарання для жанчын-правапарушальніц, не звязаных з пазбаўленнем волі.

Вышэйзгаданыя парушэнні, а таксама адзначаныя вялікай колькасцю апытаных жанчын пагрозы сексуальным гвалтам на ўсіх этапах знаходжання іх пад кантролем сілавікоў, цынічныя ацэнкі мужчын-ахоўнікаў знешнасці зняволеных жанчын і асаблівасцей жаночай фізіялогіі, падкрэслена акцэнтаваныя абразы іх менавіта як жанчын, адмовы выдаць спецыфічныя для жанчын сродкі асабістай гігіены і іншыя аналагічныя дзеянні сведчаць аб грубым парушэнні дзяржавай палажэнняў арт. 2 Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, удзельнікам якой Рэспубліка Беларусь з'яўляецца.

Довады афіцыйных улад аб тым, што, спыняючы мірныя дэманстрацыі пакараннямі ў выглядзе арыштаў і штрафаў, яны дзейнічаюць у адпаведнасці з «Законам аб масавых мерапрыемствах» і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, неправамерныя, паколькі, згодна з сумесным заключэннем Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ «аб "Законе аб масавых мерапрыемствах" у Рэспубліцы Беларусь», а таксама і шэрагу рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН згаданы закон не адпавядае палажэнням арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўсталёўвае агульнапрызнаныя стандарты свабоды мірных сходаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: