Акрамя таго Гуляшовы падрыхтавалі зварот да Лукашэнкі:
«У сувязі з супрацьлегласцямі ладу жыцця і прынцыпаў яго ладу ў дзяржаве з нашымі рэлігійнымі перакананнямі мы больш не можам выконваць грамадзянскія абавязкі і ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы. Мы адмаўляемся ад грамадзянства і аб’яўляем свой нейтралітэт і непрыналежнасць да дзяржаў, суполак, сектаў і гэтак далей. Мы адмаўляемся ад цывілізацыі і яе дабротаў праз перакананне, што лад жыцця, які вядзе чалавецтва, — гэта прамое знішчэнне свайго асяроддзя пражывання, разбурэнне духоўнага і маральнага жыцця чалавека. Мы хочам жыць і працаваць на зямлі ціха і мірна, сваімі рукамі, паклаўшы ў аснову свайго жыцця закон бога. У ім сапраўднае жыццё і свабода. Нельга служыць двум гаспадарам і мы аддаёмся ва ўладу бога і адмаўляемся ад улады дзяржаўнай».
«Ведаю Гуляшовых. Працавітыя. Але своеасаблівая сям’я, можна сказаць дзікая… — распавёў «Нашай Ніве» Міхаіл Іўкін, старшыня Першамайскага сельсавета, у які ўваходзіць Кароўчына. — Гуляшовы жывуць у сваім свеце, нікога ў яго не пускаюць. Нават у дом ніхто чужы не зойдзе. Ні з кім зносінаў не маюць, сяброў не маюць. Але не п’юць».
Але што ж будзе рабіць Іўкін, калі Гуляшовы прынясуць яму свае пашпарты?
«Ну пакуль яны да мяне не звярталіся. Але ў маёй практыцы такога не было яшчэ. Будзем высвятляць, што рабіць з гэтым пытаннем», — кажа Іўкін.
Прыкладна гэтаксама ахарактарызаваў сям’ю і мясцовы ўчастковы міліцыянт. Кажа, жывуць самі па сабе, але ціха. Праблем з імі не ўзнікала.
Іна Пачко, дырэктарка мясцовай школы, кажа пра Гуляшовых тое ж, што іншыя:
«Сям’я працавітая, добрыя работнікі. Але жывуць адасоблена. І пастаянна ў іх прэтэнзіі і да школы, і да дзяржавы».
Пачко прызнае, што калі дачка Гуляшовых не прыйдзе ў школу ў верасні, то прыйдзецца падключаць раённы аддзел адукацыі і штосьці рабіць. Вось толькі што менавіта, дырэктарка пакуль і сама не ведае.
Па словах дырэктаркі, дачка Гуляшовых мусіць ісці ў верасні ў 9 клас. Раней сям'я папярэджвала, што не плануюць адпраўляць дачку на вучобу.
«Але я думала, што ў нашай дзяржаве такое немагчыма і не ўспрыняла іх словы ўсур’ёз», — прызнаецца Пачко.
«Наша Ніва» пацікавілася, а сапраўды, ці магчыма такое? Куды ж несці пашпарты і ці могуць Гуляшовы рэалізаваць свой план?
У дэпартаменце па грамадзянству і міграцыі МУС «Нашай Ніве» паведамілі, што вяскоўцы могуць напісаць пісьмовы зварот да іх. Але атрымаюць адказ, што кожны грамадзянін Беларусі абавязаны мець пашпарт. Калі чалавек выкіне ці спаліць дакумент, то яго чакае штраф.
Адмовіцца ад грамадзянства Гуляшовы таксама не могуць. Па законе, такое магчыма толькі калі чалавек мае грамадзянства іншай краіны ці гарантыі прадастаўлення такога грамадзянства. У такім разе трэба пісаць асабісты зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі. А той вырашыць, ці пазбаўляць чалавека грамадзянства.
Улад Швядовіч, «Наша Ніва»
Толькі ў Амерыцы гэта вядомая даўняя традыцыя не чапаць чалавека - няхай жыве як хоча, а на Беларусі такога не адбудзецца, дый не трэба. Ну а папіярыцца, ды журналісту аб чым заўгодна напісаць можна. Заўтра ўсё роўна ўсе забудуць аб гэтым, у тым ліку героі артыкула.