Сем параненых у крытычным стане

Валанцёры сабралі звесткі аб парушэннях правоў удзельнікаў мірных пратэстаў.



Валанцёры грамадскага аб’яднання «Звяно» адшукалі ў лякарнях Менску 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У некаторых выпадках ёсць аўдыё- або відэаматэрыялы.

На момант падрыхтоўкі справаздачы вядома пра 7 параненых, яны ў крытычным стане ў рэанімацыі. Апыталі работнікаў хуткай дапамогі і пацярпелых, якія знаходзяцца ў вайсковым шпіталі, лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, 6-й гарадзкой клінічнай лякарні, 2-й гарадзкой клінічнай лякарні.

Права на жыццё

Сілавыя структуры выкарысталі агнястрэльную зброя супраць удзельнікаў пратэстаў, што сведчыць аб наўмысным пазбаўленні жыцця людзей. Пра агнястрэльныя раненні паведаміла брыгада хуткай дапамогі, якая працавала ў ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне мэтро «Пушкінская». Пацярпелых ад агнястрэльных раненняў яны адвозілі ў вайсковы шпіталь.

Кіроўца машыны хуткай дапамогі паведаміў, што прынамсі тры чалавекі загінулі ў гэтым раёне. Улады паведамілі толькі пра адну ахвяру — Аляксандра Тарайкоўскага. Выклікае шмат пытанняў вэрсія МУС, бо на відэа відаць, што ў чалавека ў руках нічога не выбухае, а гіне ён ад стрэлу з агнястрэльнай зброі. Афіцыйнае расследаванне смерці ўдзельніка пратэсту не распачата, ніякіх следчых дзеянняў не вядуць, сведак здарэння ніхто не шукаў.

Таксама з агнястрэльным раненнем у рэанімацыі 4-га гарадскога шпіталя знаходзіцца чалавек, які паступіў у ноч з 9 на 10 жніўня.

Неаказанне мэдычнай дапамогі

Ёсць сведчанні людзей, якія трапілі ў лякарні з пераломамі рэбраў, рук і іншымі траўмамі, пры якіх патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога. Усе яны сцвярджаюць, што дапамогу аказалі праз 6-12 гадзін пасля атрымання траўмы, некаторым толькі пасля страты прытомнасці.

Аднаго чалавека вывезлі на «хуткай» толькі таму, што ён не змясціўся ў аўтазак. Ён быў затрыманы каля 21-й гадзіны 11 жніўня ў раёне Ўручча, а ў лякарню хуткай дапамогі прыбыў праз суткі. Увесь гэты час яму не аказвалі дапамогі. Паводле яго, многія людзі, змешчаныя ў аўтазак, былі ў цяжкім стане.

Таксама арганізацыя звяртае ўвагу на факт смерці ў Гомлі, калі памерлы звяртаўся па дапамогу і яму адмовілі. Таксама не праводзілі расследаванне і адмовілі ў судова-мэдычнай экспэртызе, каб дазнацца прычыны смерці.

Права на асабістую свабоду

Большасць пацярпелых заяўляюць пра сваё затрыманне без падставаў. Гэта тычыцца ня толькі мірных дэманстрантаў, затрымлівалі таксама пешаходы, кіроўцы, раварысты, якія знаходзіліся побач з сваім домам. Пры гэтым сваякам не паведамлялі пра затрыманні.

Пацярпелыя сцьвярджаюць, што сілавікі патрабавалі пароль ад мабільнага тэлефона і праглядалі асабістую інфармацыю. Тэлефоны забіралі ў адзін пакет, не фіксуючы прыналежнасць. Большасць не атрымала іх назад. Пацярпелыя сведчаць, што не супраціўляліся пры затрыманні, аднак іх жорстка збівалі. У аўтазаку, РУУС і ІЧУ людзі былі на каленях, стаялі каля сцяны альбо ляжалі ў шэрагах, па якіх прымушалі ісці новых затрыманых. Цягам 6-12 гадзін не дазвалялі выйсці ў прыбіральню, не давалі вады і ежы. Некаторыя заставаліся ў перапоўненых аўтазаках на санцапёку больш за 6 гадзін.

У ІЧУ людзей у майках з «Пагоняй» аблівалі вадой і ўжывалі электрашокер, некаторых прымушалі зесці белыя бранзалеты, ёсць паведамленні пра ўнутрыцяглічныя іньекцыі, каб не пакідаць слядоў збіцця. Адной пацярпелай давалі псыхатропныя лекавыя прэпараты, пасля чаго яна не магла гаварыць і адчувала цяжкасці з дыханнем.

Многія кажуць пра пагрозы забойствам і згвалтаваннем, прыстаўленнем да галавы зброі, распрананнем дагала і пакіданнем на вуліцы. На просьбы аб мэдычнай дапамозе або вадзе міліцыянты адказвалі ўдарамі. Сведкі сцьвярджаюць, што тыя адпрацоўвалі ўдары «па мэтадычцы»: адзін трымаў захопленага, другі казаў, як яго павярнуць.

Незаконнае ўжыванне сілы

Многія пацярпелыя атрымалі раненні і апёкі ад святлашумавых гранатаў. Гранаты кідалі проста ў людзей або ў непасрэднай блізкасці ад іх. Наўмысна закідвалі гранаты ў аўтамабіль — ёсць сведчанні, што салдат унутраных войскаў разбіў бакавое шкло.

Таксама чалавек атрымаў траўмы, калі выйшаў на дарогу забраць параненага. Калі наблізіўся да ляжачага мужчыны, у яго паляцелі гранаты з боку сілавікоў. Многія траўмы ад гумовых куляў, у тым ліку з блізкай адлегласці. Удалося адшукаць пацярпелага, у якога ў назе захрасла ня толькі куля, а і гільза. Яго спынілі на вуліцы Ракасоўскага. Пагражаючы зброяй, скамандавалі выйсці з машыны і стрэлілі ў сцягно з адлегласці аднаго мэтра.

Раварыст быў затрыманы ля стэлы 10 жніўня, падчас затрымання яму зламалі дручком вачніцу. Пасля затрымання людзей перавозілі з мяхамі на галовах, у ІЧУ прымусілі паўзці на каленях з аўтазаку да будынку каля 150 мэтраў і ўвесь час збівалі. Грошы, якія ён меў пры сабе, забраў міліцыянт.

Адсутнасць праўных сродкаў абароны

Ніводзін пацярпелы ня змог звярнуцца да адваката. Многіх адпускалі зехаць на «хуткай» толькі пры ўмове падпіскі, дзе чалавек згаджаўся, што супраціўляўся міліцыі. Вядомыя факты, калі пасля звароту па дапамогу прадстаўнікі ўлады вывозілі пацярпелых у невядомым кірунку. Асцерагаючыся абяцанага крымінальнага пераследу, многія пацярпелыя ня хочуць звяртацца па дапамогу ў мэдычныя ўстановы.

Зафіксаваны факт парушэння правоў непаўналетняга, які трапіў у лякарню ў ноч з 7 на 8 жніўня. На яго напалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у раёне плошчы Перамогі, ударылі дручком па галаве, адвезлі ў РУУС. Там доўгі час не аказвалі дапамогу і з яго тэлефона адказвалі маці, што з ім усё ў парадку. Калі па яго прыехаў бацька, то выклікаў «хуткую», і дзіця паклалі ў шпіталь хуткай дапамогі. 10 жніўня да яго ў палату прыйшоў прадстаўнік Следчага камітэту і апытваў без адваката і дазволу бацькоў.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: