«Схапілі чалавека, які ўратаваў мне жыццё»

Сёння ў мінскай Грушаўцы на «ланцугу салідарнасці» быў схоплены выдатны беларускі кардыяхірург Алег Паланецкі.

Гэты ўсмешлівы, гожы і нязменна дасціпны велікан з чуйнымі і цёплымі рукамі дванаццаць гадоў таму такімі самымі восеньскімі днямі выратаваў мне жыццё.

Мяне, ужо амаль бездапаможнага, прывезлі ў «хуткай», і ён даў дзесяць хвілін на тое, каб штосьці напісаць або зрабіць тэлефонны званок. А яшчэ загадаў думаць пра тых людзей, якіх я хачу пабачыць, і пра мясціны, дзе хачу зноў апынуцца.

Насамрэч хвілінаў аказалася меней: я паспеў паставіць аўтограф у бланку са згодай на аперацыю ў любой форме, і медсястрычка бегма павезла мяне на каталцы ў аперацыйную. Я разумеў, што аўтограф мае шанец стаць апошнім, а мне, магчыма, выпадзе даведацца, чаго вартыя размовы пра той свет...

Назаўтра раніцой, калі я ляжаў пад клепсыдраю кропельніцы з яе вясёлымі срэбнымі бурбалкамі, Алег Леанідавіч прыйшоў у рэанімацыю: кінуў позірк на «Нокію» каля падушкі і працягнуў руку, якую я пакуль быў няздольны паціснуць. «Дзякуй, доктар! Гульня працягваецца». — «Ну-ну. Першы раз даведваюся пра стан свайго пацыента з інтэрнэту».

Так з'явіўся мой другі дзень нараджэння. Так пачалося знаёмства з чалавекам, якога я лічу часткаю агульнанацыянальнага «залатога запасу».

Затрымліваць геніяльнага доктара і восем ягоных калегаў з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялогія» прыехалі са сваімі дубінамі нялічаныя «сацыяльныя работнікі» на чатырох аўтобусах. «Сацыяльныя работнікі» — вызначэнне Алега Леанідавіча.

Медыкаў адпусцілі (вярнуўшыся, Паланецкі адразу накіраваўся на аперацыю), але іх будуць судзіць.

Будуць судзіць доктара, які ўратаваў здароўе і жыцці тысячам суайчыннікаў. Будуць судзіць, бо ён супраць таго, каб гэтыя здароўе і жыцці адбіралі на беларускіх вуліцах і плошчах.

Суддзя, надзеньце балаклаву!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: