Сябар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў патрабуе распачаць крымінальную справу супраць тых, хто яго «выкраў»

Выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў, які знаходзіцца цяпер у Кіеве, выслаў у Следчы камітэт Беларусі заяву аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да невядомых асобаў, якія ўчынілі, як мяркуе Краўцоў, у дачыненні да яго супрацьпраўныя дзеянні: выкраданне і незаконнае пазбаўленне волі, паведамляе tut.by.



Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY


У заяве Іван Краўцоў яшчэ раз апісаў тое, што адбылося з ім у Мінску 7 і 8 верасня: затрыманне невядомымі каля дома 19 на праспекце Незалежнасці, паездку, як адзначыў Краўцоў, у ГУБАЗіК МУС па вул. Рэвалюцыйнай, 3, гутарку там, паездку ў ДФР, а затым — да беларуска-ўкраінскай мяжы.

— Такім чынам, на працягу 7 і 8 верасня 2020 года ў дачыненні да мяне здзяйсняліся відавочна супрацьпраўныя дзеянні, якія насілі характар выкрадання і незаконнага пазбаўлення волі і суправаджаліся прымяненнем спецсродкаў — кайданкаў. Гэтыя ўчынкі здзяйсняліся не вядомымі мне асобамі, частка з якіх хавала твары за маскамі. Аднак у сілу таго, што на працягу дня я ўтрымліваўся ў будынках дзяржаўных органаў — ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь і ДФР КДК Рэспублікі Беларусь, — можна выказаць здагадку, што да гэтых дзеянняў датычныя супрацоўнікі названых дзяржаўных органаў, — лічыць Іван Краўцоў.

Краўцоў адзначае, што пры гэтым усе гэтыя дзеянні працэсуальна не афармляліся, ніякіх дакументаў ён не падпісваў, адваката да яго не пусцілі.

— У сувязі з гэтым гэтыя дзеянні нельга расцэньваць як затрыманне ў парадку, прадугледжаным КААП Рэспублікі Беларусь або КПК Рэспублікі Беларусь, а дзеянні невядомых асоб маюць прыкметы перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў, — адзначае прадстаўнік Каардынацыйнага савета.

Іван Краўцоў просіць Следчы камітэт распачаць па пералічаных вышэй фактах крымінальную справу і прызнаць яго пацярпелым.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: