Сяржук Вітушка — узор беларускага інтэлігента

Як бы я расказаў пра Талаку цяперашняй моладзі? Талака — гэта паспяховы адказ беларускай моладзі другой паловы 80-х гадоў на план савецкай імперыі рашчыніць беларускі народ у катле пад назвай «новая гістарычная супольнасць — савецкі народ». Па-сучаснаму кажучы, незваротна ператварыць усю нацыю ў расійскамоўных і савецкадумных «ватнікаў».



Тады была таталітарная камуністычная дыктатура, КДБ жорстка пераследаваў усякі «нацыяналізм», акрамя дазволенага расійскага. Усялякая дзейнасць не з ведама камуністычнай партыі разглядалася як патэнцыйна небяспечная. Каб нешта рабіць публічна і мець вынік, даводзілася часам маскаваць сапраўдныя матывы, творачы цуды канспірацыі, пры гэтым мець цвёрды хрыбет і не прыстасоўвацца. Але людзей, здольных самастойна думаць, натхняла кожная публічна выказаная незалежная ідэя і публічна здзейсненая справа — будзь гэта адноўленыя на мінскай вуліцы Каляды або талака дзеля ўратавання паўразбуранага касцёла, дзе адпявалі паўстанцаў Каліноўскага. Гэта рабіла адукаваная гарадская моладзь, ствараючы (дакладней, аднаўляючы) сваім прыкладам беларускую сістэму каштоўнасцяў.

Да скону камуністычнай імперыі і аднаўлення незалежнасці Беларусі заставаліся лічаныя гады, але гэта ў 1985 годзе, калі пачалася Талака, яшчэ мала хто мог прагназаваць (і тым больш каштоўныя намаганні тых, што гэты момант набліжалі як маглі). Верхавіна камуністычнай партыі, адчуваючы, што савецкая мадэль эканомікі правальваецца, менавіта ў 1985 годзе абвясціла дзеля ратавання Савецкага саюзу «перастройку і гласнасць», нізавыя структуры КПСС былі здэзарыентаваныя, і стала крыху вальней.

Але моладзевы рух пачынаўся не дзякуючы гарбачоўскай «перастройцы», а задоўга да яе. У дзейнасці Майстроўні (1980 — 1984) і выспела ідэя Талакі. Поруч са зберажэннем і адраджэннем духоўнае культуры мы прыходзілі да высновы, што трэба ратаваць і матэрыяльныя сведчанні беларускай культурна-цывілізацыйнай адметнасці. Майстроўня ладзіла талокі на замку ў Міры, у Плябані на магіле паўстанцаў 1863 году і разбураным касцёле, у Мінску на раскопках і г.д. Пасьля пажару ў Мірскім замку разгарнулі кампанію ў яго абарону. І жыццяпіс Майстроўні закончыўся клічнікам. Першы публічны пратэст быў менавіта супраць зносу найкаштоўнейшага помніка нашай культуры — дому першай беларускай оперы ў Мінску.

Мы ўважліва сачылі за прэцэдэнтамі ў іншых так званых «савецкіх рэспубліках», каб дамагацца, каб улады не перашкаджалі падобнай дзейнасці ў нас. 27 снежня 1983 года «Чырвоная змена» выдрукавала зварот майстроўцаў — студэнтаў тагачаснага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Мастацкая акадэмія), дзе яны заклікалі на ўзор эстонскага руху Kodulinn («Родны горад») разгарнуць у Мінску рух моладзі на аднаўленне архітэктурных помнікаў. Да лета 1984 года чытачы слалі ў газэту лісты падтрымкі ідэі. Здаецца, сярод аўтараў допісаў быў і Сяржук Вітушка, які тады працаваў на «Інтэграле».

Пасля пратэсту на пляцы Волі 13 чэрвеня 1984 года справа на нейкі час замерла, бо ўлады былі ў шоку і не давалі ніякім ініцыятывам (у тым ліку Клубу імя Караткевіча, які адразу ж прыкрыла партыйнае начальства Савецкага раёна Мінска) ходу. Але да 1985 году мы акрыялі, набраліся новага імпэту.

І вось тут з'явіўся Сяржук Вітушка.

У лютым 1985 года з ініцыятывы падпольнай «Групы Незалежнасць» прайшла закрытая нарада нацыянальна сведамых моладзевых лідэраў у Смольні (філія музею Коласа ў Стаўпецкім раёне, дзе тады працаваў Сяржук Сокалаў-Воюш). Удзельнічалі: сам Сяржук Сокалаў-Воюш, які адначасова прадстаўляў Наваполацак; Алесь Бяляцкі, Алесь Сімакоў, Анатоль Сыс, Сяргей Сыс (Гомель); браты Анатоль і Васіль Дэбішы (Берасце); з Мінску былі браты Віктар і Яўген Івашкевічы, Алесь Суша, аўтар, Генадзь Сагановіч і запрошаны ім Сяржук Вітушка — маладзейшы на некалькі гадоў за бальшыню ўдзельнікаў (у тым узросце розніца нават у пару гадоў мае значэнне, і так і замацавалася ў свядомасці, што Сяржук малады).

Вырашылі змяніць тактыку: не канцэнтраваць усе намаганні ў адной арганізацыі, а пачаць стварэнне ўсюды, дзе атрымаецца, беларускіх моладзевых клубаў і суполак, якія б дзейнічалі адкрыта, але мелі ў якасці лідэраў надзейных людзей: гуртоў спеўных, творчых, турыстычных, пазнаўчых, экалагічных, рэстаўрацыйных. Каб у выніку мець сетку для пашырэння ідэяў.

Так паўстала Талака, якая зрабілася каардынацыйным цэнтрам твораных суполак, дала пачатак агульнабеларускаму нацыянальнаму моладзеваму руху (Канфедэрацыя Беларускіх Суполак), што паслужыў арганізацыйным апірышчам для Беларускага Народнага Фронту.

Талака была ўжо пляцоўкаю для крыху маладзейшага пакалення, чым майстроўскае. (Хаця ў 1988 годзе, калі ў залю паседжанняў (дзе цяпер Тэатар эстрады) неяк набіваліся сотні чалавек і яшчэ на вуліцы стаялі, то сярод іх былі людзі ўсіх узростаў.) Вось жа Сяржук Вітушка з ягонымі шчырасцю, энэргіяй і неверагоднай адказнасцю стаў лідэрам для пакалення талакоўцаў. Ягоны рамантычны запал перадаваўся новым і новым людзям — хлопцам і дзяўчатам, студэнтам і не толькі. Таму Сяржук быў самым адпаведным лідэрам: скажам, правесьці мітынг у абарону Высокага Места ад разбуральнага ўздзеяння 2-й лініі метро ў 1987 годзе і натхніць людзей яму ўдалося так, што ўлады адчулі няўпэўненасць, але мала што маглі выставіць вядоўцу ў віну.

Што да адказнасці, то яна ішла ад усведамлення місіі (а яшчэ, магчыма, ад жыццёвага выкліку, які паставіла перад ім цяжкая хвароба — паспець зрабіць што магчыма). Сержука нельга было ўявіць у кантэксце нейкай «халявы», паказухі, пустога самапіяру. Ён не ўмеў, дый не хацеў, загадваць — толькі ўласным прыкладам.

Сержукова беларускасць, натуральная і пераканаўчая, грунтавалася і на ўласным радзінным досведзе (заўсёды ўспамінаў, як казалі ці рабілі ў бабулі ў Рагаве), і на глыбокіх ведах, якія здабываў і з кніг, і з выездаў у Вільню да Лявона Луцкевіча, і з вандровак па Беларусі. Набытыя веды адразу ж ператвараў у асветніцкія ідэі.

Натуральна, у Талацэ было другое дно — палітычнае. Ад самага пачатку былі непублічныя размовы, хадзіла самвыдавецкая прадукцыя («Бурачок», «Вітажэнец», фота- і машынапісныя перадрукі міжваенных віленскіх і эміграцыйных выданняў). Ці палітыкам быў Сяржук? Калі пад гэтым разумець здольнасьць гуртаваць вакол сябе людзей, канцэнтраваць супольную энэргію і гэтым уплываць на ўсё грамадства і на ўладу — так, несумненна. Умеў гаварыць з уладнымі структурамі так, каб яны чулі знаёмую тэрміналагічную парадыгму.

Але ўсё ж чыста палітычныя методыкі яму былі ў цяжар, ён верыў у абсалютную моц культурных каштоўнасцяў. Верыў у моц і слушнасць беларускай ідэі нагэтулькі, што лічыў: дастаткова яе шчыра выкласці нават апаненту, каб той пагадзіўся і змяніўся. Дарэчы, гэтая шчырасць сапраўды раззбройвала штатных камуністычных прапагандыстаў і спецслужбаўскіх правакатараў.

А перакананні ён меў і дакладна іх выказваў.

«Мы ...цвёрда перакананыя, што ніякае культурнае і нацыянальнае адраджэнне (а гэта асноўная мэта нашага руху) немагчымае без сапраўднай дэмакратызацыі і эканамічнага росквіту». Гэта лістапад 1988 года, круглы стол у БДУ, спрэчка з камуністычнымі ідэолагамі. Тамсама Сяржук трапна азначае талакоўскі modus vivendi:

«Большасць з талакоўцаў — максімалісты, якія балюча ідуць на кампрамісы, хоць часам і разумеюць, што трэба пачакаць». І там жа найважнейшае для яго: «Слухаў я аднойчы ўступныя прамовы на Дні ведаў [у БДУ]. Ніхто з выступоўцаў не падкрэсліў, што ўніверсітэт рыхтуе не проста фізікаў-матэматыкаў, а беларускіх інтэлігентаў». Вось жа Сяржук Вітушка — узор беларускага інтэлігента, гэта значыць адказнага за свой народ, высокаадукаванага і ахвярнага чалавека. Узор на вякі.

Вінцук Вячорка для "Радыё Свабода"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Марат Гаравы
  • 2015-04-14 12:44:49
Удзячны Вінцуку за памяць пра Сяржука -- сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны.