Севярынцу, Афнагелю і Войнічу прысудзілі 7 гадоў калоніі, іншым абвінавачаным — па 4-5 гадоў (+відэа)

Сёння ў Магілёўскім абласным судзе агучваюць прысуды семярым палітвязням: Паўлу Севярынцу, Яўгену Афнагелю, Паўлу Юхневічу, Максіму Вінярскаму, Андрэю Войнічу, Ірыне Шчаснай і Дзмітрыю Казлову.

Павел Севярынец, Яўген Афнагель і Андрэй Войніч асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Павел Юхневіч, Максім Вінярскі і Дзмітрый Казлоў атрымалі па 5 гадоў агульнага рэжыму, Ірына Шчасная — чатыры гады таксама агульнага рэжыму, 

Закрыты працэс над сямю фігурантамі справы аб масавых беспарадках пачаўся ў Магілёўскім абласным судзе 12 траўня. Суддзя Ірына Ланчава.

У першы дзень суда адбыліся затрыманні журналістаў Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча (яны атрымалі па 20 сутак арышту) і рэгіянальнага каардынатара БХД Алега Аксёнава (арыштаваы на 15 сутак).


Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года на шляху дахаты з пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Спачатку палітык 75 сутак правёў на Акрэсціна, дзе на знак пратэсту парэзаў сабе рукі. Потым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Яму было прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя масавых беспарадкаў».

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель быў затрыманы 25 верасня 2020 года. Сілавікі наўпрост выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў. Яму прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках», ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці».

Таксама 25 верасня прыйшлі да актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча. Ён быў затрыманы разам з Ягорам Ліцвінкам, Анастасіяй Кірык і Андрэем Войнічам у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). У кватэру, дзе знаходзіліся актывісты «Еўрапейскай Беларусі», сілавікі патрапілі адначасова праз акно і дзверы: яны былі ў масках і са зброяй. У затрыманых канфіскавалі ўсю тэхніку, сцягі, асабістыя рэчы.

Актывіста Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Падчас ператрусу ў кватэры затрыманага канфіскавалі кампутарную тэхніку, тэлефоны, бчб-сімволіку, налепкі і балоны з аэразольнай фарбай. Яго абвінавацілі ў парушэнні ч. 2 арт.293 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Блогера ютуб-канала «Шэры кот» Дзмітрыя Казлова забралі 10 чэрвеня 2020 года. Яму прад’явілі абвінавачанні па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Рэдактарку некалькіх тэлеграм-каналаў Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада 2020 года супрацоўнікі СК, якія былі пераапранутыя ў форму ЖЭС. Калі маці Ірыны заходзіла ў пад'езд дома, «супрацоўнікі ЖЭС» спыталі ў яе, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Калі маці дзяўчыны адказала, што не жыве тут, людзі зайшлі з ёй у пад'езд і жорстка адштурхнулі сталую жанчыну. У кватэры Ірыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя ноўтбук, тэлефон, грошы. Пасля гэтага Ірыну павезлі для допыту ў СК. Яе абвінавацілі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках».

На працэсе дазволілі прысутнічаць толькі па двое сваякоў ад вязня. Між тым, у залю зайшла вялікая група журналістаў дзяржаўных СМІ.


Пасля абвяшчэння прысуду жонка Паўла Севярынца Вольга распавяла, што хлопцы скандавалі «Верым, можам, пераможам!» і «Жыве Беларусь!».


Агулам хлопцы трымаліся бадзёра. Павел Севярынец адзначыў, што дзею ніяк нельга назваць судом. І сваякі вязняў упэўненыя, што ніхто з асуджаных не будзе сядзець увесь тэрмін.

Ганна, Таццяна і Вольга Севярынцы

Ганна, Таццяна і Вольга Севярынцы

Пасля абвяшчэння прысуду вязняў павезлі назад у турму.


Сваякі Севярынца і Шчаснай паехалі ўслед за імі, бо сёння ім дазволілі спатканне.







Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: