Сям’я беларусаў прыняла ўдзел у чэмпіянаце свету па збіранні пазлаў

У мінулыя выхадныя ў Іспаніі прайшоў першы чэмпіянат свету па збіранні пазлаў. У ім прынялі ўдзел беларусы — мінчане Раман Валынец і Юлія Кім. Пра гэта напісала Наша Ніва
Раман і Юлія працуюць у IT. Збіраць пазлы пачалі гадоў з дзесяць таму.

«Выпадкова трапілі ў інтэрнэце на форум аматараў пазлаў, які стварыў хлопец з Таганрога. Сталі сябраваць, дзяліцца поспехамі. Так атрымалася, што аматараў пазлаў стала вельмі шмат, вырашылі правесці спаборніцтвы. Гады два таму ўбачылі, што ў Бельгіі збіраецца вялікі форум, такі пазл-марафон, дзе трэба цягам 24 гадзін без перапынкаў збіраць пазлы. Ты заканчваеш адзін, табе падаюць другі. Мы паехалі туды і перамаглі. Адны з самых актыўных удзельнікаў былі іспанцы. Яны яшчэ тады казалі, што мараць правесці ў сябе сусветны чэмпіянат», — распавядае Раман Валынец.

Сёлета, у апошнія выхадныя верасня, пазл, як кажуць, склаўся. На чэмпіянат, які адбыўся ў іспанскім горадзе Вальядалід, сабраліся прадстаўнікі 40 краін.

Спаборніцтвы праходзілі ў трох катэгорыях: адзіночнай, парнай і каманднай.

У адзіночным спаборніцтвы Юля заняла 72 месца са 198 удзельнікаў, Раман стаў 132. У парных спаборніцтвах беларусы сталі 69-мі.

«У адзіночнай і парнай катэгорыі патрабавалася сабраць на гадзіну пазл з 500 дэталяў, які раней не збіраўся, а ў каманднай — адразу чатыры пазлы (2 — на 1 000 кавалачкаў, 2 — на 1 500). Максімальны час таксама быў абмежаваны. Свой пазл трэба было сабраць за 2 гадзіны, а камандны за 8 гадзін. Калі хтосьці не паспяваў скласці пазл цалкам, то журы лічыла кавалачкі, якія засталіся», —расказвае Раман.

Вынік беларусы паказалі невысокі, Раман Валынец патлумачыў, што збіраць пазлы — гэта зусім не дзіцячая забава.

«У кожнага, калі так можна сказаць спартсмена, свая тактыка. Я, напрыклад, спачатку збіраю рамку, пасля спрабую згрупіраваць кавалачкі пазлаў па элементах, пасля выкладваю плямкамі. Некаторыя робяць па-іншаму. Аказалася, што хтосьці цяміць хутчэй», — смяецца Раман.

Ён расказвае, што пазлы ён і жонка збіраюць пастаянна. «У асноўным мы іх замаўляем. І замаўляем тыя, у якіх больш за 10 тысяч дэталяў. Зараз, напрыклад, збіраем пазл на 42 000 дэталяў. Яго памер 2х7 метраў. Сюжэты люблю розныя, і прыроду, і коцікаў», — прызнаецца Раман Валынец.


Што ж адбываецца з ужо сабраным пазлам

«Ён разбураецца і прыбіраецца назад у скрыню. Некаторыя працы мы раней афармлялі ў рамкі і вешалі на сцены, а цяпер, калі сталі збіраць вялікія пазлы, дзе ж такіх сцен набярэш? Таму фатаграфуем гатовую працу і разбіраем яе», — адказаў Раман.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: