Схапілі па дарозе ў краму. У Мінску судзяць удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху»

Сёння ў судзе Першамайскага раёна Мінска да 7 сутак арышту прысудзілі актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. Пра гэта Свабодзе распавяла журналістка Любоў Лунёва, якая прысутнічала ў судзе.

«Яго судзілі за пікет 26 красавіка, які адбыўся падчас збору Чарнобыльскага шляху, але па іншым баку праспекту. Паколькі гэта ўжо Першамайскі раён, то там і судзілі», — кажа Лунёва.

Вінярскага затрымалі пасля таго, як ён выйшаў з дому ў краму. Актывіст прасіў замяніць пакаранне на штраф, паколькі дома ў яго засталася 76-гадовая маці, якую ён даглядае.
Максім Вінярскі

Максім Вінярскі


«Маці Вінярскага мае гіпертанію і ёй нельга хвалявацца. А яна нават ня ведае, куды знік сын. Выйшаў у краму і знік. Ён прасіў даць іншае пакаранне, абы ня суткі, але не атрымалася», — гаворыць журналістка.

Сам актывіст паспеў распавесці прысутным, што лічыць сваё затрыманне спробай нейтралізацыі напярэдадні акцыі 1 траўня.

Па словах Любові Лунёвай, неўзабаве на суд павінны даставіць актывістаў Вольгу Мікалайчык і Леаніда Кулакова. Пра спробу ўварвання ў дом Вольгі Мікалайчык паведаміў у сваім Фэйсбуку праваабаронца Сяргей Сыс.


Раней грамадскія актывісты анансавалі акцыю 1 траўня ў Кіеўскім скверы ў Мінску.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: