Сістэма не спраўляецца? Улады хочуць увесці змены па зваротах грамадзян

У Беларусі хочуць увесці змены па петыцыях, якія размяшчаюць на адпаведных сайтах, а таксама па пiсьмовых зваротах, якія носяць масавы характар.
Змены з улікам практыкаўжывання маюць намер унесці ў Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» ад 18 лiпеня 2011 г. № 300-З. Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год. Новаўвядзенні маюць намер падрыхтаваць да чэрвеня, а ў лістападзе прадставіць на разгляд парламенту.

У абгрунтаванні да плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год паказана, што ўнясенне зменаў «абумоўлена неабходнасцю ўрэгулявання парадку накiравання i разгляду калектыўных электронных зваротаў».

Пра петыцыі

«Заканадаўчае замацаванне магчымасці накіравання такіх зваротаў у суседніх краінах і актыўнае развіццё інфармацыйных тэхналогій прывяло да з'яўлення ў апошнія гады неафіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў, мэтай якіх з'яўляецца размяшчэнне зваротаў па актуальных для грамадства пытаннях і далейшае іх накіраванне, як правіла, на адрас дзяржаўных органаў Беларусі», — гаворыцца ў абгрунтаванні да плана падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год.

Чыноўнікі пералічваюць мінусы, якія бачаць у падобных петыцыях:

«Такія рэсурсы не ставяць сваёй мэтай ідэнтыфікаваць асобу, якая падпісвае петыцыю, што можа прывесці да злоўжыванняў, напрыклад "накруткі" подпісаў у мэтах стварэння бачнасці важнасці той ці іншай праблемы. Шэраг іншых праблем, такіх як адсутнасць фільтрацыі недарэчных паведамленняў, незабеспячэнне абароны персанальных даных, адсутнасць прававога рэгулявання парадку разгляду органамі ўлады петыцый, якія атрымалі значную падтрымку, перашкаджае эфектыўнай рэалізацыі грамадзянамі права на зварот», — адзначаецца ў абгрунтаванні.

І вось як тлумачаць неабходнасць унесці змены па падобных петыцыях:

«У гэтай сувязі заканадаўчае ўрэгуляванне парадку накiравання петыцый пры дапамозе сеткі Інтэрнэт мае на мэце не толькі пашырэнне формаў удзелу грамадскасці ў кіраванні справамі дзяржавы, але і таксама вымушанай неабходнасцю рэгулявання дзеянняў дзяржавы ў сітуацыі прававой недакладнасці».

Пра масавыя пісьмовыя звароты

Чыноўнікі таксама хочуць увесці змены па масавых пiсьмовых зваротах.

«У рамках законапраекта мяркуецца ўрэгуляваць парадак работы з пісьмовымі зваротамі, якія носяць масавы характар. У цяперашні час такі парадак устаноўлены толькі ў адносінах электронных зваротаў. Разам з тым, як паказала практыка, магчыма накіраванне масавых зваротаў і ў пісьмовым выглядзе, што можа прыводзіць да парушэння нармальнага функцыянавання арганізацый».

Улады таксама хочуць увесці і іншыя змены ў заканадаўства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб «з улікам практыкі прымянення», але дэталі не раскрываюцца.

Удакладнім, што чыноўнікі і цяпер практыкуюць размяшчэнне адказаў на масавыя звароты на сайтах дзяржорганаў. Да прыкладу, летам 2020 года Цэнтральную выбарчую камісію паступілі шматлікія звароты са скаргамі на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Гаворка пра больш за 5 тысяч скаргаў — заявы, якія падалі як непасрэдна асабіста ў ЦВК, так і па пошце, а таксама электронныя звароты. Свой адказ на гэтыя звароты ЦВК апублікавала ў сябе на сайце. Публікуючы адказ на сайце, а не накіроўваючы яго кожнаму, хто звярнуўся, ЦВК спасылалася на п. 7 арт. 25 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў». Але ў законе гэты пункт тычыцца толькі электронных зваротаў.

«У выпадку, калі электронныя звароты аналагічнага зместу ад розных заяўнікаў носяць масавы характар ​​(больш за дзесяць зваротаў), адказы на такія звароты па рашэнні кіраўніка дзяржаўнага органа або іншай дзяржаўнай арганізацыі <...> могуць размяшчацца на афіцыйным сайце дзяржаўнага органа ці іншай дзяржаўнай арганізацыі ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт без накіравання адказаў (апавяшчэнняў) заяўнікам» (п. 7 арт. 25 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў»).

У ЦВК такое рашэнне тлумачылі тым, што пададзеныя звароты — гэта «не шмат заяў, а адна заява, якую падала вялікая колькасць людзей».

— Адправіць больш за тысячу адказаў ўжо на дадзены момант грамадзянам у трохдзённы тэрмін мы не можам. У нас няма персаналу, — казала Лідзія Ярмошына.

Праз якія анлайн-пляцоўкі ствараюць петыцыі беларусы

У Беларусі дзейнічае некалькі анлайн-пляцовак для падачы петыцый. Самыя вядомыя — міжнародная change.org і беларуская petitions.by. Дзяржорганы могуць пакінуць без разгляду па сутнасці петыцыі, падпісаныя на change.org, таму што яны не адпавядаюць нашаму заканадаўству: падпісваючы петыцыі, карыстальнікі не пакідаюць свой адрас рэгістрацыі. Петыцыі на petitions.by беларускаму заканадаўству адпавядаюць, таму чыноўнікі не могуць іх не разгледзець. Але разгледзець — гэта не значыць выканаць.

І change.org, і petitions.by працуюць па адной схеме: карыстальнікі ствараюць петыцыю і публікуюць яе, пасля чаго пад ёй збіраюць подпісы. Затым платформа накіроўвае яе ў дзяржорган (як калектыўны электронны зварот) і чакае адказу. Адказ дзяржоргана накіроўваецца аўтару петыцыі.

Колькасць подпісаў пад петыцыяй юрыдычна амаль ні на што не ўплывае, таму што закон вызначае калектыўны зварот як зварот двух і больш заяўнікаў па адным і тым жа пытанні. Колькасць уплывае толькі ў адным выпадку — калі подпісаў больш за 30. Тады петыцыі разглядаюць з выездам на месца. Наогул, дзяржорганы абавязаныя адказваць на любыя звароты, незалежна ад колькасці грамадзян, што іх падпісалі.

Да прыкладу, у першую хвалю пандэміі дзясяткі тысяч беларусаў праз сайт change.org патрабавалі ўвесці ў краіне каранцін. У 2020-м таксама патрабавалі праз петыцыю адмяніць рэпетыцыі параду 9 Траўня і правядзенне самога парада.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: