«Сістэма будзе помсціць». Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла пра катаванні ў СІЗА

Актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк змагла праз сукамерніц па СІЗА № 7 Брэста перадаць на волю зварот, у якім расказвае пра катаванні ў турэмнай установе. Апошнія навіны пра Паліну, якую ўжо амаль тыдзень трымаюць у карцары, «Свабодзе» расказаў яе муж Андрэй.

У сваім лісце ад 24 лютага брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк піша пра дадатак №1 да загаду №55 начальніка СІЗА №7 Брэста, які выйшаў у верасні мінулага года. Паліна акцэнтавала ўвагу на зменах у распарадку дня. Згодна з пунктам 31.2, зняволеных вымушаюць заставацца ў сядзячым становішчы 16 гадзін (з 6:00 да 22:00). За спробы прылегчы пагражаюць карцарам.

Паліна зазначыла, што нават у здаровых праз некалькі дзён з'яўляюцца праблемы са страўнікам, болі хрыбетніка, пачынае скакаць ціск. Медычную дапамогу ў гэтых выпадках у СІЗА ў поўнай меры не аказваюць. Паводле слоў Паліны, харчаванне зняволеных амаль на 100% вугляводнае, што негатыўна адбіваецца на стане здароўя.

Андрэй Шарэнда кажа, што ліст з гэтым зваротам меў доўгі шлях. Але дзякуючы агульным намаганням неабыякавых людзей ён усё ж такі трапіў на волю.

«Атрымалася, што ад свайго імя Паліна перадала калектыўны зварот усіх зняволеных. Гэта вельмі сур’ёзны крок. Трэба разумець, якія будуць наступствы. Ясна, што цяпер у брэсцкім СІЗА яе будуць вельмі "рады" бачыць. Зразумела, што псіхалагічны і фізічны ціск патроіцца. Сістэма, адназначна, будзе помсціць», — кажа Андрэй Шарэнда.

Ён дадае, што ўжо перадаў зварот Паліны дакладчыкам ААН. Звязаўся і з праваабаронцамі.

«Не ідзе на супрацоўніцтва са следствам»

Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай з 3 студзеня. Ёй прадʼяўлена абвінавачанне паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). 23 лютага з брэсцкага СІЗА актывістку накіравалі на медыцынскую экспертызу ў псіхіятрычную лякарню ў Навінках. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА №6 і ў мінскім СІЗА №1.

«Паліна не ідзе на перамовы са следствам, ад слова "зусім". Яна таксама не дала аніякіх паказанняў. Трэба было нечым дапоўніць яе справу. Зараз з новага ў іх толькі рашэнне судова-медычнай экспертызы, — кажа Андрэй. — Таму Паліну і адправілі яе праходзіць».

На пачатку мінулага тыдня брэсцкую актывістку наведаў адвакат. Праз яго Паліна падзякавала ўсім людзям, якія яе падтрымлівалі — адпраўлялі лісты і віншавальныя паштоўкі з Днём нараджэння.

Паліна таксама расказала адвакату аб псіхалагічным ціску і пагрозах, якія раней атрымлівала ад супрацоўнікаў «Валадаркі».

«Паліна казала, што быў нейкі загад — ствараць для яе жорсткія ўмовы. Сцвярджала, што ўсё можа скончыцца карцарам. Так урэшце і здарылася», — дадае суразмоўца.

Андрэй кажа, што пасля «Навінак» Паліну павінны былі адвезці ў Брэст, але этапавалі зноў на «Валадарку». Калі сябры прывезлі ёй перадачу, даведаліся, што Паліну з 24 сакавіка змясцілі ў карцар на 10 сутак.

«За што — не ведаю. Ясна толькі, што ўсё гэта ўкладваецца ў шэраг псіхалагічнага і фізічнага ціску дыктатарскага рэжыму ў яе бок», — кажа Андрэй.

«Пазіцыя праваабаронцаў незразумелая»

Маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк дагэтуль не прызналі палітзняволеннай. Яе муж лічыць, што такім чынам Паліне адмаўляюць у праве на самаабарону.

«Вельмі прыкра і крыўдна, што так адбываецца. На дадзены момант з боку мясцовага кіраўніцтва ў дачыненні да Паліны рукі развязаныя. Калі ў Мінску ў працаўнікоў турэмных установаў адносіны да палітзняволеных могуць быць рознымі, то ў рэгіёнах некаторыя гэтыя «людзі сістэмы» баяцца за сваю будучыню. Яны ведаюць, што знаходзяцца пад пільным вокам суседзяў. Таму ставяцца да палітвязняў карэктна. Гэта я дакладна магу сказаць», — кажа Андрэй Шарэнда.

Ён падкрэслівае: каб прызнаць Паліну палітзняволенай, праваабаронцам патрэбныя афіцыйныя дакументы абвінавачання. І супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў павінен быць негвалтоўны.

«Сёння справа Паліны цалкам засакрэчаная. Яна адмаўляецца даваць паказанні. А дакумент, які неабходны праваабаронцам, мы атрымаем толькі тады, калі будзе канчатковы прысуд. Але да гэтага трэба чакаць месяцы, а можа, нават і год, — падкрэслівае суразмоўца. — Таму для мяне пазіцыя праваабаронцаў незразумелая».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: