Сяргей Ханжанкоў: Дзень 7 лістапада ў лагеры быў святам для адміністрацыі і актыву

Якія святы адзначалі савецкія палітвязні, і чаму ў Беларусі да гэтага часу п'юць за Кастрычніцкую рэвалюцыю, распавядае дысідэнт, які дзесяць гадоў правёў у лагерах Мардовіі.



Лагерны здымак Сяргея Ханжанкова


«Октябрь! Навеки свергли власть буржуев и дворян. Так в октябре мечта сбылась рабочих и крестьян», — апяваў знамянальную дату Сяргей Міхалкоў, сын якога цяпер крытыкуе за антыімперскія погляды «жыда» Макарэвіча і валодае раскошным маёнткам са слугамі, паляўнічымі ўгоддзямі, лясамі, стайняй і лазняй на пантонах (прама на возеры), пра што не без зайздрасці распавядаюць узрушаныя госці пана.

 
 
Аматары канікул — расіяне лістападаўскія святы ўжо адгулялі, пачаўшы Днём судовага прыстава РФ, 1 лістапада, а скончыўшы Днём народнага адзінства, 4 лістапада. Апошні запоўніў вакуум ад спачылага 7 лістапада  Дзярждума зацвердзіла адпаведны закон у 2004 годзе. Што ж хаваецца за «народным адзінствам»? Міжрэлігійны савет Расіі, памеркаваўшы, прыляпіў туды падзеі 1612 года.
 
 
Беларусы ж па інэрцыі святкуюць поспех бальшавікоў і ў XXI стагоддзі.
 
 
Пра тое, чаму для Беларусі 7 лістапада да гэтага часу свята, і навошта ўлады краіны чапляюцца за Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года, карэспандэнт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з дысідэнтам Сяргеем Ханженковым, які дзесяць гадоў правёў у мардоўскіх лагерах і ніколі не адзначаў гэтае свята.
 
 
«Успамінаецца лёс Сяргея Ханженкова, які адседзеў да 1973 году 7 гадоў за спробу  ці нават намер  падарваць глушылку ў Мінску. Але ж, зыходзячы з агульначалавечых клопатаў, нельга зразумець гэтага злачынца інакш як змагара за ўсеагульны мір»,  —  казаў пра гэтага чалавека Аляксандр Салжаніцын у інтэрв'ю Associated Press. Ён памыліўся толькі ў тэрмінах  Ханжанкоў адседзеў роўна дзесяць гадоў.
 
 
 Сяргей Мікалаевіч, чаму, на вашу думку, у Беларусі да гэтага часу афіцыйна святкуецца 7 лістапада? Навошта ўлады Беларусі чапляюцца за савецкія традыцыі і Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 году?
 
 
 Гаворка ідзе не толькі пра гэта святкаванні. Мы ж засталіся самай савецкай рэспублікай з усяго Савецкага Саюза. Справа ў тым, што ў Беларусі вельмі складаная гісторыя  тут было шмат войнаў, праз яе пастаянна хтосьці кудысьці ішоў, і беларусы прывыклі да таго, што называецца «абыякавасць». Галоўнае, выжыць, галоўнае, перачакаць! Пройдзе  і добра!
 
 
Уласна кажучы, беларусы ж не ўдзельнічалі ў контррэвалюцыі сапраўднай. Ну, не лічачы Булак-Балаховіча. А падчас вайны былі партызаны, але і вельмі шмат у паліцыі было людзей. Гэта значыць, няма такога ўстойлівага трэнду да незалежнасці, да пабудовы свайго дэмакратычнага грамадства. Мне так здаецца.
 
 
Адсюль і пост-савецкі сіндром, і пры савецкай уладзе было «добра жыць у калгасе». Няма патрэбы самім нешта рабіць. Што зверху ладзяць, то і добра. Адсюль і такая пазіцыя ў дачыненні да Лукашэнкі  «усё добра, абы вайны не было».
 
 
 Справа нават не ў навязванні ўладамі гэтага свята, а ў самім беларускім грамадстве?
 
 
 Так.
 
 
 Чаму айчынныя ідэолагі не турбуюць сябе вынаходствам новай даты па прыкладзе Расіі? Там «чырвоны дзень календара» перайменавалі ў Дзень народнага адзінства, а саму дату адсунулі на 4 лістапада?
 
 
 Калі параўноўваць з Расіяй, то там  Пуцін і неаімперыялізм, ідэя «рускага свету», у якую ўсё ўпісваецца. Вы ж бачылі, як яны святкавалі зараз выбары ў самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе Украіны? Ужо і «Наваросію» туды прыплюсавалі, і Крым  —  маўляў, вось, «Расія ўстае з каленяў».
 
 
У Беларусі няма патрэбы адмены святкавання 7 лістапада. Яе кіраўніцтва займаецца самазабеспячэннем, як і Януковіч ва Украіне гэта рабіў. Пануе, і добра. Не зусім савецкі  ужо праваслаўны атэіст ён (Лукашэнка  ЕўраБеларусь) у нас, хоць рэлігія яго не цікавіць зусім, ён не таго ўзроўню чалавек. А усе  як ён, бо ў нас аўтарытарызм, усё дыктуецца з самага верху, адзін чалавек усё вырашае.
 
 
 А якое ваша меркаванне з нагоды наватвораў на целе Украіны  ЛНР і ДНР, калі ужо зайшла гаворка пра гэта?
 
 
 Гэта спроба Расіі адрадзіць Савецкі Саюз. Але ў СССР была камуністычная ідэалогія. Яна была ілжывая, але яна была! Таму Савецкі Саюз рабіў значныя поспехі ў сваім развіцці, як-ніяк на другое месца ў свеце выйшаў, усім пагражаў. А цяпер гэта проста не атрымаецца. Гэта пуцінскае трызненне.
 
 
Пуцін наогул абвясціў «Наваросію»  ад Харкава да Адэсы. І што гэта ўсё павінна адысці яму. Не атрымалася. Дык ён хоць за гэты кавалачак зачапіўся, каб ва Украіне была пастаянная напружанасць. Пакуль яго мэта такая, па-мойму. Але рэалізаваць план не атрымалася і не атрымаецца. І вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сусветная супольнасць.
 
 
Ён думаў, што яму ўсё сыдзе з рук, а нічога не сыходзіць! Санкцыі і іншыя меры яшчэ адаб'юцца, будзе вельмі дрэнна.
 
 
 Вернемся ў Савецкі Саюз. Як праводзілі свята 7 лістапада ў мардоўскіх лагерах? Якія паказальныя канцэрты турэмнай самадзейнасці ладзіла начальства?
 
 
 Ведаеце, наш лагер быў спецыяльны, палітычны. Ён выразна дзяліўся на дзве часткі. Людзей, якія сталі на так званы шлях выпраўлення  для іх стваралі ўсякія актывы, рады калектыву,  было меншасць. А большасць імі за гэта пагарджала. 
 
 
Дык вось сярод гэтых людзей, што былі ў меншасці, праводзіліся канцэрты лагернай самадзейнасці, але асноўная частка проста ігнаравала гэтыя мерапрыемствы. У адкрытую, не хаваючы гэтага  ужо былі хрушчоўскія часы.
 
 
Таму і асноўная частка лагера ніяк не святкавала 7 лістапада. Лаяліся ўсе толькі з гэтай нагоды. А адзначала яго ўся лагерная адміністрацыя, лагерны актыў  тыя, хто насіў павязкі.
 
 
Мы ж зусім не адзначалі савецкія святы  ні гэтае, ні 1 траўня, ні іншыя. Адзначалі свае святы, нацыянальныя. Там жа былі прадстаўлены ўсе народы Савецкага Саюза. Мардоўскія лагеры  гэта цэлы комплекс, два дзесяткі лагераў, але адно кіраванне.
 
 
Дык вось украінцы адзначалі свае святы, літоўцы  свае, беларусы  свае.
 
 
Былі святы не толькі нацыянальныя, але і ідэалагічныя. Я, напрыклад, заўсёды адзначаў Дзень незалежнасці ЗША. Клікаў сяброў, заварвалі гарбату, ставілі амерыканскі сцяжок. Вось такое было свята...
 
 

Даведка:

 
 
Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў нарадзіўся ў лагерным пасёлку Усць-Качыны Магаданскай вобласці ў 1942 годзе. Яго дзед і бацька былі рэпрэсаваныя.
 
 
Дзед, сельскі настаўнік і эсэр Сяргей Нікіціч Громаў, у 1929-м быў сасланы ў ГУЛАГ на Салаўкі, адкуль вярнуўся, але ў 1937-м яго зноў забралі. Бацька, Мікалай Іванавіч Ханжанкоў, быў арыштаваны на трэцім курсе Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту ў 1935-м, трапіўшы ў «Кіраўскі паток», і адпраўлены на Калыму.
 
 
У 1955 году сям'я Ханжанковых пераехала ў Мінск. Пасля школы Сяргей паступіў на гідратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.
 
 
Арыштаваны вясной 1963 г. ў Мінску. Асуджаны на 10 гадоў лагераў па артыкулах 69, 65 і 67, ч.1 КК БССР за антысавецкую дзейнасць, стварэнне антысавецкай арганізацыі і дыверсію  падрыхтоўку выбуху глушылкі адной з радыёстанцый. Пакаранне адбываў у Дуброўным  канцлагеры МУС Мардоўскай АССР.
 
 
У 1973 годзе ён вярнуўся ў Мінск. Працаваў інжынерам у Белгіпрадар і на заводзе імя Кірава. У 1990-х  супрацоўнік таварыства «Мемарыял».

eurobelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: