«Сітуацыя, калі даходзіць да маразму, паказвае, што не толькі людзі запалоханыя, але і ўлада баіцца не менш»

Па антыдэмакратычных паказчыках Беларусь з вельмі вялікай хуткасцю набліжаецца да краін Цэнтральнай Азіі. Такую выснову зрабіў дырэктар аддзела Freedom House ў Вільні Віціс Юрконіс.


— Тэндэнцыі не суцяшальныя. Мы ўбачылі, што ў Беларусі можна пацярпець не толькі за сваё меркаванне, але нават за ўпакоўку ад тэлевізара з расфарбоўкай БЧБ людзей арыштоўваюць! За канадскі сцяг штрафуюць — нагадаў палітолаг у эфіры «Маланка медыя». — Гэта нейкая незразумелая з’ява, якая, вядома, паказвае, што ў Беларусі на мяжы ўсё. Незалежныя журналісты знаходзяцца пад вельмі вялікім ціскам, многія з’ехалі, частка затрыманая.

Яшчэ адзін параметр — гэта юстыцыя. Тут наогул няма слоў — судовыя справы практычна друкуюцца, затрыманых падвяргаюць катаванням. Ну, і калі ўспомніць пра адзін з трыгераў гэтых масавых пратэстаў — адсутнасць выбараў. Гэта значыць, выбараў няма, юстыцыі няма, незалежныя СМІ пад ціскам, грамадзянская супольнасць таксама. Відавочна, што па ўсіх параметрах Беларусь набліжаецца да таталітарных сістэм краін Цэнтральнай Азіі.

Больш за тое, на фоне Еўропы, адзначыў палітолаг, Беларусь выглядае як Паўночная Карэя.

— У гэтым рэйтынгу (Nations in Transit 2021) прадстаўлены краіны постсавецкага рэгіёну, Паўночнай Карэі няма. Так, у Беларусі няма лагераў, але па ўсіх параметрах, якія я пералічыў, там самыя нізкія паказчыкі, таму, прынамсі ў Еўропе, Беларусь выглядае як краіна, якая недалёкая ад Паўночнай Карэі.

Але відавочна і іншае: сітуацыя, калі даходзіць да маразму, як з пакункам ад тэлевізара, паказвае, што не толькі людзі запалоханыя, але і ўлада баіцца не менш. У яе паранойя, і гэта вельмі няўстойлівае становішча, вельмі далікатная сітуацыя, якая немінуча прывядзе да таго, што рэжым абрынецца. Гэта пытанне часу, і яны самі гэта разумеюць, і таму звяртаюцца да такіх дзеянняў, — упэўнены палітолаг.

Віціс Юрконіс мяркуе, што ў будучыні непазбежная і змена вектара Беларусі на Захад.

— Гістарычна мы вельмі блізкія. Я думаю, што з будучай Беларуссю ў нас не будзе спаборніцтваў, а мы будзем партнёрамі. І цяпер у Літву вымушана пераязджаюць шмат людзей, буйныя кампаніі, напрыклад, Wargaming і іншыя. Дырэктар Гродзенскага хоспіса даведалася, што ў нас у гэтай сферы ёсць праблемы і ўжо стварае хоспіс, і гэта паказвае, наколькі шмат невычэрпнага патэнцыялу ў беларусаў.

Пры цяперашняй уладзе Беларусь набліжаецца да Крамля. Літва ж стараецца рабіць усё магчымае для еўрапейскай Беларусі. І ў гэтым плане мы не адны, гэтага хочуць і Германія, і Швецыя, і Нідэрланды, і іншыя краіны кажуць аб тым, што гэта непазбежна адбудзецца. Гэта толькі пытанне часу, — лічыць літоўскі палітолаг.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: