Сяргей Дубавец: Улетку беларусы пабачылі, што аднолькава ўяўляюць сабе Беларусь у будучынi

Экстрэмізм — гэта крайнія погляды і дзеянні. І ўся справа ў тым, хто і што лічыць крайнім. Забойства вайскоўцамі Генадзя Шутава, на погляд нармальнага чалавека, — гэта, безумоўна, экстрэмізм. Але... суддзя, асабіста прызначаны патронам, прызнае экстрэмістам… самога Шутава.

Што такое экстрэмізм у Беларусі, цi быў ён раней і каго, па сутнасці, лічылі экстрэмістамі ў мінулым?

У размове з карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок» вядомы беларускі журналіст, літаратар і выдавец Сяргей Дубавец аналізуе дзяржаўны трэнд на барацьбу з экстрэмізмам, у тым ліку нядаўна прынятыя змены ў законы.

— Перавод вельмі вялікай часткі беларусаў у катэгорыю экстрэмістаў — дзеля каго і чаго гэта робіцца: для ўласна сістэмы (як заканадаўчая індульгенцыя, каб працягнуць рэпрэсіі), для прымусу ўсяго грамадства прыняць гэта як новы стан нармальнасці ці для нечага яшчэ, што не на паверхні?

— Усё, што ўлады робяць сёння, яны робяць толькі дзеля захавання status quo, таго рэжыму, які збудаваны ў краіне за чвэрць стагоддзя. Толькі для гэтага. Таму яны гатовыя ахвяраваць людзьмі, эканомікай, міжнароднымі дачыненнямі, самой нармальнасцю і здаровым сэнсам. У іх арсенале — грошы, зброя і прапаганда. Але яны не маюць даверу людзей і не здатныя яго вярнуць. Таму ўсё, што ім застаецца, — гэта эскалацыя.

Усё, што яны робяць, ужо шмат гадоў базуецца на прынцыпе «сам дурак». Калі ім паказваюць, што яны дзейнічаюць у інтарэсах суседняй дзяржавы, яны кажуць пра ўмяшанне Захаду, якога ніхто не бачыць. Пра сфальшаваныя выбары няма і гаворкі, бо ўсё было ва ўсіх навідавоку. Калі ім паказваюць на гвалт у дачыненні да тысяч беларусаў, яны спачатку кажуць пра пацярпелых амапаўцаў, а потым, калі гэта нічым не пацвярджаецца, вінавацяць згвалтаваных імі на мірных шэсцях людзей у экстрэмізме.

Зацыкленая сама на сабе бюракратыя прымае «Закон аб экстрэмізме» толькі для таго, каб дагадзіць патрону, выказаць яму сваю лаяльнасць. Між іншым, у гэтым законе няма азначэння самога экстрэмізму, а гаворыцца пра экстрэмісцкае дзеянне, пералік праяў якога апісаны ў іншых законах. Таму само слова «экстрэмізм» у гэтым кантэксце не мае юрыдычнага напаўнення, яно — выключна прапагандысцкае і мусіць выконваць функцыі застрашвання, як той маркер, якім амапаўцы пазначалі затрыманых, — на лбе, на руцэ, на вопратцы. Калі напісалі «А», значыць, актыўны. Значыць, трэба яго, арыштаванага, пастаўленага на калені са звязанымі рукамі, закатаваць да паўсмерці.

Экстрэмізм — гэта крайнія погляды і дзеянні. І ўся справа ў тым, хто і што лічыць крайнім. Забойства вайскоўцамі Генадзя Шутава, на погляд нармальнага чалавека, — гэта, безумоўна, экстрэмізм. Але ўключаецца прынцып «сам дурак», і суддзя, асабіста прызначаны патронам, прызнае экстрэмістам… самога Шутава. Той, хто чыніць рэальнае зло іншаму, называе фашыстам таго, хто выходзіць з белымі кветкамі, што, натуральна, ніякім злом не з’яўляецца.

Што крайняга ў купалаўскім воклічы «Жыве Беларусь»? Вы прагнеце, каб яна не жыла? Што крайняга ў беларускім сцягу, які палюбілі сотні тысяч беларусаў? Што крайняга ў кнізе пра нацыянальную ідэю, дзе сабраныя дзясяткі самых розных поглядаў? Іх вораг тут не вокліч, не сцяг і не кніга. Іх вораг — народ, які адчуў сябе суб’ектам палітыкі, грамадзянская супольнасць, самаарганізацыя людзей. Вось гэта ўсё і называецца ў іх экстрэмізмам.

— Новая нармальнасць існавання і функцыянавання грамадства і асобы ў яўна ненармальных умовах — на вашу думку, як доўга можа цягнуцца і што прынясе беларускаму грамадству?

— Ніхто не мог прадказаць падзей мінулага лета. Непрадказальным выступіў не рэжым, а народ. І, гле­дзячы наперад, мы ведаем паводзіны рэжыму, але не можам прадказаць паводзіны народа. I Сталін, і Маа, і Кімы мелі крывую, але магутную ідэю ўсеагульнага шчасця, а таму і шчырую падтрымку большасці. У «ябацек» няма ні ідэі, ні падтрымкі народа. Ёсць азлобленасць на народ, на які яны глядзяць як жывёлаводы, і ёсць расійскае заплечча. Час «ябацек» прайшоў. Але калі з дапамогай суседняй краіны ім удасца запакаваць актыўных беларусаў (скажам, траціну насельніцтва) па турмах, канцлагерах і выціснуць за мяжу, а на іх месца завезці столькі ж мігрантаў, якім будзе абсалютна абыякава, хто тут імі кіруе, тады можна будзе лічыць, што яны перамаглi. Другі варыянт — рэжым проста разваліцца, бо рухацца на адной злосці, гвалце і хлусні, калі ў цябе няма нічога пазітыўнага, — гэта як ісці на адной назе. Трэці варыянт пакінем непрадказальнаму беларускаму народу.

— Цяпер даволі актыўна абмяркоўваецца тэзіс Віктара Марціновіча ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» наконт памерлай той Беларусі (Беларусі да жніўня 2020-га) і пераўтварэння сістэмы ў бетон. Ды і шмат хто з актывістаў кажа, што да з’яўлення новай плыні летась было «больш-менш нармальна жыць, рабіць выставы, адукоўваць, эвалюцыйна змяняць беларускую прастору». Цяпер жа шмат каму бачыцца толькі татальнае выпальванне беларускай прасторы і ў перспектыве паглынанне яе Расіяй. Ці сапраўды сістэма становіцца бетонам? У тым ліку і праз пашырэнне паняцця «экстрэмізм» на погляды ўсіх нязгодных з сістэмай.

— Як мне ўяўляецца, тут ніколі не было бетоннага існавання. Ад падзелаў Рэчы Паспалітай і канца нашай «ідыліі» мы ўвесь час упарта хацелі яе вярнуць. Калі хочаце, мінулае лета — гэта адно з шэрагу многіх беларускіх паўстанняў, у якіх і фармавалася сучасная нацыя. Так гэта бачаць самі беларусы. А з гледзішча расійскай акупацыйнай адміністрацыі і «ябацек», гэтае паўстанне нацыі заўсёды было экстрэмізмам.

— Калі глядзець на пералік новых палажэнняў пра экстрэмізм, то сапраўды пад гэты «ацэначны характар» падпадае літаральна ўсё, што адрозніваецца ад генеральнай лініі. Наступным уяўляюцца, пэўна, толькі ваенна-­палявыя суды, як пры згаданым вамі ў допісе на Facebook Мураўёве. Ды і расчалавечванне апанентаў, штучна выбудаваныя ўмовы для жыцця ў рэжыме «двудушша» наўрад ці спрыяюць развіццю краіны, ды і проста нармальнаму функцыянаванню дзяржавы. Як бы вы спрагназавалі далейшыя захады дзяржавы на шляху паўнавартаснага падзелу грамадства і што можа рабіць грамадства ў такіх варунках?

— Нашы суды ў турмах і ўласна судах, нават праз скайп, нічым не адрозніваюцца ад мураўёўскіх. I там, і тут да суддзі прыводзяць падсуднага, збітага на горкі яблык. Але мне даводзілася бываць у судах незалежнай Літвы. I вось што ўражвала. Яны заўсёды дзейнічаюць так, як гэтага патрабуе літоўскае заканадаўства. Разглядаюць толькі фіксаваныя аб’ектыўныя факты, якія немагчыма абвергнуць, а ўсё спрэчнае трактуюць на карысць падсуднага. Я наяве бачыў цуд, які проста немагчыма ўявіць у нас, хоць гэта і прапісана ў нашых законах. Суддзя быццам кажа падсуднаму: ты малойца, і я раблю ўсё, каб цябе выцягнуць з усяго гэтага, але пракурор прадставіў факты. Тое, што не зможаш абвергнуць і ты сам, бо вось яно на фота, аўдыё, відэа, на жаль, застанецца, а ўсё, з чым ты не згодны, будзе на тваю карысць. А гэта ж проста з нашай Канстытуцыі!

Што да «далейшых захадаў». Некалькі гадоў таму я напісаў кнігу «Тантамарэскі» — пра суд над ашмянскімі мытнікамі, у тым ліку над беларускамоўным мытнікам і асветнікам Алесем Юркойцем. Я год хадзіў на працэс і ўражваўся і абыходжаннем з падсуднымі, і адсутнасцю логікі ў пракурора і суддзі, і тым, наколькі ігнаруюцца там права і звычайная чалавечнасць. Часам я наіўна думаў, што гэта ўнікальны працэс, бо яго анансаваў у СМІ сам прэзідэнт. Але цяпер я ведаю, што гэты рэжым ніколі і не быў іншым. I іншым ніколі не будзе. А чым адкажа грамадства? Мне хочацца верыць, што яно перарасце гэта ўсё, што дабро пераможа зло. На гэтай веры і стаіць свет.

— Нядаўна вы размясцілі ў сваім Facebook фота кнігі Ларысы Геніюш з такім дароўным надпісам: «Калі цяжка, але небезнадзейна». Гэта — 1982 год, фінал брэжнеўскай эпохі, да перабудовы яшчэ больш за тры гады, наперадзе Андропаў і яго захады да парадку. А сёння наколькі параўнальная сітуацыя ў катэгорыях «цяжка» і «небезнадзейна»?

— Яна яшчэ больш цяжкая, але і больш абнадзейвальная. Ужо шмат пісалі, што сотні тысяч беларусаў мінулым летам пабачылі і адчулі сябе нацыяй. Гэта так. Але што, можа быць, яшчэ больш важна — яны пабачылі і адчулі, што аднолькава ўяўляюць сабе Беларусь у будучынi. Візія краіны абсалютна ва ўсіх супала. Гэта была б найлепшая краіна для жыцця ва ўсім свеце.

 Падрыхтаваў Сяргей Запрудскi, belmarket.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: