Не чакалі ўбачыць наступствы папярэдняга ператрусу. У кватэру Кацярыны Пытлевай зноў прыйшлі сілавікі

Калі меркаваць па рэакцыі сілавікоў, убачыць наступствы папярэдняга ператрусу яны не чакалі, нават здзіўлена пыталіся: «І гітару таксама яны зламалі і заплечнікі парэзалі?!», распавяла Кацярына Пытлевай і сумна дадала: «Ну хоць фатаграфіі гэтым разам не рэзалі».

Фота з Фэйсбуку Кацырыны Пытлевай

Пра тое, што ў яе кватэры адбыўся другі ператрус, праграмны дырэктар «Маланка Медыя» Кацярына Пытлева распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Учора ў нас быў другі ператрус. Гэтым разам прыйшлі, здаецца, з КДБ. Дзверы, на шчасце, не ламалі. Калі меркаваць па іх рэакцыі, убачыць наступствы папярэдняга ператрусу яны не чакалі. Нават здзіўлена пыталіся: "І гітару таксама яны зламалі? І заплечнікі парэзалі?!" Наогул, не чакалі яны, што нехта іх апярэдзіў. Затое гэтым разам стала зразумела якія артыкулы мне прыпісваюць. Гэта артыкул 361, часткі 1 і 3», — піша Кацярына Пытлева.

Паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэкса, які інкрымінавалі Кацярыне, судзілі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака.

Арт. 361 частка 1. Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрада дзяржаве, або ўчыненне акта тэрарызму ці дыверсіі, або ажыццяўленне дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйсненне іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, караюцца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Частка 3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: