Сірочы лёс: ці патрэбна дзецям татальная апека дзяржавы

У нашай краіне толькі 2% дзяцей штогод вяртаюцца ў свае біялагічныя сем’і — вось такія асаблівасці мае беларуская сістэма, што не арыентуецца на рэінтэграцыю сям’і, а мае характар, блізкі да пенітэнцыярнага.

Якія дзеці часцей трапляюць у інтэрнаты, як паменшыць колькасць сірот і падтрымаць сем’і, што апынуліся ў цяжкім становішчы, высветліў даследчы цэнтр “CASE Belarus”. 

Каля 35 тысяч дзяцей (2%) у Беларусі з’яўляюцца поўнымі ці сацыяльнымі сіротамі. Яшчэ 25 тысяч дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, то бок патэнцыйна могуць страціць апеку бацькоў.

— Штогод да трох тысяч дзяцей трапляюць у катэгорыю сіротаў. Больш за 80% з іх — сацыяльныя сіроты, — адзначае Зміцер Бабіцкі, аўтар даследавання «Становішча дзяцей-сіротаў і сем’яў групы рызыкі ў Беларусі». 

Падрыхтавана “CASE Belarus”

Амаль палова дзяцей пасля пазбаўлення апекі бацькоў застаецца са сваякамі, якія афармляюць апякунства. Астатнія дзеці трапляюць у інтэрнаты, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ці іх усынаўляюць. У краіне адсутнічаюць такія формы, як апека рэлігійнымі арганізацыямі і мясцовымі супольнасцямі.

Часцей у фостэрныя і прыёмныя сем’і трапляюць дзяўчынкі. У выніку амаль 70% дзяцей, якія жывуць у інтэрнатах, хлопчыкі.

Лічыцца, што хлопчыкі больш праблемныя, тым больш, што людзі ўсё яшчэ мяркуюць, што паводзіны чалавека вызначаюцца генамі. Таму хлопчыкаў не так ахвотна бяруць на сямейную форму выхавання, — тлумачыць даследчык “CASE Belarus”. 

Падрыхтавана “CASE Belarus”

Як сведчаць апошнія дадзеныя, праблема сіроцтва ў краіне не пагаршаецца, колькасць дзяцей-сірот зніжаецца як у абсалютным вымярэнні, так і ў адносным. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што колькасць жанчын фертыльнага ўзросту памяншаецца, а таксама з дзяржаўнай палітыкай па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва і ахове дзяцінства.

Калі казаць пра альтэрнатыўную апеку і палітыку аховы дзяцінства, то беларуская сістэма даволі распрацаваная. Яна ставіць Беларусь у адзін шэраг з Польшчай ці Літвой, — кажа эксперт.

Большая частка дзяцей-сірот у краіне мае ўзрост больш за 10 гадоў. І параўнанне дадзеных за розныя гады сведчыць аб тым, што сярэдні ўзрост сірот расце.

Колькасць выяўленых сірот можа зніжацца за кошт таго, што дзеці сталеюць і выходзяць з гэтай катэгорыі, а новых сірот з’яўляецца менш, чым раней, — патлумачыў “Заўтра тваёй краіны” Зміцер Бабіцкі.

 

Падрыхтавана CASE Belarus

Галоўнае дасягненне палітыкі ў сферы аховы дзяцінства ў тым, што дзяцей, якія трапляюць на інстытуцыянальную апеку ў інтэрнатныя ўстановы, даволі мала, кажа эксперт. Але разам з тым толькі 2% дзяцей штогод вяртаюцца ў свае біялагічныя сем’і. Гэта характарызуе асаблівасці беларускай сістэмы, якая не арыентуецца на рэінтэграцыю сям’і, а мае характар, блізкі да пенітэнцыярнага: бацькі нясуць фінансавыя абавязкі па ўтрыманні дзяцей, якіх у іх адабралі. За ўхіленне ад працы і выплат прадугледжваецца такое пакаранне, як зняволенне. Зараз такіх пакараных налічваецца больш за 2 тысячы чалавек.

— На Захадзе людзей не пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, а даюць час, каб яны маглі рэабілітавацца ў сацыяльным плане, і сям’я магла ўз’яднацца, — кажа Зміцер Бабіцкі.

Адна з праблем, якую давядзецца вырашыць, палягае ў тым, што дзеці-сіроты да трох гадоў знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Міністэрства аховы здароўя і ўтрымліваюцца ва ўстановах медычнага тыпу, дзе, за рэдкім выключэннем, адсутнічае педагагічны персанал. Гэта прыводзіць да праблемаў у псіха-фізічным развіцці дзяцей, вызначае аўтар даследавання.

Сярод іншых рэчаў, якія можна палепшыць і зрабіць больш эфектыўнымі, эксперт называе дадатковыя меры па прафілактыцы сіроцтва, удасканаленне працы з бацькамі, правы якіх, як і інтарэсы сям’і, адыходзяць на другі план. Як вынік сістэма значна пагаршае магчымасці сям’і на рэінтэграцыю.

Актуальнай лічыць даследчык і працу па дэінстытуалізацыі: хоць у інтэрнатных установах у матэрыяльным плане дзеці часам утрымліваюцца лепш, чым жывуць многія дзеці не сіроты, але сацыяльны і псіхалагічны кантэкст у іх адмоўны з-за закрытасці структур і з-за таго, што дзеці жывуць у вялікіх групах, таму пазбаўленыя асобнай прасторы, падпарадкаваныя строгаму парадку, не маюць магчымасці самастойна выбіраць ні свой рацыён, ні чым займацца ў вольны час.

Патрабуе пэўных змен і палітыка ў постінтэрнатнай і постапекунскай працы. Сітуацыя з выдзяленнем сіротам жылля на безумоўнай аснове спрыяе іх безадказнаму станаўленню да маёмасці, лічыць эксперт. Дзеці часта абмежаваныя ў выбары прафесіі і месцы вучобы. З-за таго, што ўзровень адукацыі ў сірот ніжэйшы за сярэдні па краіне, большасць атрымлівае сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю. Навучанне ў вышэйшых установах дасягальнае толькі для шостай часткі сірот.

 Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: