Сярод постсавецкіх краін Беларусь займае перадапошняе месца ў рэйтынгу адкрытасці архіваў

Сёлета адзінаццатая гадавіна, калі дэмакратычная грамадскасць у Беларусі адзначае Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Ведамасныя архівы, якія маглі б праліць святло на гэтую старонку нашай гісторыі, усё яшчэ закрыты.


«Дзяржава ставіць апошнюю кропку ў Курапатах»


У Беларусі да сёй пары няма афіцыйнага дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Запачаткаваць яго паспрабавалі грамадскія актывісты, якія абвясцілі 2007 год Годам памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і звярнуліся ў дзяржінстанцыі з просьбай устанавіць у Беларусі памятны дзень 29 кастрычніка (па аналогіі з Расіяй, дзе яго адзначаюць 30 кастрычніка). Але атрымалі адказ за подпісам старшыні КДБ Сухарэнкі (адметна, што ў дадзенае ведамства актывісты не звярталіся — гэта было б дзіўна), дзе было сказана, што ў Беларусі ўжо ёсць два дні памінання продкаў — Радаўніца і Дзяды, таму ўстанаўліваць яшчэ адзін дзень памяці немэтазгодна.

Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 — 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў зазначае, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай турме КДБ (так званай «амерыканцы») адбыўся не самы вялікі расстрэл. Нагадаем, у тую ночы былі забітыя 104 чалавекі, у тым ліку — прадстаўнікі інтэлігенцыі. Аднак, як нядаўна стала вядома, у той жа Оршы ў асобныя дні расстрэльвалі і па 150 чалавек.
Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў нагадаў, што ў Беларусі агулам рэпрэсавана ад 600 000 (афіцыйная лічба) да 1 600 000 чалавек. У краіне ўстаноўлена больш за 110 месцаў расстрэлаў, фігуруе 38 населеных пунктаў. У Мінску вядомы прынамсі 12 месцаў пахаванняў, дзе колькасць расстраляных складае ад 1000 да дзясяткаў тысяч чалавек. Да іх цягам апошніх двух гадоў дадаліся новыя месцы — раён Баравой, вуліцы Батанічнай, Малінаўка, станцыя Таварная.
Карта месцаў расстрэлаў у Беларусі

Карта месцаў расстрэлаў у Беларусі

«У апошнія гады мы сталі забываць, што парэшткі многіх рэпрэсаваных раскіданы па ўсёй тэрыторыі былога СССР. Але сёння я заклікаю памятаць пра ўсіх: тых, хто загінуў тут, за мяжой, а таксама нашых калег, якія апошнія 20 гадоў займаліся дзейнасцю па даследаванні рэпрэсій — гэта Леанід Маракоў, Анатоль Валахановіч, Васіль Якавенка, Сяргей Ханжанкоў», — зазначыў гісторык.

Ён закрануў і тэму дзяржаўнага мемарыялу ў Курапатах. На думку Ігара Кузняцова, «прынята рашэнне аб тым, што дзяржава ў Курапатах ставіць апошнюю кропку, больш ніякіх мемарыяльных знакаў не будзе».

Падставай так лічыць стала гісторыя 92-гадовага Уладзіміра Іванавіча Мазаніка, які вёў перапіску з уладамі адносна ўсталявання памятнага знаку ахвярам рэпрэсій у Мінску. Ён яшчэ ў 2014 годзе атрымаў адказ, што знак усталяваны ва… урочышчы Курапаты. І гэта ў той час, калі ні пра які знак не было і згадкі. Таму, лічыць Кузняцоў, дзяржава больш не збіраецца нічога рабіць дзеля ўшанавання памяці рэпрэсаваных.

«Калі паставіць мэту, дакументы можна знайсці»


Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд сёлета выдаў кнігу «Месца расстрэлу: Орша». У горадзе і ваколіцах вядома некалькі месцаў расстрэлаў, самае знакамітае з іх — Кабыляцкая гара. Але невядома, дзе менавіта былі расстраляныя канкрэтныя людзі, у іх анкетах Орша пазначаная ў графах месца расстрэлу ці месца пахавання.
Зміцер Дрозд

Зміцер Дрозд

Па словах гісторыка, існуе закрытая база на 180 000 рэабілітаваных. І калі ў 1980 — 1990-х гадах спісы рэабілітаваных публікаваліся, то цяпер гэта — таямніца.

«Да мяне ў рамках Школы пошука інфармацыі аб рэпрэсаваных звярнуўся чалавек, які хацеў дазнацца пра лёс аднаго рэпрэсаванага. І мы больш за год патрацілі толькі на тое, каб даведацца, што гэты чалавек быў рэабілітаваны», — распавёў гісторык.

Ён прывёў рэйтынг постсавецкіх краін, паводле якога Беларусь займае перадапошняе месца (апошняе — Кыргызстан) па адкрытасці архіваў. Нас апярэджваюць Узбекістан, Арменія, Азербайджан, Расія, Малдова, Казахстан, Грузія і Украіна.
У той жа час пры жаданні нават ва ўмовах закрытых архіваў можна знайсці інфармацыю аб рэпрэсаваных продках.

«Калі паставіць мэту шукаць, то можна знайсці асобныя дакументы па рэпрэсіях нават у Нацыянальным архіве Беларусі, і ў лакальных архівах. Таму я заклікаю ісці ў архівы, там бываюць неверагодныя гісторыі», — заключыў Зміцер Дрозд.

«У людзей агромны попыт на інфармацыю аб продках»


Тэму складанасці доступу да архіўных спраў закрануў і нашчадак рэпрэсаваных у Оршы Ігар Станкевіч.
Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч

«Справу ва ўпраўленні КДБ па Віцебскай вобласці мне зачытвалі на слых, трэба было выключыць усю гуказапісваючую апаратуру. Потым мне далі раздрукоўку на дзвюх рэпрэсаваных персон», – распавёў ён.

 Усяго ў спісе рэпрэсаваных сваякоў Ігара Станкевіча каля 20 чалавек, 8 з іх расстраляныя ў Оршы.

«У людзей ёсць агромны попыт на тое, каб даведацца, дзе ляжаць іх продкі, але не ўсе могуць атрымаць гэтыя звесткі. Мы стараемся падтрымліваць іх, накіроўваць, падказваць, куды звяртацца», – зазначыў Ігар Станкевіч.

З мінулага года грамадства стала праяўляць актыўную цікаўнасць да тэмы сталінскіх рэпрэсій ў Беларусі, пры тым, што дзяржаўныя СМІ не давалі на гэты конт ніякай інфармацыі. Інтарэс працягваецца і сёлета: так, сёння ўдзень Рух Салідарнасці «Разам» ладзіў аб’езд месцаў расстрэлаў у Мінску, на Заходніх могілках адбылося адкрыццё помніка Леаніду Маракову, а 19-ай гадзіне ля прыступак КДБ адбудзецца акцыя Мікалая Статкевіча «Ланцуг памяці», у Курапатах у 17 гадзін пачалі зачытваць імёны рэпрэсаваных, а з 20.00 пачнецца Ноч расстраляных паэтаў. 

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!