Севярынцу — 15 сутак. Жонку з малым сынам не пусцілі на суд

Сустаршыні БХД Паўлу Севярынцу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Суддзя палічыў, што Севярынец 7 чэрвеня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў Мінску, каля Камароўскага рынку. У гэты дзень прадстаўнікі 8 ініцыятыўных груп збіралі подпісы за сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнта, паведамляе Свабода.
Павал Севярынец каля Камароўскага рынку . Фота Арцёма Лявы

Павал Севярынец каля Камароўскага рынку . Фота Арцёма Лявы

Суддзя Яўген Пісарэвіч асудзіў Паўла Севярынца за ўдзел у несанкцыяванай акцыі (10 сутак) і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі (5) — агулам 15. Севярынец сказаў, што гэта беззаконне — асуджаць за дазволены пікет падчас выбарчай кампаніі.

«Мяне затрымлівалі вельмі жорстка. Непакоюся за тых, хто мяне абараняў пры затрыманні», — сказаў Севярынец. У судзе ён быў у медычнай масцы.

Судзілі актывіста ў Фрунзенскім раённым судзе. Працэс пачаўся без назіральнікаў і журналістаў, на суд не пусцілі і жонку Паўла Севярынца Вольгу, якая прыйшла з малым сынам.

Ужо пасля допыту двух сведак-міліцыянтаў на працэс удалося прайсці карэспандэнту Свабоды і пачуць паказанні, якія давала суду сведка Вольга Кавалькова. Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзідэнта Вольга Кавалькова тлумачыла суду выбарчае заканадаўства, паводле якога, з яе словаў, падчас збору подпісаў грамадзяне маюць права знаходзіцца побач і весці размовы, у тым ліку абмяркоўваць праблемы.

«Закон не патрабуе для такіх сустрэч і размоў атрымання адмысловага дазволу мясцовых уладаў», — зазначыла Вольга Кавалькова, чыя ініцыятыўная група таксама збірала 7 чэрвеня подпісы каля Камароўскага рынку.

Павал Севярынец у апошнім слове настойваў, што людзі, якія сабраліся ўчора каля Камароўскага рынку, і ён у тым ліку, не парушалі закону. Севярынец назваў паказанні сведак-міліцыянтаў ілжывымі і сказаў, што за гэтыя паказанні іх могуць прыцягнуць да адказнасці. Таксама Павал Севярынец звярнуўся да суддзі. Паводле актывіста, у выпадку перамогі дэмакратычных сілаў у Беларусі адбудзецца люстрацыя і суддзі, якія выносяць незаконныя прысуды, пазбавяцца працы.

Паводле назіральнікаў, 7 чэрвеня а 14 гадзіне на пляцоўцы каля Камароўскага рынку, дзе збіралі подпісы прадстаўнікі 8 ініцыятыўных групаў, знаходзіліся больш за 1,5 тысячы чалавек, частка з іх бралі ўдзел у сустрэчы, на якой людзі выказваліся ў «вольны мікрафон».

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: