Сілавікі будуць патруляваць 43 двары ў Мінску. Як гэта магчыма?

У спіс увайшлі двары, дзе грамадзяне неабыякава ставяцца да палітычных падзеяў у краіне. Адкуль возьмуць столькі сілаў і ці пацягне гэта дадатковыя выдаткі, Свабодзе распавёў эксперт.



Дакумент са спісам двароў ужо апублікаваны на сайце Мінгарвыканкаму. У спіс «дэструктыўных» асяродкаў трапіла «плошча Пераменаў» на вуліцы Чарвякова, жыллёвыя комплексы «Каскад», «Маяк Мінску», «Менск-Сьвет», Лебядзіны. Таксама ў спіс увайшлі цэлыя мікрараёны: Уручча (1-е і 5-е), Серабранка, Лошыца, Велазавод і інш.

«Спатрэбіцца мабілізаваць усю міліцыю»

Патруляваць такія двары дружыннікі і супрацоўнікі ЖКГ могуць толькі разам з міліцыянтамі, але супрацоўнікаў патрульна-паставой службы на гэта яўна не хопіць, мяркуе эксперт у сферы бяспекі Андрэй Сыцько.

«Уяўленне, што яны падымуць увесь асабісты склад розных РУУС, людзей, якія не задзейнічаныя ў патрульна-паставой службе. Такое бывала ў 90-я, калі выводзілі на вуліцу ўсіх аператыўнікаў, інспектараў у справах непаўналетніх. Яны не задзейнічаны ў ахове грамадскага парадку. Участковых усіх могуць выгнаць на вуліцу. Гэта варыянт, калі МУС усё будзе пакрываць сваімі сіламі», — мяркуе Андрэй Сыцько.

На думку эксперта, могуць прыцягнуць і афіцэраў з ГУУС Мінгарвыканкаму. Таксама могуць залучыць курсантаў Акадэміі МУС.


«Могуць задзейнічаць войскі»

Іншы варыянт — сумесныя патрулі міліцыянтаў і вайскоўцаў, але і тут ёсць свае цяжкасці.

«Зводныя міліцэйска-вайсковыя патрулі — гэта ўжо падобна на каменданцкі час. Тут больш складана, бо іх трэба недзе размяшчаць, дастаўляць транспартам, іх трэба пакарміць. Пасля іх трэба даставіць назад у казармы, не будуць жа яны ставіць вайсковыя намёты ў дварах», — гаворыць Андрэй Сыцько.

Выдаткі

Ці будзе ў сілавікоў дадатковая аплата за такія рэйды, незразумела, бо грошай у бюджэце няшмат. А наогул выдаткі такіх масавых патрулёў зменшаць працу над крымінальнымі злачынствамі.

«Выходныя і начныя дзяжурствы могуць дадаткова аплачваць. Але горш, калі сілавікі будуць адцягнутыя ад сваіх непасрэдных абавязкаў, гэта адаб’ецца на барацьбе з крыміналам. Чалавек мусіць займацца раскрыццём крадзяжоў ці забойствамі, а ён стаіць і сцяну ахоўвае, каб там ніхто нічога не напісаў», — прыводзіць прыклад Андрэй Сыцько.

Можа быць таксама зробленая схема патрулёў, калі супрацоўнікі замест таго, каб адсыпацца пасля начнога дзяжурства, будуць патруляваць двары.

«Па загадзе ў МУС могуць выконваць абавязкі і без даплаты», — кажа спецыяліст.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: