Сезон скаргаў Андрэя Бандарэнкі

Пасля накладання спагнання 30 верасня вязень сумлення Андрэй Бандарэнка выказаў сваю нязгоду ў форме скаргі. І хоць надзей на поспех няма, ён працягвае змагацца за свае правы і справядлівасць.



Як вынікае з ліста Андрэя, атрыманага 24 кастрычніка, самым сумным фактам з турэмнага жыцця ён лічыць тое, што яго не збіраюцца здымаць з прафілактычнага ўліку як «схільнага да нападу» на супрацоўнікаў адміністрацыі Магілёўскай турмы, дзе ён знаходзіцца. І гэта нягледзячы на тое, што прайшло ўжо больш за год пасля накладання спагнанняў, якiя сталi падставай для такога рашэння.

Бандарэнка напісаў, што, знаходзячыся на турэмным рэжыме, упадае ў беднасць. У яго скончыліся сшыткі, фарматныя лісты, а таксама стрыжні. У месяц яму дазваляецца расходаваць не больш за 21 рубель (на фоне таго рацыёну харчавання, аб якім распавялі, пабыўшы ў Магілёўскай турме, Генадзь Давыдзька і Ірына Дарафеева, а потым — удакладнілі «сядзельцы» той жа ўстановы Мікалай Статкевіч і Мікалай Дзядок).

Яшчэ адна праблема, з якой даводзіцца сутыкацца Бандарэнку, — перыядычнае затрыманне і канфіскацыя лістоў. Ён ніяк не можа прыстасавацца да спецыфічных патрабаванняў турэмных цэнзараў: што можна пісаць, а што нельга. Апошні ліст яму давялося перапісваць — «чысціць», як і папярэдняе. Усялякія ўкладанні на яго адрас таксама старанна цэнзуруюцца, нават ксеракопіі газетных публікацый.

Тым не менш, Бандарэнка ўсцешаны з таго, што зварот ад яго імя пайшоў у Камітэт ААН па правах чалавека. Ён піша, што для яго гэта «важны крок да аднаўлення сваіх правоў». Пры гэтым ён не сумняваецца, што «...блізка час, калі сітуацыя ў краіне зменіцца, і шматлікім суддзям, пракурорам і іншым «сілавікам» прыйдзецца даць тлумачэнні».

Бандарэнка перадае ўсім прывітанні, асабліва Міхаілу Жамчужнаму, за якога вельмі перажывае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: